Мікола Іванавіч Ермаловіч быў не толькі актыўным сябрам клуба, але заўсёды адстойваў яго ідэалы, абараняў яго як ад "знешніх", так і "унутраных" ворагаў, пастаянна папулярызаваў яго дзейнасць і сваім вялікім аўтарытэтам сярод усіх адраджэнцаў новай хвалі спрыяў таму, што клуб набываў папулярнасць і вядомасць. 2 красавіка 1986 года, Мікола Іванавіч упершыню прыйшоў у клуб, які знаходзіўся у той час у сутарэнні дома па вуліцы Мендзялеева, 3, і выступіў з лекцыяй на тэму аб утварэнні Вялікага княства Літоўскага і геаграфічным месцазнаходжанні "гістарычнай Літвы". Аб гэтым вечары вы прачытаеце ў асобных успамінах тых удзельнікаў, якім пашчасціла слухаць першую публічную лекцыю не перад навуковай акадэмічнай аудыторыяй, а перад грамадскасцю і шчырымі прыхільнікамі новай хвалі беларускага Адраджэння.
Гэта першая публічная лекцыя Міколы Ермаловіча перад двумя сотнямі прадстаўнікоў маладой хвалі адраджэнцаў Бацькаўшчыны мела шырокі рэзананс. Можна без перабольшання сказаць, што Мікола Ермаловіч "уліў свежае віно ў новыя мяхі" маладога адраджэнскага асяроддзя. Гэтае асяроддзе ў асобе Міколы Іванавіча ўбачыла, што ў Беларусь прыйшоў "новы, а мудры гісторык".
Сусветная рэвалюцыйная практыка сведчыць, што ўсе рэвалюцыйныя рухі пачынаюцца з перагляду гістарычных канцэпцый развіцця народа, з фарміравання ідэалогіі нацыянальнай самасвядомасці народа, нацыі. Лёс распарадзіўся так, што, менавіта, Міколу Іванавічу выпала шчасце распрацаваць новую канцэпцыю гістарычнага развіцця беларускага народа, яго дзяржаўнасці. Навуковае абгрунтаванне гэтых лёсавызначальных канцэпцый беларускай гісторыі вылучылі Міколу Іванавіча на першы план ідэалагічнай барацьбы нацыянальна-вызваленчага руху, які пачынаў у той час разгортвацца на Беларусі. Гэта інстынктыўна адчулі ўсе далакопы Бацькаўшчыны.
Вось чаму такая лютая, нялюдская нянавісць, варожасць да асобы Міколы Іванавіча і яго навуковых канцэпцый узнікла з боку тых афіцыйных гісторыкаў, якія падсілкоўваліся на "партыйных даручэннях", якія па "партыйнаму" загаду лічылі за гонар пляжыць гісторыю свайго народа, мову, культуру, якія пастаянна зневажалі свой народ, пісалі, што ў беларускага народа няма сваёй гісторыі, што беларуская мова не вартая, каб ёю карысталіся, і чым хутчэй яна знікне, тым лепш будзе для самога народа, тым хутчэй ён прыйдзе ў светлае царства камуністычнага раю.
І нездарма, праз пару тыдняў пасля публічнага выступлення Міколы Іванавіча ў клубе "Спадчына" яго старшыню выклікала ў аддзел прапаганды і агітацыі Мінскага гаркама партыі сумнавядомая яго загадчыца Я.Юферава, якая 2 красавіка 1986 года, у час публічнага выступлення гісторыка, асабістай персонай наведала клуб, для зручнасці сумела ўсесціся на пярэднюю лаву і з
надзвычайнай увагаю слухала (як могуць слухаць толькі тыя, каму гэта неабходна па службе), не пабаюся гэтага сказаць, яго гістарычную лекцыю. І вось Я.Юферава пачала абвінавачваць Міколу Іванавіча ў: 1) нацыяналізме, 2) буржуазным аб'ектывізме, 3) суб'ектывізме падачы і падтасоўцы фактаў, 4) не класавай, не марксісцкай інтэрпрэтацыі гісторыі Беларусі. У недалёкі час магло б хапіць і аднаго абвінавачання, напрыклад, у нацыяналізме, каб вучонага адправіць "куды трэба". Але на двары стаяў ужо другі год "перабудовы", абвешчаны генсекам іх партыі, якая лічылася "умом, честью и совестью". Ссылаць кагосьці ўжо было "не з рукі", а вось прычыніць клуб, каб ён не стаў рассаднікам "бацылы нацыяналізму" у Беларусі, паўстала перад партыйнымі органамі як неабходная задача. Што яны хутка і ажыццявілі.
Я тут не буду кранаць праблему барацьбы клуба за сваё выжыванне, за тое, каб даваць мажлівасць той маладой, новай хвалі беларускага нацыянальнага Адраджэння збірацца сумесна і весці агульнае сумоўе па праблемах нашага Адраджэння.
Наступная сустрэча сяброў клуба "Спадчына" з Міколам Ермаловічам адбылася 19 кастрычніка 1988 года ў Літаратурным музеі імя Янкі Купалы, дзе мы праводзілі вечар па праблемах беларускай дзяржаўнасці. Спачатку выступіў прафесар Язэп Аляксандравіч Юхо і пераканаўча абгрунтаваў сваю канцэпцыю дзяржаўнасці беларусаў. Пасля выступілі "знакамітыя дацэнты" з Беларускага дзяржаўнага універсітэта, якія на даволі надуманай падставе, што да ВКЛ належалі і землі сучаснай Украіны, і паставілі такое пытанне: чаму Я.А.Юхо і іншыя гісторыкі адмаўляюць у дзяржаўнасці ўкраінцам. На маё пытанне, ці прызнаюць яны дзяржаўнасць за беларускім народам, гэтыя "знакамітыя дацэнты" катэгарычна адказалі "не", што адпавядала афіцыйнай
Читать дальше