Міколам Іванавічам, асабіста пагутарыць з ім і прэзентаваць яму нейкі сувенір ці даляры.
Калі ў Кліўлендзе (ЗША) быў заснаваны часопіс "Полацак", то ў ім ўжо з № 4, 1991 г. пачалі друкаваць лісты Міколы Ермаловіча да некаторых дзеячоў з Амерыкі, дзе Мікола Іванавіч выказваў свае навуковыя погляды на гісторыю. Гэта, мабыць, адзін з першых прыкладаў у нашай навуковай літаратуры, дзе друкаваліся лісты не літаратара, а гісторыка, не афіцыйнага, прыкормленага ўладамі, а апазіцыйнага, над якім ажыццяўляўся "ідэалагічны тэрор", дзе яго "бяскрыўдныя навуковыя лекцыі кідалі ў страх усіх тых, хто меў неабмежаваную ўладу над розумам і душамі людзей".
Часопіс "Полацак" упершыню адзначыў 70-гадовы юбілей Міколы Ермаловіча. У яго гонар быў надрукаваны верш Яўгена Гучка "Слова пра Міколу Ермаловіча". Гэты верш быў напісаны паэтам адразу пасля выступлення гісторыка ў клубе "Спадчына". Я добра памятаю, як мне патэлефанаваў Яўген Гучок. Пасля некалькіх фраз і абмену думкамі аб праведзеным вечары з удзелам Міколы Іванавіча, Яўген прапанаваў праслухаць яго верш, напісаны з нагоды гэтай вечарыны. І вось верш прачытаны. Я быў у захапленні ад яго, бо Яўгену Гучку ўдалося ў паэтычнай форме на высокім мастацкім узроўні перадаць усю сутнасць жыцця і навуковай дзейнасці аднаго з выдатнейшых вучоных нашага часу, вялікага патрыёта нашай Бацькаўшчыны. Тут адлюстравана ўсеагульная любоў новай хвалі адраджэнцаў да Міколы Ермаловіча і нянавісць і зайздрасць тых, хто як бы вызначае навуковы працэс усяго жыцця ў краі, яго непрызнанне ў "вышэйшых" навуковых колах і ўсеагульнае яго прызнанне ў якасці Народнага гісторыка, яго бляск і ў той жа час прыніжанае становішча, яго навуковы подзвіг, вялікая любоў да роднага краю і пастаяннае ганьбаванне з
боку яго зайздроснікаў, яго тытанічная навуковая праца і яго фізічнае недамаганне. Гэты верш _ узор у жанры вершаў-прысвячэнняў выдатным асобам. Тут высокі грамадзянскі накал і пафас цесна пераплятаюцца з асабістай павагай і любоўю да асобы, якой прысвечаны твор, тут аўтар удала ўплятае ў тканіну свайго верша элементы рамантычнага стаўлення да свайго героя.
Калі я ўсё гэта выказаў Яўгену Гучку, то ён папрасіў мяне арганізаваць сустрэчу з Міколам Іванавічам. У нядзелю раніцай Яўген Гучок і Мікола Ермаловіч шпацыравалі ўздоўж набярэжнай Свіслачы. Яўген чытаў Міколу Іванавічу свой верш, які яму вельмі спадабаўся. Мы з усіх бакоў абмяркоўвалі як мастацкія якасці, так і філасофска — грамадзянскія матывы гэтага твора. Пасля Мікола Іванавіч чытаў свае вершы, у якіх трывожным звонам гучаў велічны грамадзянскі накал, вялікая адказнасць і заклапочанасць аб лёсе Бацькаўшчыны, яе культуры, мовы.
І, як заўсёды, ў тыя часы асобным рэфрэнам гучаў матыў: Дзе ўсё гэта надрукаваць? Накопленыя скарбы, якія без перабольшвання можна аднесці да нацыянальных здабыткаў беларускага народа, якія ляжаць у сталах і не могуць быць запатрабаваныя. І вось у красавіку 1991 года адзін з тых вершаў, якія нельга было надрукаваць у Беларусі _ друкуюць у Амерыцы у свабодным беларуска-амерыканскім часопісу "Полацак". І гэты верш напісаны ў гонар вялікага патрыёта і вучонага Бацькаўшчыны Міколы Іванавіча Ермаловіча. Мара Яўгена Гучка і Міколы Ермаловіча, якую яны выказалі на набярэжнай Свіслачы здзейснілася.
Мікола Іванавіч быў ўдзячны за такое прызнанне яго заслуг беларусамі Амерыкі. Вось чаму, калі праходзіў Першы з'езд Беларусаў Свету і клуб "Спадчына" 9 ліпеня 1993 года ладзіў ў Доме літаратара сустрэчу з удзельнікамі гэтага з'езду, Мікола Ермаловіч, як ганаровы сябра быў запрошаны на
гэтую імпрэзу і пранікнённа выступіў на гэтай сустрэчы. Ён адзначыў тую вялікую ролю беларусаў дыяспары ў захаванні на чужыне чысціні беларускай мовы, культуры, літаратуры і сапраўднай гісторыі свайго народа. Беларусы замежжа былі надзвычай удзячны Міколу Іванавічу за яго намаганне ў захаванні і развіцці беларускасці.
21 чэрвеня 1995 года ў Літаратурным музеі імя Янкі Купалы праходзіў вечар клуба "Спадчына" з нагоды прэзентацыі партрэтаў ганаровых сяброў клуба. На агляд былі выстаўлены графічныя партрэты Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Анатоля Грыцкевіча, Міколы Ермаловіча, Леаніда Лыча, Георга Штыхава, Язэпа Юхо, выкананыя ў тэхніцы "сухая іголка" аднаго са старэйшых мастакоў Беларусі, ганаровага сябра клуба Яўгена Мікалаевіча Ціхановіча. Былі запрошаны і партрэтаваныя. Гэта быў своеасаблівы жэст, адпаведны момант вялікай павагі сяброў клуба "Спадчына" да людзей, якім клуб надаў годнасць быць іх ганаровымі сябрамі, прызнаў іх высокае права быць аўтарытэтамі не толькі нашага клуба, а ўсяго беларускага нацыянальнага Адраджэння.
Читать дальше