У 1920-1930-ых гг. быў узведзены шэраг грамадскіх і жылых будынкаў, сярод якіх варта адзначыць банк (1934), афіцэрскі клуб на сучаснай вуліцы Ажэшкі. У паўночнай частцы цэнтральнага раёна сфармавалася катэджная забудова. Вялікая ўвага ўдзялялася добраўпарадкаванню тэрыторыі — на многіх вуліцах тратуары і праезныя часткі замошчаны бетоннымі плітамі.
У перыяд Другой сусветнай вайны пацярпела, галоўным чынам, гарадское асяроддзе ўздоўж вуліц Маставой і Крупскай. Разбурана шэсць-сем кварталаў з сярэдневяковай структурай вуліц, пацярпеў былы жаночы бернардзінскі манастыр. На галоўнай плошчы страчаны ратуша з гандлёвымі радамі і палац Радзівілаў, часткова зруйнавана забудова заходняга боку. У Занямонні пры бамбёжцы разбурана драўляная сінагога XVIII ст.
У пачатку 1960-ых гг. без якой-небудзь горадабудаўнічай неабходнасці быў знесены выдатны помнік архітэктуры XVI — пачатку XX ст., адна з асноўных дамінантаў гарадской панарамы — фарны касцёл на плошчы. У 1960-ых гг. знік таксама касцёл бернардзінак. Як і ў іншых гарадах, гэтыя злачынныя з сучаснага пункту гледжання дзеянні з'явіліся вынікам усеагульнага ідэалагічнага падыходу, што дэклараваўся ў краіне, праводзімай палітыкі барацьбы з рэлігіяй. У гэты ж перыяд падпалі пад знос аднапавярховыя жылыя дамы па вуліцы Замкавай, у тым ліку будынак XVIII ст. з ляпным цэхавым знакам рыбы на адной з лапатак фасада.
У многіх выпадках у забудове 1960-1980-ых гг. у старой частцы горада і на прылеглых да яе тэрыторыях адсутнічала пераемнасць гісторыкагорадабудаўнічых традыцый і ўнікальных асаблівасцей Горадні. Гэтую тэндэнцыю мэтазгодна прасачыць, у прыватнасці, на недастатковым уліку заканамернасцей развіцця грамадскага цэнтра горада (зоны канцэнтрацыі грамадскіх функцый). Разгледзім дынаміку яго фармавання з XII да сярэдзіны XX ст.
У XII–XIII стст. цэнтр ахоплівае Верхні замак і гандлёвую плошчу з культавымі будынкамі, якая, верагодна, склалася ля яго сцен з боку прыступу, паміж ім і прылеглым пасадам. Такі кампактны, вузлавы характар цэнтра ў XIV–XV стст. пераўтвараецца ў лінейна-вузлавы: па-першае, узбуйняецца старажытная частка цэнтра будаўніцтвам каля дзядзінца Ніжняга замка, які атрымлівае грамадскую функцыю, а па-другое, фармуецца новы готыка-рэнесансны цэнтр у выглядзе простакутнай рыначнай плошчы з касцёлам, злучаны са старажытнай часткай галоўнай вуліцай.
Асноўная вось захад-усход, якая пры гэтым намецілася, у XVI ст. дапаўняецца папярочнай воссю поўнач-поўдзень, арганізаванай новымі культавымі комплексамі і гандлёвымі плошчамі. Яны звязваюцца паміж сабой камунікацыямі, уздоўж якіх размяшчаецца жыллё заможных гараджан. На перакрыжаванні восяў далейшае развіццё атрымлівае комплекс галоўнай рыначнай плошчы. Ад асноўных восяў разыходзяцца іх адгалінаванні. Відаць, у гэты перыяд канчаткова дэградуе роля старажытнай плошчы каля замкаў як аднаго з гандлёвых падцэнтраў. Такім чынам, для XVI ст. тыповы пераход лінейна-вузлавой структуры цэнтра ў разгалінавана-вузлавую з зараджэннем характэрнай для Горадні тыпалагічнай асаблівасці — дзвюх асноўных структурных восяў, якія перасякаюцца пад прамым вуглом.
Развіццё разгалінавана-вузлавой структуры ў XVII — першай палове XVIII ст. выявілася ў павелічэнні яе маштабу, тэрытарыяльным працягу восі захад — усход, узбуйненні вузлоў. Пры гэтым характэрна, у параўнанні з эпохай Адраджэння, адміранне некаторых гандлёвых падцэнтраў, напрыклад Нямецкага рынку, або ператварэнне іх у культавыя комплексы (размяшчэнне францысканскага кляштара на тэрыторыі рыначнай плошчы ў Занямонні).
У другой палове XVIII — пачатку XIX ст., у адрозненне ад папярэдняга перыяду, шыротная вось кансервуецца, а моцнае развіццё набывае мерыдыянальная вось з далейшым ростам яе адгалінаванняў. Якасна новая ўласцівасць гэтага этапу — дапаўненне разгалінавана-вузлавой структуры занальнымі элементамі, зліццё асобных вузлоў у грамадскія тэрыторыі. Гэтая якасць стала дамінуючай у канцы XIX — пачатку XX ст., аднак разгалінавана-вузлавы прынцып утварэння структуры грамадскага цэнтра захоўваецца. У гэты перыяд узнікае таксама другая шыротная вось аднабаковай арыентацыі, якая арганічна пачынаецца з месца злому мерыдыянальнай восі.
Такім чынам схема эвалюцыі цэнтра Горадні ўкладваецца ў часавую паслядоўнасць: вузлавы, лінейна-вузлавы, разгалінавана-вузлавы, занальнаразгалінавана-вузлавы цэнтр. Вызначальнай тыпалагічнай адзнакай структуры цэнтра з'яўляліся дзве ўзаемна перпендыкулярныя восі, сфармаваныя грамадскімі комплексамі, з галоўным ансамблем горада ў месцы іх перасячэння. У развіцці цэнтра існавала ўстойлівая аб'ектыўная тэндэнцыя паэтапнага тэрытарыяльнага пашырэння.
Читать дальше