Аналагічная сітуацыя склалася і з адзіным створаным у Беларусі манументальным памятным знакам у гонар Міколы Ермаловіча і ўсталяваным на плошчы ў горадзе Маладзечна Мінскай вобласці з дапамогай мясцовых уладаў. Магутны, велічны і прыгожы, як па форме, так і па колеру валун, лаканічна ачолены бронзавым рэльефам, прафесійна выкананым Уладзімірам Мелехавым, з належным зместам, які тычыцца выбітнога гісторыка, быў усталяваны выключна грамадскасцю і на грамадскія сродкі.
Найперш заслуга ў гэтай з'яве належыць усё таму ж Мінскаму культурна-асветніцкаму клубу "Спадчына" пад старшынством Анатоля Белага, дзе добра пашчыравалі сябры клуба, і не адным махам.
Столькі сама выніковым быў розгалас паводле ўшанавання светлай памяці Міколы Ермаловіча ў Старадарожскім музеі выяўленчага мастацтва фонд Анатоля Белага.
Усе, хто меў хоць якія стасункі з Міколам Ермаловічам, адразу траплялі, як пад гіпноз, у яго шырокаабдымную і абаяльную сваім даверам прастору. Прастору, дзе ўсім было ўтульна і шчасна так, што і развітвацца не ставала жадання. Гэты чалавек быў сапраўдным, так бы мовіць, феноменам. Ягоная ж грамадзянская і чалавечая пазіцыя, вартая ўзору, заўсёды выклікала захапленне. Ён быў чалавекам, які ніколі і ні перад кім, як кажуць, не прагібаўся і не ламаў шапку як у жыцці, так і ў навуцы. А колькі было жадаючых яго за гэтую беларускасць прынізіць, спляжыць, а то і зняважыць хоць якім чынам? Процьма!
Пэўна, ужо ў нас, беларусаў, склалася такая характэрная непарушная заканамернасць: пакуль каго добра не паменцяць, то і цікавіцца ім не пажадаюць.
Значнасць таго навуковага подзвігу, які здзейсніў Мікола Ермаловіч, перабольшыць ніяк немагчыма, і веліч ягоная з часам усё больш расце і шырыцца, адпаведна пашырэнню ведаў аб нашай мінуўшчыне. Нават штучныя перашкоды па замоўчванню яго імя, ягоных пачуццяў і ўсяго з ім знітаванага, аналагічна з тымі, што тут былі ўзгаданы, толькі як плаціна будуць усё больш напатольваць гэтую веру, якая з пэўным часам гэтыя перашкоды яшчэ хутчэй сплазуе і ўзнясе яго на належны, велічны пасад.
Мы можам толькі ганарыцца — ён ужо заняў гэтае годнае месца ў светазарным пантэоне слынных постацяў нашай Айчыны.
Алесь Цыркуноў
Прайшлі мерапрыемствы, ладжаныя грамадскімі прагрэсіўнымі арганізацыямі ў гонар юбілейнай даты вядомага гісторыка, адкрывальніка старажытнай Літвы Міколы Ермаловіча. Яму ў гэтым годзе споўнілася б 85 год. Трагічнае, даволі сумніўнае, дарожна-транспартнае здарэнне абарвала яго жыццё 4 сакавіка 2000 года.
На вечарыне 28 красавіка 2006 года, якую ладзілі сябры культурна-асветніцкага клуба "Спадчына" па ўшанаванню памяці Міколы Ермаловіча, прайшла прэзентацыя яго жывапіснага партрэта.
Мікола Ермаловіч грунтоўна паўплываў на светапогляд, даў зусім іншыя погляды на гісторыю многім, каму давялося слухаць яго выступленні альбо чытаць яго навуковыя працы. Удзячны яму і адзін са старэйшых сяброў клуба, шчыры, самаахвярны мастак Анатоль Крывенка — аўтар прэзентаванага твора.
— Бог ведае, на якім гістарыяграфічным баку я быў бы, каб не знаёмства з Міколам Ермаловічам. — кажа мастак. — Яго паходня ў тагачасным ідэалагічным змроку запаліла душэўны агонь…
Знаёмства моцна паўплывала на творчасць Анатоля Крывенкі. Ён адзіны ў Беларусі, хто стварыў цэлы пантэон, іканастас партрэтаў усіх Вялікіх князёў Вялікага княства Літоўскага, шэраг партрэтаў мінулых і сучасных патрыётаў Адраджэння Бацькаўшчыны. Усе яны падораны Старадарожскаму музею фонда Анатоля Белага.
Жаданне напісаць партрэт выдатнага гісторыка — самародка ўзнікла яшчэ пры яго жыцці, але зрабіць у той час партрэт з натуры не атрымлівалася, ці з-за сціпласці Міколы Іванавіча, ці з-за таго, што ў яго пастаянна бракавала часу, каб завітаць да мастака.
Як прадставіць на партрэце постаць гісторыка? Гэта тэма выношвалася доўга. Доўга і пісаўся партрэт: уносіліся праўкі, дапаўненні, адшуквалася тое канкрэтнае, што было ўласціва толькі яму, яго характару, яго духу. І вось юбілейная вечарына. Гэтай даце і прысвяціў мастак свой твор.
На партрэце Мікола Іванавіч Ермаловіч прадстаўлены не проста як фатаграфічная выява. Творца здолеў перадаць характар гісторыка, паказаць яго як рамантыка, упэўненага ў значнасці сваёй ідэі. З палатна на фоне мапы, дзе бачны выявы "Двухгаловага арла" і "Пагоні" Мікола Ермаловіч быццам лектар звяртаецца да гледача. Яго постаць здаецца жывой, рухавай і быццам вось-вось прагучаць яго словы:
Читать дальше