Гэтая асаблівасць, аднак, не атрымала паўнацэннага пераемнага развіцця ў далейшым. Паказальным прыкладам таму можа служыць арганізацыя новага адміністрацыйнага цэнтра ў раёне плошчы Леніна (былой Палацавай), размяшчэнне буйных, функцыянальна ёмістых аб'ектаў на тэрыторыі гістарычнага ансамбля. Неабгрунтаванае горадабудаўнічае рашэнне прывяло да ўзвядзення паблізу, на вуліцы Савецкай, шматпавярховага будынка аблвыканкама, які не адпавядаў маштабнасці старой забудовы, парушыў сілуэт гістарычнага раёна. Пры гэтым існавалі праектныя прапановы па будаўніцтву новага адміністрацыйна-грамадскага комплексу на невялікім аддаленні ад гістарычнага раёна, на паўночны захад ад яго за ракой Гараднічанкай, што садзейнічала б арганічнаму працягу шматвяковага працэсу тэрытарыяльнага развіцця структуры ансамбляў цэнтра Горадні. Аднак у выніку памылковых дзеянняў фармаванне цэнтра пайшло па горшым шляху, які знізіў культурныя якасці і выдатнасці аблічча горада.
Размяшчэнне будынка аблвыканкама без неабходных з функцыянальна-планіровачнага пункту гледжання падстаў з'явілася пачаткам іншых суб'ектыўных дзеянняў — прыбудовы да яго з павелічэннем даўжыні шматпавярховага корпуса, зносу перад ім старога квартала па вуліцы Сацыялістычнай. Негатыўны эфект атрымаўся пры расшырэнні плошчы Леніна за кошт знішчэння ўчастка гістарычна каштоўнага ландшафта ўздоўж
Гараднічанкі, будаўніцтва двух адміністрацыйных будынкаў былых гарадскіх камітэтаў КПБ і ЛКСМБ. Тым самым у разглядаемай зоне адбылася карэнная змена планіровачнай і кампазіцыйна-прасторавай структуры архітэктурнага ансамбля Гарадніцы XVIII ст., прадстаўленай на гэтым участку сістэмай дзвюх плошчаў перад палацам Тызенгаўза і будынкам адміністратара, а таксама гістарычным ландшафтам каля былога батанічнага сада.
Наступным крокам стаў знос аднаго з гістарычных будынкаў, якія фармавалі парадную прастору Палацавай плошчы перад рэзідэнцыяй Тызенгаўза (палац разбураны ў гады першай сусветнай вайны). Відавочна, што для лагічнага завяршэння пампезнай ідэі, задуманай у свой час не без удзелу кіруючых партыйных органаў, неабходна знесці капітальны пяціпавярховы жылы дом 1960-ых гг. па вуліцы Савецкай, што раскрые да новай плошчы фасад будынка аблвыканкама. Функцыянальны эфект усіх пералічаных пераўтварэнняў вельмі нязначны, невысокія і архітэктурна-мастацкія якасці будынкаў былых гарадскіх камітэтаў КПБ і ЛКСМБ.
На суседняй вуліцы Ажэшкі, якая ўваходзіла ў ансамбль Гарадніцы, у пасляваенныя дзесяцігоддзі было разбурана некалькі тыпавых жылых дамоў рамеснікаў, якія ў XVIII ст. фармавалі цэласны, адзіны ў сваім родзе на тэрыторыі Беларусі ансамбль вуліцы. Першапачаткова іх налічвалася 20, да цяперашняга часу захаваўся толькі адзін.
Нямала прыкладаў сучаснага будаўніцтва, якое парушае традыцыйнае аблічча гарадскога асяроддзя. Новая прыбудова да ўнівермага па сваім аб'ёмна-прасторавым рашэнні і апрацовачных матэрыялах не адпавядае характару гістарычнай забудовы вуліцы Савецкай. Будынак драматычнага тэатра на важнейшым у горадабудаўнічых адносінах участку на месцы разбуранага кляштара бернардзінак у цэлым мае развітае і своеасаблівае аб'ёмна-пластычнае рашэнне, аднак вызначаецца схематызмам, самадастатковым і абыякавым да рознахарактарнага гістарычнага наваколля абліччам. З сучасных пазіцый для ўзбагачэння культуралагічнага зместу цэнтра горада на гэтым месцы больш правільна было б узнавіць комплекс жаночага бернардзінскага кляштара з яго выкарыстаннем па аптымальным сучасным прызначэнні. Для будынка тэатра трэба было знайсці іншае, важнае ў структурна-планіровачных адносінах месца ў горадзе. Відавыя напрамкі на гістарычны цэнтр з боку вуліцы Горкага перакрыты сучаснымі шматпавярховымі аб'ёмамі будынкаў вылічальнага цэнтра і тыповай паліклінікі на вуліцы Лермантава.
Трэба адзначыць, што параўнанне планаў Горадні розных гістарычных перыядаў з сучаснай сітуацыяй сведчыць аб высокай ступені захаванасці планіровачнай структуры і элементаў прасторавай кампазіцыі. Акрамя таго, аналіз плана дазваляе прасачыць тэрыторыі, розныя па часе асваення і ўтварэння асноў вулічнай сеткі. Участак паміж Нёманам і Гараднічанкай у межах вуліц Крупскай, К. Цэткін і Пасіянарыі мае элементы сярэдневяковай радыяльна-дугавой схемы XI–XIV стст. На поўнач і ўсход ад яго ў межах вуліц Энгельса, Кірава, Чапаева, Маладзёжнай і Камсамольскай сетка вуліц склалася пад уплывам горадабудаўнічай культуры готыкі і рэнесансу XV–XVI стст. і вызначаецца вялікімі памерамі і правільнай канфігурацыяй былой рыначнай плошчы, больш буйнымі кварталамі і працяглымі вуліцамі. Тэрыторыя далей на ўсход, абмежаваная вуліцамі Паўлоўскага і Чапаева, а таксама Гарадніцы была асвоена ў XVII–XVIII стст. Многія напрамкі сфармаваліся ў XIX — пачатку XX ст. і вызначаюцца рэгулярным характарам, элементамі простакутнай схемы ў паўночнай частцы гістарычнага раёна. У цэлым планіроўка, сістэма забудовы розных эпох, ад XII ст. да 1930-ых гг., прасторавая кампазіцыя гістарычнага раёна патрабуюць у далейшым максімальнага захавання, аднаўлення і творчага развіцця ў працэсе рэканструкцыі горада.
Читать дальше