Падрэ Дыега паглядзеў пану бiскупу ў вочы.
- Не зусiм разумею, што Ваша Эмiненцыя мае на ўвазе.
- Сваю памылку, - сказаў той. - Цi гэта праўда, што адзiн з тагачасных братоў, менавiта брат Матэа, наколькi мяне не падводзiць памяць, да таго зганьбiў сябе ератыцкiм адшчапенствам, што быў Святым трыбуналам адлучаны ад царквы?
- Так, - сказаў падрэ Дыега, - так, на жаль, усё яно i было.
- Цяпер усё разумею. Ён жа мне казаў на споведзi, як свайму настаўнiку, пра твае бунтарскiя нiбыта, а нават блюзнерчыя думкi. Спавядаўся i ў розных сваiх сумненнях, здаваўся поўны пакоры, сумленна прымаў вызначаныя яму цярпеннi... як я мог здагадацца, што адначасова i сваё аблiчча ўкрывае, i цябе плямiць?
Падрэ Дыега адказаў на гэта спакойна:
- Гэта звычайная зброя нашых ворагаў - хлусня i намовы.
- Сапраўды! А, аднак, хоць я i звычайны быў прыёр, не павiнен быў даць сябе ашукаць. Прабач мне, мой ойча, тую даўнюю памылку.
- Хто ж з нас не рабiў памылак? - сказаў падрэ Дыега голасам, поўным павагi i шацунку. - Не будзем пра гэта гаварыць, Ваша Эмiненцыя.
Радасць асвятлiла твар пана бiскупа.
- Маеш ува мне, мой ойча, шчыра адданага табе сябра. Я рады, што калi давядзецца мне прыняць на сябе новыя абавязкi, тады часцей, чым у сцiплай Авiле, змагу цябе сустракаць.
Падрэ Дыега адразу здагадаўся, пра што пайшла гаворка.
- Памёр, значыцца, кардынал дэ Мендоза?
- На жаль, - адказаў бiскуп. - Учора прыйшла з Рыма вестка пра яго скон.
Падрэ Дыега нахiлiў галаву.
- Смерць хрысцiянiна заўсёды схiляе да глыбокiх развагаў. Тым не меней я рады, што ў асобе Вашай Эмiненцыi магу павiтаць арцыбiскупа Таледа i прымаса Каталiцкага Каралеўства.
Дон Бласка дэ ла Куэста зарумянiўся.
- Я яшчэ не арцыбiскуп.
- Але напэўна iм будзеце. Усе ж бо ведаюць, што i Айцец святы i Iх Каралеўскiя Мосцi даўно бачаць у вас наступнiка кардынала дэ Мендозы.
Яго Эмiненцыя задумаўся i нiбы патух.
- Так, разумею, вялiкiя абавязкi будуць ускладзены на мае плечы. Прашу Бога, каб i iх здолеў несцi. Як слушна казаў мне калiсьцi вялебны айцец, няма ў царкве такога гонару, якi мог бы параўнацца з цвёрдым абавязкам салдат Святой iнквiзiцыi.
На гэта адказаў падрэ Дыега.
- Вялебны айцец быў бы глыбока i асаблiва радасна ўзрушаны, пачуўшы словы Вашай Эмiненцыi. Думаю таксама, што будзе ў згодзе з яго намерамi, калi я скажу, што Святой iнквiзiцыi можна служыць усюды i заўсёды, на кожнай пасадзе, нават на сама непрыкметнай, як i на сама высокай.
Пан бiскуп быў усё яшчэ задуменны.
- Так, - сказаў нарэшце, - рознымi дарогамi iдуць людзi да адной мэты.
Насустрач падрэ Дыега, калi ён вяртаўся з рэфекторыя, выбег малады брат Мануэль. Ён быў бледны, са страхам у вачах, рукi ў яго дрыжалi.
- Ойча вялебны! - усклiкнуў ён.
Падрэ Дыега спынiўся, адчуў холад у сэрцы. Спытаўся не сваiм голасам:
- Памёр?
Брат Мануэль пакруцiў галавой.
- Што ж сталася?
- Ойча вялебны, клянуся, не мая вiна. Вялебны айцец прачнуўся, пазванiў мне i загадаў, каб я дапамог яму падняцца i адзецца.
Падрэ Дыега прыспешыў крокi.
- Няшчасны, ты зрабiў гэта?
Брат бязрадна развёў рукi.
- Як жа я мог не паслухацца?
На парозе цэлi стаяў доктар Гарсiя, таксама бледны i ўзрушаны.
- Дурань! - усклiкнуў падрэ Дыега. - Як ты мог дапусцiць гэта.
Адштурхнуў яго плячом i рушыў да дзвярэй у цэлю вялебнага айца.
Перш чым адчынiць, павагаўся трохi, нейкую хвiлiну. Потым увайшоў.
Цэля была шырокая, але, нягледзячы на белыя муры, змрочная. Толькi каля акенца сабралася трохi больш дзённага святла. Якраз там у глыбокiм крэсле, захутаны ў футраны плашч, сядзеў падрэ Тарквемада. Трымаўся проста, далонi склаў на каленях. Пачуўшы рыпенне дзвярэй, паварушыўся.
- Гэта ты, Дыега? - спытаўся далёкiм голасам.
Той усклiкнуў:
- Ойча мой, як ты мог устаць? Кладзiся, малю цябе, кладзiся.
- Наблiзься, сыне мой, - сказаў Тарквемада тым самым далёкiм i нейкiм манатонным голасам. - Я чакаў цябе. Нямнога часу мне адведзена, павiнен спяшацца, а маю табе сказаць вельмi важнае. Некаторыя рэчы трэба будзе запiсаць, каб неадкладна данесцi iх да ведама народу. Дзе ты?
- Тут, ойча.
- Стань блiжэй да святла. Хацеў бы цябе бачыць. Вось так. Падай мне руку.
- Ойча мой, нельга табе столькi гаварыць. Ляж, прашу цябе.
Тарквемада патрос галавой.
- Не, не цяпер, пазней. Спярша я павiнен абгаварыць з табой шэраг спраў. Трэба будзе, не адкладваючы, шмат што змянiць у нашым каралеўстве. Уласна кажучы - усё. Чакае цябе вялiкая праца, i аж страх мяне агортвае, што можаш не справiцца з гэтым амаль непамысным заданнем. Але хто ж гэта зробiць, калi не ты? Маю, зрэшты, надзею, што знойдуцца людзi, якiх яшчэ не зусiм з'елi страх i хлусня, якiя не заражаныя пыхай i нянавiсцю. Такiх людзей згуртуеш вакол сябе i з iх дапамогаю i падтрымкаю збурыш усё, што ёсць цяпер. Так, тое, што ёсць, усё гэта трэба збурыць i замянiць. Усё занадта кепскае, атрутае i прасмердлае. Трэба гэта адкiнуць прэч. Ты меў, аднак, рацыю, мой сыне.
Читать дальше