Тысячу разоў я прысягаў, што, калi застануся жывы, калi толькi яшчэ нага мая ступiць на цвёрдую зямлю, я зараз жа вярнуся дадому да бацькi i нiколi ўжо за ўсё жыццё не падымуся больш на палубу карабля.
Аднак гэтых разважлiвых думак хапiла ў мяне толькi на той час, пакуль бушавала бура.
I вось вецер суняўся, хвалi знемаглi, i мне зрабiлася куды лягчэй. Паступова я пачаў прывыкаць да мора. Праўда, я яшчэ не зусiм пазбавiўся марской хваробы, але к канцу дня праяснела, вецер зусiм сцiшыўся, надышоў цудоўны вечар.
Усю ноч я праспаў як забiты. Назаўтра неба было такое ж яснае. Сцiшанае мора, над якiм не было нават слабога ветрыку, ззяла на сонцы ў такой дзiвоснай красе, якой я яшчэ зроду не бачыў. Ад мае марской хваробы не засталося i знаку. Я адразу супакоiўся, i мне зрабiлася весела. Са здзiўленнем углядаўся я ў мора, якое яшчэ ўчора здавалася такiм жорсткiм i пагрозлiвым, а сёння было ласкавае i сцiшанае.
Тут, як знарок, падыходзiць да мяне мой прыяцель, што спакусiў мяне ехаць разам з iм, ляпае па плечуку i кажа:
- Ну, як ты сябе адчуваеш, Боб? Я гатовы паспрачацца, што ўчора ты добра напалохаўся. Прызнавайся: ты ж напалохаўся ўчора, як падзьмуў вятрыска?
- Вятрыска? Добры вятрыска! Гэта ж быў шалёны шквал. Я нават уявiць сабе не мог такой жахлiвай буры!
- Буры? Ах ты дзiвак! Па-твойму, гэта бура? Ну, ды ты ж яшчэ новенькi на моры: не дзiўна, што напалохаўся... Аднак хадзем лепей ды загадаем падаць нам пуншу, вып'ем па шклянцы i забудзем пра буру. Зiрнi, якi ясны дзень! Цудоўнае надвор'е, цi не так?
Каб скарацiць гэту сумную частку майго апавядання, скажу толькi, што ўсё пайшло, як звычайна бывае ў маракоў: напiўшыся, я сп'янеў i ўтапiў у вiне ўсе свае найлепшыя думкi пра неадкладны зварот дадому. Як толькi настаў штыль i я пакiнуў баяцца, што хвалi мяне праглынуць, я тут жа забыў пра свой добры намер.
На шосты дзень мы ўбачылi ўдалечынi горад Ярмут. Вецер пасля буры дзьмуў насустрач, i таму мы вельмi паволi рухалiся наперад. У Ярмуце нам давялося кiнуць якар. У чаканнi спадарожнага ветру мы прастаялi сем цi восем дзён.
За гэты час сюды прыйшло многа караблёў з Ньюкасла. Мы, аднак, не прастаялi б столькi i зайшлi б у раку разам з прылiвам, але вецер усё свяжэў, а дзён праз пяць падзьмуў з усяе сiлы.
На нашым караблi якары i якарныя канаты былi моцныя, i нашы матросы былi ўпэўнены, што судну не пагражае нiякая небяспека. I таму па звычаю ўсiх матросаў увесь свой вольны час яны аддавалi вясёлым пацехам i забаўкам.
Але на дзевяты дзень пад ранiцу вецер пасвяжэў i хутка разыграўся страшэнны шторм. Нават выпрабаваныя маракi былi напалоханы. Я некалькi разоў чуў, як наш капiтан, праходзячы паўз мяне то ў сваю каюту, то з каюты, паўтараў напаўголасу: "Мы загiнулi! Мы загiнулi! Канец!"
I ўсё роўна ён не губляўся i пiльна сачыў за работай матросаў i прымаў усе захады, каб выратаваць свой карабель.
Да гэтага часу я не баяўся, я быў упэўнены, што i гэта бура мiнуецца гэтак жа шчаслiва, як i першая. Але калi сам капiтан сказаў, што ўсiм нам прыйшоў канец, я страшэнна спалохаўся i выбег з каюты на палубу. Нiколi ў жыццi не даводзiлася бачыць мне такога жахлiвага вiдовiшча. На моры, быццам высачэзныя горы, хадзiлi велiзарныя хвалi, i кожныя тры-чатыры хвiлiны на нас абвальвалася такая гара.
Спачатку я нiбы здранцвеў ад страху i не мог нават глядзець навокал. Калi ж нарэшце адважыўся зiрнуць назад, я зразумеў, якое бедства нас спасцiгла.
На двух цяжка гружаных суднах, якiя стаялi непадалёку ад нас на якары, матросы валiлi мачты, каб караблi хоць крыху вызвалiлiся ад цяжару.
Нехта крыкнуў у роспачы, што карабель, якi стаяў наперадзе за паўмiлi ад нас, у гэты самы момант знiк пад вадой.
Яшчэ два судны бура сарвала з якара i панесла ў адкрытае мора.
Што чакала iх там? Усе iх мачты былi скрышаны ўраганам.
Невялiкiя судны трымалiся лепш, аднак некаторыя з iх таксама пацярпелi: два цi тры з iх пранесла паўз нашы барты проста ў адкрытае мора.
Вечарам штурман i боцман прыйшлi да капiтана i прапанавалi яму для выратавання судна ссячы фок-мачту*.
* Фок-мачта - пярэдняя мачта.
- Адкладваць нельга нi хвiлiны! - сказалi яны. - Загадайце, i мы ссячом яе.
- Пачакаем яшчэ трохi, - запярэчыў капiтан. - Магчыма, бура сцiхне.
Яму вельмi не хацелася секчы мачту, але боцман пачаў даводзiць, што, калi мачту пакiнуць, карабель пойдзе на дно, - i капiтан мiжволi згадзiўся.
А калi ссеклi фок-мачту, грот-мачта* пачала так моцна хiлiцца i разгойдваць судна, што давялося ссекчы i яе.
* Грот-мачта - сярэдняя мачта.
Настала ноч, i раптам адзiн з матросаў, якi спускаўся ў трум, закрычаў, што судна пацякло. У трум паслалi другога матроса, i ён далажыў, што вада паднялася ўжо на чатыры футы*.
Читать дальше