Дык няўжо цяпер яна выйдзе на плошчу i голасна прызнаецца ў тым, што гаспадары Хедэбю часткова мелi рацыю? Пярсцёнкам, як стала вядома, усё ж завалодалi сяляне з Ольсбю. Магчыма, нават пачнуць сцвярджаць аб тым, што яны, маўляў, ведалi, дзе пярсцёнак, выцерпелi арышт i дазнанне, спадзеючыся, што будуць апраўданы i змогуць прадаць пярсцёнак.
Ва ўсякiм выпадку Марыт разумела, што гонар ротмiстра, а заадно i яго бацькi, будзе выратаваны, калi яна аддасць пярсцёнак i раскажа, дзе яго знайшла. А Марыт не хацела i пальцам паварушыць дзеля таго, што прынесла б карысць i выгаду Лёвеншольдам.
Ротмiстр Лёвеншольд быў цяпер васьмiдзесяцiгадовым дзедам, багатым i магутным, знатным i паважаным. Кароль надаў яму баронскi тытул, i не было выпадку, каб яго напаткала якая-небудзь бяда. Сыны ў яго былi вельмi добрыя, жылi, як i ён, у дастатку i выгадна ажанiлiся.
А чалавек гэты забраў у Марыт усё, усё, усё, што ў яе было.
Яна засталася адна на свеце, гаротная, без мужа, без дзяцей, i ўсё па яго вiне. Доўгiя гады чакала яна i чакала, што яго напаткае суровае пакаранне, але так нiчога i не здарылася.
Раптам Марыт падскочыла, ачуўшыся ад свайго глыбокага роздуму. Яна пачула, як па двары шпарка бягуць дзецi, напэўна, да яе.
Гэта былi два хлопчыкi гадоў дзесяцi-адзiнаццацi. Адзiн быў сынам гаспадара, Нiльс, другога яна не ведала. I, вядома ж, яны прыбеглi папрасiць яе ў нечым дапамагчы.
- Марыт, - сказаў Нiльс, - гэта Адрыян з Хедэбю. Мы з iм былi вунь на той дарозе i ганялi абруч, а потым паспрачалiся, i я разадраў яго шапачку.
Марыт моўчкi сядзела, гледзячы на Адрыяна. Прыгожы хлопчык, у аблiччы якога было штосьцi цiхае i лагоднае. Яна схапiлася за сэрца, бо заўсёды адчувала боль i страх, калi бачыла каго-небудзь з Лёвеншольдаў.
- Цяпер мы зноў сябруем, - працягваў Нiльс, - вось я i падумаў: дай жа папрашу цябе, можа, ты паправiш Адрыяну шапачку, перш чым ён пойдзе дадому.
- Добра, - сказала Марыт, - зацырую!
Узяўшы ў рукi разадраную шапачку, яна паднялася, збiраючыся пайсцi ў клець.
- Напэўна, гэта знак божы, - прамармытала яна. - Пагуляйце ж яшчэ крыху на двары! - сказала Марыт хлопчыкам. - Хутка будзе гатова.
Зачынiўшы за сабой дзверы ў клець, яна пачала цыраваць дзiркi ў шапачцы Адрыяна Лёвеншольда.
IX
Зноў мiнула некалькi год, а пра пярсцёнак па-ранейшаму не было нi слыху нi дыху. Але вось здарылася так, што ў 1788 годзе дзяўчына Мальвiна Спак пасялiлася ў Хедэбю i стала там аканомкай. Была яна беднай пастарскай дачкой з Сёрмланда, нiколi раней за межы Вермланда не выязджала i не мела нiякага ўяўлення аб тым, што творыцца ў маёнтку, дзе ёй трэба было служыць.
Калi яна прыехала, яе адразу запрасiлi да баранэсы Лёвеншольд, каб адкрыць вельмi дзiўны сакрэт.
- Я лiчу, што будзе вельмi правiльна, - сказала гаспадыня дома, адразу ж адкрыць вам, паненка, таямнiцу. Трэба сказаць, у нас у Хедэбю водзяцца прывiды. Нярэдка здараецца, што па лесвiцах i ў галерэях, а часам нават i ў панскiх пакоях сустракаеш рослага, дужага чалавека, апранутага прыкладна як стары каралiнец - у высокiх батфортах i сiнiм форменным мундзiры. Ён з'яўляецца зусiм нечакана, калi адчыняеш дзверы цi выходзiш на лесвiчную пляцоўку: i не паспееш нават падумаць, хто гэта, як ён тут жа знiкае. Ён нiкога не крыўдзiць, i мы нават схiльныя думаць, што ён мае ласку да нас, i я прашу вас, паненка, не палохацца, калi сустрэнеце яго.
Дзяўчыне Спак iшоў у той час дваццаць другi год; была яна лёгкая i спрытная, на рэдкасць здольная ў розных хатнiх справах i работах, кемлiвая i рашучая, таму дзе б яна нi вяла гаспадарку, усё iшло ў яе як па масле. Але яна страшна баялася прывiдаў i нiколi не пагадзiлася б служыць у Хедэбю, калi б ведала, што яны там водзяцца. Аднак цяпер яна ўжо прыехала, а беднай дзяўчыне, вядома ж, асаблiва не даводзiлася выбiраць i адмаўляцца ад такога добрага месца. Таму яна зрабiла баранэсе рэверанс, падзякавала за перасцярогу i запэўнiла, што не запалохаецца.
- Мы нават не разумеем, чаму ён тут блукае, - працягвала гаспадыня дома. - Дочкi лiчаць, што ён падобны на дзядулю майго мужа - генерала Лёвеншольда, якога вы бачыце вунь на тым партрэце, i яны звычайна называюць прывiд Генералам. Але вы, паненка, вядома, разумееце, што нiхто не падумае сказаць, быццам па доме блукае сам генерал - ён жа, напэўна, найцудоўны быў чалавек. Шчыра кажучы, мы i самi не можам усё гэта зразумець. I калi сярод слуг пойдуць якiя-небудзь плёткi, у вас, паненка, спадзяюся, хопiць розуму не прыслухоўвацца да iх.
Дзяўчына Спак яшчэ раз зрабiла рэверанс i запэўнiла баранэсу, што нiколi не дапусцiць сярод слуг нiякiх плётак пра паноў; i на гэтым аўдыенцыя была закончана.
Читать дальше