Тарквемада неспакойна заварушыў пальцамi, нiбы хацеў скiнуць цяжар з грудзей.
- Божа! - сказаў уголас.
- О, менавiта! - адказала цемра. - Папаў у самы акурат.
- Божа! - сказаў уголас.
- Ну але ж! Бо было напiсана: "Спачатку стварыў Бог неба i зямлю". Iдэя павiнна быць вялiкая i ўнiверсальная, гэта ясна, цi ж не? Толькi вялiкiя i ўнiверсальныя iдэi могуць рухаць людскую маласць. Пякельна цяжкая гэта маласць.
- Ты быў там?
- Дзе?
- Тады, напачатку?
Залегла цiшыня.
- Быў? Кажы.
- Вох, тое было так даўно! Цi я ведаю? Можа, быў, а можа, не быў. Цi ж гэта важна? Я ўжо сказаў табе, што самiм сабою зусiм не цiкаўлюся. Важная iдэя.
- Ты ўсё выдумаў.
- Ты, камедыянт стары! - адказаў на гэта без гневу голас побач. - Ты ж сам даўно жывеш без веры i ў мяне i ў Бога? Перад кiм граеш? Перад самiм сабой? У iдэю неабавязкова верыць, яна сама - вера.
Тарквемада расплюшчыў вочы. Цемра была пустая i немая. Атачала яго з усiх бакоў. Ён адчуў холад i змрок, яму здалося, што ён памiрае. I, напалоханы, уражаны, ён закрычаў.
Падрэ Дыега ехаў блiжэй да воза i першы пачуў крык, незвычайны i доўгi, хутчэй падобны на сковыт звера, чым на чалавечы голас.
Дыега не быў баязлiвы, але задрыжаў. Аднак ён адразу апамятаўся i, тузануўшы каня так, што той чэравам зачапiў кола воза, - адхiнуў парусiну.
- Ойча мой! - сказаў напаўголаса.
Тарквемада ўздрыгнуў i замоўк. Рот у яго быў адкрыты, вочы таксама.
- Ойча мой, - паўтарыў падрэ Дыега.
Той i ляжаў нерухома i глядзеў у цемру, нiчога перад сабой не бачачы.
Нарэшце спытаўся:
- Гэта ты, сыне мой?
- Так, мой ойча. Пастарайся заснуць. На свiтаннi будзем у Авiле.
- На свiтаннi?
- Неўзабаве развiднее.
- Холадна, падай мне руку.
Падрэ Дыега нахiлiўся i пашукаў у цемры руку вялебнага айца. Яна была халодная i вiльготная. Трымаў яе нейкую хвiлiну ў сваёй, паступова зацiхала яе слабое дрыжанне.
Яму ўжо здавалася, што вялебны айцец засынае, калi той раптам заварушыўся.
- Не! - усклiкнуў. - Не!
- Ойча мой, - шапнуў з мальбою падрэ Дыега.
Хвiлiну было цiха, потым Тарквемада пачаў крычаць высокiм, поўным роспачы голасам:
- Патушыце вогнiшчы, патушыце вогнiшчы!
Падрэ Дыега адступiў i хуценька закрыў заслону. Голас вялебнага айца гучаў вельмi моцна, але нiводзiн з дамоўнiкаў, што стоўпiлiся навокал, не паглядзеў у той бок. Твары ў iх былi нерухомыя i не выдавалi нiякiх душэўных пачуццяў.
Недалёка ад падрэ Дыега ехаў дон Ларэнца. Падрэ Дыега крануў яго за плячо.
- Дон Ларэнца!
Той, выпрастаўшыся, глядзеў перад сабой.
- Так, вялебны ойча.
- Вялебны айцец не можа заснуць, ён хацеў бы паслухаць святую песню.
- Так, мой ойча, - сказаў дон Ларэнца i паехаў на канi наперад атрада.
З-пад парусiнавай заслоны ўсё яшчэ даляталi крыкi Тарквемады.
- Патушыце вогнiшчы, патушыце вогнiшчы!
Але ўжо там, дзе на мяжы сама глыбокай цемры палалi першыя паходнi, загучалi цвёрдыя мужчынскiя галасы, якiя завялi пачатковыя словы гiмна iнквiзiцыi "Ехurgе Domine еt iudiса саusаm Тuаm". Песню падхапiлi астатнiя фамiльянты, i спеў пачаў з усё большай сiлай узносiцца сярод цёмнай прасторы, пад велiзарным небам ночы.
Як i прадбачылася, да Авiлы наблiзiлiся сапраўды на свiтаннi.
Неўзабаве на небакраi паказалiся муры i вежы горада, падрэ Дыега, каб ухiлiцца ад прывiтальных урачыстасцяў, выслаў ганца.
Пасля цёмнай ночы ранак уставаў пахмурны, неба зацягнула, цяжкiя хмары павiслi нiзка над голай i неўрадлiвай у тым краi зямлёю.
Нягледзячы на раннюю пару i на тое, што ганец на добрую гадзiну апярэдзiў атрад, вестка пра таго, хто прыбывае, адразу разышлася па ўсiм горадзе, бо, калi, праехаўшы мiма нядаўна збудаванага кляштара Санта Томас, почат Вялiкага iнквiзiтара мiнуў мост на рацэ Адаха i ўехаў праз Пуэрта дэль Пуэнтэ ў муры, натоўпы жыхароў Авiлы запоўнiлi вулiцы i плошчы, якiя вялi да кляштара Сан-Вiцэнтэ.
Згодна з атрыманай iнструкцыяй нiякiя ўлады, нi свецкiя, нi духоўныя, не вiталi поезд.
Маўчалi званы. Такi ўсюды панаваў спакой i парадак, што гарадскiя вартавыя Святой эрмандады не мелi чаго рабiць.
Натоўпы стаялi ў поўнай цiшынi, моўчкi расступаючыся перад павольным атрадам, а калi паказваўся воз, акружаны коннымi рыцарамi, людзi станавiлiся на каленi i схiлялi галовы.
Падрэ Дыега ехаў каля воза, злева ад дона Ларэнца. Нахiлiўся да яго i спытаўся:
- Цi задумваўся ты, дон Ларэнца, што на сэрцы ў гэтых людзей, якiх тут так многа сабралася?
- Так, ойча, - адказаў дон Ларэнца, як звычайна, гледзячы перад сабою. Прысутнасць гэтых людзей сведчыць пра iх бязмежную любоў да асобы вялебнага айца.
Читать дальше