Якраз быў Ян, таму мясцовы бацюшка асвяціў крыніцу, і людзі вёдрамі бралі ваду. Два вядры вады панесла дамоў і Кацярына Фамінічна. Дай Бог каб на дабро…
Пасля крыніцы мы паехалі ў цэркаўку, а потым — у Малую Кракотку да старэйшага жыхара вёскі Юльяна Іванавіча Грасевіча, якому нядаўна споўнілася 97 гадоў. Трэба было бачыць, з якой радасцю сустрэў журналістаў гэты цікавы і таленавіты чалавек. Ён вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, яго настаўнікамі былі Ігнат Дварчанін і Радаслаў Астроўскі, ён сябраваў з Валянцінам Таўлаем, Анатолем Іверсам, Антонам Валынчыкам, Максімам Бурсевічам. Цэлая эпоха звязана з гэтым цудоўным чалавекам. Юльян Іванавіч — добры мастак-самародак, музыкант, спявак. Ён іграў нам на гітары, спяваў на беларускай, польскай, нямецкай і ўкраінскай мовах. За беларускасць у 1932-1936 гадах сядзеў у польскіх турмах. А яшчэ, як прызнаўся спадар Грасевіч, ён не выкурыў у жыцці ніводнай папяросы, а таксама ніколі не ўжываў спіртных напояў, але шмат грошай траціў на фарбы, бо вельмі любіў маляваць.
На развітанне Юльян Грасевіч падараваў нам некалькі сваіх карцін.
З Кракоткі наша вандроўка працягвалася ў Азярніцу, а з Азярніцы — на Бяздоннае возера. Вакол яго загаралі хлопцы і дзяўчаты, шмат мужчын вудзілі рыбу. Зрабілі некалькі фотаздымкаў, і наша “хонда” перасекла мяжу Слонімшчыны і трапіла ў вёску Кашалі Зэльвенскага раёна. За Кашалямі пачынаецца вёска Івашкавічы. Здалёк, на старажытным каменным могільніку XVII стагоддзя, узвышаюцца разваліны храма, якія напамінаюць Наваградскі замак. На адной з разбураных сцен буслы зрабілі гняздо. А Сяргей Плыткевіч дадаў: “У кнізе “Мая Беларусь” ужо ёсць падобны здымак, які быў зроблены ў адной з вёсак Мінскай вобласці. Там таксама сям’я буслоў пабудавала гняздо над сімвалам хрысціянскай веры — храмавым крыжам. Як вядома, белыя буслы — сімвал нашай краіны. На мой погляд, іх суседства — знак таго, што з Боскай дапамогай у Беларусі будзе светлая будучыня.”
З фотажурналістам можна пагадзіцца. Толькі калі наступіць гэтая светлая будучыня? Праз два месяцы, праз пяць гадоў, ці праз цэлае стагоддзе? Розніца ёсць. Гэтай светлай будучыні чакаюць і жыхары Івашкавіч. Некаторыя з іх жывуць яшчэ ў бараках, якія засталіся ў спадчыну ад паноў Астрамецкіх. А сама вёска Івашкавічы вядома яшчэ з пачатку XVII стагоддзя як маёнтак наваградскага кашталяна Аляксандра Палубенскага. Пазней ёй валодалі Сапегі, потым браты Шэметы, Глушынскія, Стравінскія, Жалкоўскія і іншыя.
Праз некалькі хвілін пасля Івашкавіч, мы ехалі па беразе Зэльвенскага вадасховішча, якое было створана ў 1983 годзе. Агульная яго плошча складае 12 квадратных кіламетраў, найбольшая глыбіня — 7,5 метраў. Тут і праводзіць свой вольны час большасць жыхароў Зэльвы і суседніх з ёй вёсак. Да адной з іх, бадай ці не самай вялікай і багатай на гісторыю, Дзярэчын, рукой падаць — нейкіх 12 кіламетраў. Спыніліся мы ў цэнтры вёскі, каля былой аўтастанцыі. У савецкія часы праз Дзярэчын у суткі праходзілі 54 аўтобусы, якія курсіравалі ў Гродна, Мінск, Зэльву, Слонім і ў іншыя гарады. Цяпер дзярэчынцы толькі пра гэта ўспамінаюць. Ды і будынкі аўтастанцыі і былой аптэкі апусцелі. У іх мясцовыя бамжы, п’яніцы і беспрацоўныя зрабілі прытон. Ці не адсюль пачынаюцца ў Дзярэчыне зладзействы і злачынствы?
Былы малы Версаль, так некалі называлі Дзярэчын, прываблівае вока Спаса-Прэабражэнскай царквой (XIX ст.) і касцёлам Ушэсця (XX ст.), куды на праваслаўныя і каталіцкія святы збіраецца шмат народу. На дзярэчынскіх могілках знаходзяцца магілы партызана П.Булака, генерала 1812 года Е. Гампера, а ў цэнтры вёскі — помнік маршалу І. Чарняхоўскаму.
Пра Дзярэчын і яго людзей можна напісаць шмат. Сёе-тое ўжо зроблена. Найперш парупіўся пра гэта беларускі паэт і журналіст Міхась Скобла, які некалькі гадоў назад выдаў гістарычны нарыс “Дзярэчынскі дыярыюш”. Міхась Скобла закончыў Дзярэчынскую сярэднюю школу, а яго любімым настаўнікам быў Пятро Мікалаевіч Марціноўскі. Гэта паважаны чалавек, дзякаваць Богу, жыве ў Дзярэчыне і зараз, і мы вырашылі заехаць і да яго.
Сардэчна вітаючы гасцей, Пятро Мікалаевіч у цяньку пад парэчкамі накрыў багаты стол з самадзейным віном “Марціні” (ад слова Марціноўскі), за якім доўга ішла гаворка пра наша жыццё-быццё.
Развітваючыся з Пятром Мікалаевічам, Сяргей Плыткевіч падараваў яму свой фотаальбом, а гаспадар запрасіў нас усіх восенню да сябе па вінаград.
Дарэчы, у лютым 2006 годзе Пятра Марціноўскага не стала. Ён пахаваны ў Дзярэчыне.
Читать дальше