Пасля Кастровіч наш шлях ляжаў на Сянькоўшчыну, Ягнешчычы, Казловічы, Елку, Сынковічы. Што-што, а храм XV-XVI стагоддзяў у Сынковічах мы абмінуць ніяк не змаглі. Святое месца на Беларусі. Сама вёска Сынковічы ў гістарычных крыніцах ўпамінаецца з канца XV— пачатку XVI стагоддзяў, калі была пабудавана царква-крэпасць. Яна, на думку некаторых даследчыкаў даўніны, збудавана ў пачатку XV стагоддзя. Але паданне кажа, што заклаў яе сам вялікі князь Вітаўт. І здарылася гэта вось з якой нагоды…
У 1377 годзе памёр вялікі князь Альгерд, які, па словах летапісцаў, “не столькі сілаю, колькі ўмельствам ваяваў”. І пакінуў ён пасля сябе наступнікам любімага сына Ягайлу, які неўзабаве стаў каралём Польшчы. Пайшоў Ягайла вайною супраць свайго роднага дзядзькі вялікага князя Кейстута і сына яго князя Вітаўта. Аднак не змог іх адолець. Тады замысліў ён жорсткую хітрасць. Запрасіў да сябе дзядзьку і брата і пакляўся, што не зробіць ім зла. А як толькі яны, паверыўшы ў клятву, прыехалі ў Вільню, паланіў абодвух. Вітаўта спачатку каля сябе пакінуў, а вялікага князя Кейстута загадаў у ланцугі закаваць і кінуць у вежу Крэўскага замка. Яшчэ праз некалькі дзён служкі Ягайлавы забілі слаўнага Кейстута. Потым у Крэўскі замак прывезлі і Вітаўта з жонкаю…
Сядзеў вялікі князь у Крэве пад моцнаю вартаю. Што вечар дзве кабеты прыходзілі сцяліць ложак яму і княгіні. А пасцяліўшы, выходзілі. За дзвярыма пакоя неадступна стаяла варта. Пачула вялікая княгіня Вітаўтава ад людзей, што калі Вітаўт не ўцячэ з вязніцы, дык тое самае з ім учыняць, што і з бацькам ягоным Кейстутам. І навучыла яна мужа свайго князя Вітаўта пераапрануцца ў адзенне адной з кабет, што прыходзіла ім слугаваць, а з другою — выйсці непрыкметна з пакоя. Паслухаў жонку Вітаўт, надзеў на сябе жаночае ўбранне, незаўважна спусціўся з замка і ўцёк да немцаў у Прусію. Але ў Прусію князь адразу не трапіў. Заблытваючы сляды ад Ягайлавых служак, ён пусціўся наўцёкі зусім у адваротны бок — да старажытнай Літвы, што знаходзілася тады за Наваградкам. І непадалёку ад Слоніма, у ціхай лясной вёсачцы Сынковічы, князь Вітаўт знайшоў сабе надзейную сховань пад сялянскай страхой. Потым, перачакаўшы варожую пагоню, сабраў надзейнае войска, пачаў перамагаць клятва адступніка Ягайлу і ўрэшце стаў адзіным уладаром Вялікага княства Літоўскага (гэта значыць Беларусі).
Праз дваццаць пяць гадоў пасля ўратавання ад немінучай пагібелі вялікі князь Вітаўт загадаў пабудаваць у Сынковічах храм: у знак удзячнасці Богу і тутэйшым людзям, якія захавалі яму жыццё. Невядомыя таленавітыя дойліды выканалі Вітаўтаву волю і паднялі да нябёс Сынковіцкую царкву-крэпасць.
У 1907 годзе польскі гісторык Юзэф Ядкоўскі зацікавіўся гісторыяй Сынковіцкага храма. Ён прыехаў у Сынковічы і ў архіве царквы выявіў “Генеральную візіту” 1720 года, метрычны запіс з 1762 года і апісанне царквы, складзенае кобрынскім ігуменам Андрэем Бенецкім у 1746 годзе. Традыцыйна лічылася, што Сынковіцкая Міхайлоўская царква была пабудавана ў 1407 годзе. Але паўстае пытанне: кім? І ніхто да сённяшніх дзён не можа на яго адказаць, бо няма сапраўдных дакументаў. Як адзначае польскі гісторык, у актах Літоўскай метрыкі маецца вельмі цікавая грама 1576 года, што датычыць Сынковічаў, а менавіта “Привилей пану Ивану Есману на торг в ден недельный в именью его Сынковичах”. Ім кароль Стэфан Баторый дазваляў у паселішчы ярмаркі ў нядзелю і корчмы, пазбаўленыя збораў на карысць казны. Адсюль узнікае выснова: наладжваць кірмашы ў вёсцы, дзе няма царквы, было б недарэчна, таму факт існавання Сынковіцкай царквы ў 1576 годзе неабвержаны. А грамата была дадзена Есьману, верагодна, праз некалькі гадоў пасля заканчэння працяглага будаўніцтва храма. Гэта значыць царква ў Сынковічах узводзілася вельмі доўга і завяршыліся работы пры памешчыку Івану Есьману прыблізна ў 70-я гады ХVI стагоддзя.
Дарэчы, спасылаючыся на крыніцы , польскі гісторык Юзэф Ядкоўскі прыводзіць наступнае паведамленне: “Айцец Е.Міхайлоўскі на адным з малых званоў Сынковіцкае царквы знайшоў надпіс: “Anno Domini 1460”. А між іншым, ніколі званы не заказваліся задоўга да будаўніцтва храма, калі, можа, нават ідэі такой не існавала. Напрошваецца думка: храм у Сынковічах у час адліўкі звана ўжо мусіў існаваць і, можа, не адзін дзесятак гадоў. Таму, магчыма, ён сапраўды пачынаўся будавацца пры Вітаўту. А сама вёска Сынковічы яшчэ старэйшая за крэпасць-царкву.
У 1566 годзе вёска Сынковічы належала багатаму чалавеку Зэльвеншчыны Івану Есьману. А ўжо ў канцы XVIII cтагоддзя і да 1939 года гэта была ўласнаць Пуслоўскіх. Праўда, леснічоўка каля Сынковіч належала Чапскім (Сынковічы былі падзелены на фальваркі). Доўгі час два фальваркі Сынковіч трымалі Франц Пуслоўскі і Казімір Есьман. І толькі ў 1920-х гадах леснічоўку прыдбаў граф Чапскі.
Читать дальше