Што значыць любіць і паважаць людзей, якія з'яўляюцца маякамі нашага Адраджэння? Пытанне не рытарычнае, а надзвычай філасофскае і складанае. Я заўсёды з нейкай доляй іроніі стаўлюся да людзей, якія ў сваіх успамінах з нейкай празмернай пахвальбой і нават перавагай над іншымі, расказваюць, як яны наведвалі ў свой час тых вялікіх людзей, якія ў свой час былі гнаныя ўладамі, былі ізгоямі "савецкага грамадства", але якія пасля сталі героямі нашага Адраджэння. Чэсць і хвала гэтым наведвальнікам. Вы здзяйснялі ўчынак, за які ў той час улады не гладзілі па галоўцы, а больш таўклі па ёй кулаком. А ці зрабілі гэтыя наведвальнікі крок далей? А гэта былі людзі, у асноўным, творцы _ паэты, літаратары, мастакі, фатографы, музыканты. Шараговыя людзі ў той час
апальных уладай людзей яшчэ не наведвалі, бо не ведалі іх велічы. А многія творчыя наведвальнікі добра ведалі веліч людзей, якіх віталі. Дык чаму ж вы не пранікліся вялікім спачуваннем да гэтых ганімых "ізгояў"? Чаму вы не прысвяцілі свае вершы таму ці іншаму "ізгою", не напісалі іх партрэты, не прысвяцілі свае музычныя творы? У рэшце рэшт не зрабілі іх добрага партрэта. У доказ свайго наведвання, дэманструю фотаздымкі, дзе вы стаіце побач з тым, каго вы наведалі. І ўсе яны зроблены даволі паспешліва, непрадумана, нават неахайна, на нізкім фотамастацкім узроўні, вартым местачкова-аматарскага прафесіяналізму. Тут ты не ўбачыш ні пастаноўкі, ні прадуманасці фона, ні ўліку перспектывы. Як выйшлі з хаты і сталі ў нейкай бессістэмнасці на ганку і, як іх у гэты момант адсняў аб'ектыў, так і зроблен здымак. А тое, што ў групавым здымку многія "наведвальнікі" яшчэ не падрыхтаваныя да працэсу здымка, а некаторыя яшчэ хаваюцца за спінамі другіх, можа каб не застаўся ўлік для адпаведнай "канторы", гэта нікога не бянтэжыла. Галоўнае _ зрабіць здымак на ўспамін. А дзе ж партрэт гаспадара ці гаспадыні, да якой вы "прачнулі" прыехаць, дзе пранікненне ў яе характар, дзе ўслаўленне партрэтаванага ў выдатным фотамастацкім творы, дзе захаванне вялікай памяці для нашчадкаў і павагі да чалавека — ізгоя. Толькі кантрольны здымак на памяць. А гэтыя ізгоі чакалі ад вас такой удзячнасці і самаахвярнасці. Ці вы лічыце, што дастаткова было і вашага кароткатэрміновага наведвання, каб прынесці ў іх хату хоць маленькую радасць у іх цяжкае гаротнае жыццё, каб яны пазналі цеплыню чалавечых зносін, нейкай чалавечай спагады.
Прыкладам для ўсіх нас і асабіста для тых, хто некалі наведваў знакамітых ізгояў можа зноў жа паслужыць Мікола Іванавіч. Агульнавядома, што ён неаднаразова наведваў і пастаянна ліставаўся з Ларысай Геніюш. Менавіта Мікола
Іванавіч прысвяціў ёй свой верш. Усе змогуць пераканацца не толькі ў высокай мастацкай якасці гэтага твора, але і ў той грамадскай пазіцыі, якую праявіў Мікола Іванавіч, у яго велізарнай грамадзянскай адвазе, нежаданні схавацца. У гэтым вершы ён адкрыта выказаў сваё стаўленне да вялікага ізгоя _ Ларысы Геніюш. Гэта можа адзіны прыклад той самаахвярнасці, высокай чалавечай спагадлівасці і вялікага грамадзянскага ўчынку ў дачыненні да гнаных і абражаных, гэта публічны выклік усёй дзяржаўнай сістэме і яе нялюдскай чалавеканенавісніцкай ідэалогіі.
А між тым кожны з тых вялікіх ізгояў, якіх у свой час наведвалі, гэта як сонца, якое прыцягвае іншыя планеты і асвятляе іх. І колькі вы зможаце іх аддзячыць сваімі творчымі ўчынкамі, столькі на вашу долю, галаву, славу пральецца дадаткова святла, якога хопіць і на тое, каб і ад вас выпраменьвалася святло ўжо на вашы спадарожнікі-месяцы. Гэта ёсць нейкі закон чалавечага існавання ў цывілізаваным грамадстве, якое ў нас, у Беларусі, яшчэ зусім не асэнсаваны, бо за 74 гады існавння савецкай улады, калі ён і быў у эмбрыянальным развіцці, то ад яго імкнуліся пазбавіцца, як ад непатрэбнага дзіцяці, бо адзіным свяцілам у гэтыя часы былі Ленін і Сталін. Простых і, нават, таленавітых людзей да іх ззяння не дапускалі.
Вось чаму клуб "Спадчына" сумесна з мастаком Яўгенам Ціхановічам узяў такую смеласць стварыць партрэты тых, хто выпраменьвае святло нашага нацыянальнага Адраджэння. Я не ведаю наконт іншых партрэтаваных, але гэта быў першы партрэт Міколы Ермаловіча, зроблены таленавіта, па-мастацку адным са старэйшых і знакаміцейшых мастакоў Беларусі, які быў у ліку заснавальнікаў сямейнай дынастыі беларускіх мастакоў (5 чалавек). Гэта быў мастак, які на працягу ўсяго жыцця быў таксама гнаны і праследуемы, то за свайго цесця
Уладзіслава Галубка, то за тое, што ў час Вялікай Айчыннай вайны жыў у акупіраваным немцамі Мінску. Вось чаму ён знайшоў у клубе "Спадчына" не толькі паразуменне, але стаў паважаным, запатрабаваным і дзейсным.
Читать дальше