Спрычыненае такім чынам ажыўленьне грамадзтва трэба было толькі накіраваць у патрэбны бок. Але каб гэта зрабіць, неабходная была наяўнасьць сілаў, зацікаўленых ува ўладзе, якія б мелі палітычныя мэты і матывацыю іх дасягненьня, навыкі палітычнай дзейнасьці.
У выніку да зімы 1989/90 гг. у большасьці савецкіх рэспублік пачаўся „парад сувэрэнітэтаў”. Лякаматывам выступілі прыбалтыйскія краіны, якія мелі яшчэ жывы досьвед нацыянальнай дзяржаўнасьці. У краінах, дзе меліся этна-нацыянальныя і тэрытарыяльныя супярэчнасьці (напрыклад у Грузіі, Арменіі), рэгіянальныя кіраўнічыя групы пачалі выкарыстоўваць масавую актыўнасьць для пашырэньня сваіх паўнамоцтваў, што выклікала абвастрэньне міжнацыянальных адносінаў.
У большасьці рэспублік СССР накіраваньне масавай актыўнасьці адбывалася праз супрацьстаяньне дзьвюх групаў: дэмакратычнай плятформы і плятформы КПСС — тых, хто выступаў „за” і „супраць” пераменаў. Фармаваньне гэтых ідэалягічных пазыцыяў стала вынікам, з аднаго боку, папярэдняга разьвіцьця незалежніцкіх сілаў, з другога — асаблівасьцяў адносінаў унутры рэспубліканскіх кампартыяў, наяўнасьці ў іх складзе сілаў, зацікаўленых у пераменах.
БССР у гэтым пляне не была выключэньнем. Але расклад сілаў паміж незалежнікамі-дэмакратамі і плятформай КПСС склаўся не на карысьць прыхільнікаў пераменаў. Пры канцы 1980-х гг. у партыйнай эліце БССР склалася мадэль разьмеркаваньня пасадаў, якую можна ахарактарызаваць як новы кліенталізм[1]. Асноўнымі аўтарамі яе былі партыйныя функцыянэры, якія выйшлі пераважна з парткамаў менскіх прамысловых прадпрыемстваў. Мадэль паказала сваю выніковасьць у савецкай сыстэме пры барацьбе беларускіх функцыянэраў за маскоўскія пасады. Яе ўдзельнікі пасьпелі пабываць у Маскве і вярнуцца ў рэспубліку. Асаблівасьці разьмеркаваньня пасадаў аказалі ўплыў на стаўленьне да пераменаў як з боку рэспубліканскай цэнтральнай, так і мясцовай эліты.
Існаваньне сталых каналаў прасоўваньня ў цэнтар пазбаўляла менскую эліту (асабліва партыйную) матывацыі выкарыстаць перамены, прапанаваныя Гарбачовым, для пашырэньня сваёй улады ў рэспубліцы. Гэта патрабавала пераходу ад кулюарнага да інтэрактыўнага стылю палітычный дзейнасьці, прадугледжвала перадачу ўлады Радам, узмацненьне пазыцыяў кіраўнічай непартыйнай эліты (Вярхоўнай Рады). Гэта быў клопат. Да таго ж мадэль рабіла бессэнсоўнымі прыкладзеныя намаганьні для здабыцьця выгадных пазыцыяў. Кіраўнічай эліце больш зручна было б захаваць уладу ў межах ужо складзенай мадэлі і перачакаць распачатыя перамены.
Рэгіянальная эліта была мала заангажаваная на ўдзел ува ўладзе. Большасьць дасьледнікаў адзначаюць, што прычынай слабасьці рэгіяналаў была гамагеннасьць Беларусі паводле нацыянальных, рэлігійных і іншых парамэтраў, якія маглі стварыць падставы для „крызысу інтэграцыі” і матываваць змагацца за ўладу. Але рэгіянальныя эліты не былі зацікаўленыя ў барацьбе за цэнтральную ўладу і зь іншых прычынаў. Па-першае, прамысловым і кіраўнічым мясцовым элітам не было за што змагацца ў матэрыяльным пляне[2]. Па-другое, асаблівасьці разьмеркаваньня пасадаў у БССР не пакідалі рэгіянальнай партыйнай эліце надзеяў палепшыць свой статус за кошт удзелу ў прадстаўнічых установах. Так, сярод 83 дэпутатаў Зьезду народных дэпутатаў СССР, абраных ад БССР, было толькі 4 прадстаўнікі рэгіянальнай эліты (Анатоль Зелянкоўскі — першы сакратар Берасьцейскага абкаму КПБ, Уладзімер Грыгор’еў — першы сакратар Віцебскага абкаму КПБ, Леанід Кляцкоў — першы сакратар Гарадзенскага абкаму КПБ і Галіна Дылевіч — старшыня выканкаму Залескай сельскай рады). Ад менскай гарадзкой і абласной эліты ішло 3 чалавекі. Прадстаўнікоў жа цэнтральнага дзяржаўнага і партыйнага апарату было 13 чалавек. (На гэта таксама магло мець уплыў і памежнае становішча БССР, што вымушала вельмі пільна кантраляваць кадравую сытуацыю ў ёй.)
Падзел дэлегатаў паводле абласьцей сьведчыў пра наступнае. 1. У кіраўнічых колах статус рэгіянальных партыйных і гаспадарчых элітаў значна саступаў статусу прадстаўнікоў цэнтральнай эліты. 2. Стаўленьне грамадзянаў да мясцовай эліты сьведчыла пра яе невялікі патэнцыял што да здабыцьця ўлады. 3. У рэгіяналаў адсутнічала матывацыя „вылучацца” ў вялікую палітыку.
Такім чынам, цэнтральная эліта не жадала мяняць мадэль уладаваньня, а мясцовая была занадта слабая, каб на нешта прэтэндаваць. З розных прычынаў, але ні першая, ні другая не маглі стаць правадырамі пераменаў.
Читать дальше