Другая палова XVIII і першая палова XIX ст. з'яўляюцца перыядам найвышэйшага развіцця кампазіцыйнай сістэмы архітэктурных дамінантаў. Іх значная колькасць, асаблівасці месц змяшчэння ў прыродным ландшафце і планіровачнай структуры абумовілі высокія эстэтычныя якасці горадабудаўнічай кампазіцыі. У гэты перыяд, як і ў іншых вялікіх гарадах, культавыя комплексы падзяляліся на тры групы па сваім значэнні ў прасторы горада. Да першай групы адносіліся бернардзінскі і езуіцкі кляштары і фарны касцёл. Па сваёй тэрыторыі вылучаўся езуіцкі кляштар, які займаў квартал і ўключаў касцёл, вучэбныя карпусы калегіума, бібліятэку, аптэку, жылыя і гаспадарчыя будынкі.
Найлепшым чынам дамінанты першай групы ўспрымаліся з перыферыйных і прыгарадных тэрыторый на левым беразе Нёмана і на захад ад Гараднічанкі. З унутраных гарадскіх прастораў, з вуліц і плошчаў збудаванні гэтай групы аглядаліся амаль усебакова.
Для вышынных збудаванняў другой групы (францысканскі, брыгіцкі, жаночы бернардзінскі, кармеліцкі, дамініканскі, базыльянскі кляштары) характэрны меншая вышыня і памеры храмаў у плане, 'маштаб жылых і падсобных пабудоў. Брыгіцкі і дамініканскі манастыры займалі радавое становішча ў забудове вуліц, базыльянскі — змяшчаўся ўнутры квартала. Візуальнае ўспрыняцце некаторых дамінантаў было больш абмежаванае ў параўнанні з комплексамі першай групы, хоць яны таксама актыўна фармавалі сілуэт горада пры аглядзе з розных напрамкаў.
Да вышынных будынкаў трэцяй групы адносіліся Барысаглебская царква, манастыры Святога Духа і баніфратараў, сінагога і кірха, пабудаваная на Гарадніцы ў другой палове XVIII ст. Гэтыя аб'екты, параўнальна невялікага маштабу, размяшчаліся ў розных горадабудаўнічых умовах — з магчымасцю кругавога агляду (Барысаглебская царква), у забудове вуліцы (манастыр Святога Духа), унутры квартала (сінагога, баніфратарскі касцёл), у завяршэнні перспектывы кароткай вуліцы (кірха).
Манастырскія комплексы XVII–XVIII стст. мелі агульныя, традыцыйныя рысы кампазіцыі. Культавы будынак — галоўнае збудаванне комплексу, заўсёды знаходзіўся на перыферыі займаемай ім тэрыторыі, выходзячы фасадамі на вуліцы альбо плошчу і набываючы тым самым максімальную для дадзенага месца і матэрыяльных магчымасцей манаскага ордэна ролю ў структуры горада. Прынцыпы размяшчэння жылых і гаспадарчых карпусоў можна падзяліць на замкнёны, калі будынкі фармавалі закрыты ўнутраны двор (простакутны, з выразнай прасторавай арганізацыяй альбо больш складаны з маляўнічай групоўкай прастораў) і паўзамкнёны, які вызначаўся адкрытым усярэдзіну квартала дваром і разнастайнай растаноўкай карпусоў.
Дамінанты фармавалі прыродныя прасторы далін рэк. Уздоўж правага берага Нёмана склаўся шэраг кампазіцыйна звязаных асноўных збудаванняў: Барысаглебская царква — Верхні замак — Ніжні замак — базыльянскі манастыр — кляштар бернардзінак — кармеліцкі кляштар — кляштар бернардзінцаў. Францысканскі кляштар на левым беразе і страчаныя да гэтага часу будынкі — стары кармеліцкі кляштар і царква
Святога Крыжа таксама падпарадкоўваліся гэтай заканамернасці. Адначасова Барысаглебская царква, Верхні замак і сінагога абрамлялі прыродную прастору даліны Гараднічанкі.
У XVIII ст. у параўнанні з папярэднім часам сілуэт Горадні ўзбагаціўся за кошт ускладнення архітэктурных аб'ёмаў, павелічэння колькасці вежаў і вышыні культавых збудаванняў, што вызначала «вертыкалізм» сілуэта. Для Горадні, як і многіх іншых гарадоў, у розныя перыяды была ўласцівая галоўная, найбольш высокая дамінанта. У XVI ст. ёю служыла ратуша, у XVII ст. — фарны касцёл. У XVIII ст. галоўнай вертыкаллю становіцца перабудаваная ў формах віленскага барока званіца бернардзінскага касцёла. Шмат'ярусная званіца спалучалася з выразным шчытом галоўнага фасада касцёла, правобразам якога з'яўлялася царква Іль Джэзу ў Рыме, пабудаваная ў 1568–1584 гг. выдатнымі італьянскімі дойлідамі Дж. Віньёла і Дж. Порта.
У сілуэце горада прасочваліся разнастайныя вышынныя ўзроўні забудовы. Апрача падзелу дамінантаў па вышыні на тры групы і наяўнасці галоўнай вертыкалі, існавалі таксама буйнамаштабныя манастырскія карпусы і гарадскія палацы, як правіла, у два паверхі з высокім дахам. Самы нізкі ўзровень складала асноўная маса жылой забудовы.
У 1760-1780-ых гг. па ініцыятыве міністра фінансаў А. Тызенгаўза на паўночнай ускраіне горада, на месцы вёскі Гарадніцы, ствараецца прамыслова-культурны цэнтр, што з'явілася буйнейшым горадабудаўнічым мерапрыемствам. Тут арганізаваліся шаўковая, суконная, адзежная, карэтная, ружэйная, фарбавальная і іншыя мануфактуры, дзе працавала каля 150 чалавек. У забудову ўвайшлі 85 будынкаў рознага прызначэння: палацы Тызенгаўза, адміністратара і віцэ-адміністратара, тэатр, музычная і медыцынская школы, гасцініцы, шынкі, манеж са стайнямі, жылыя дамы і іншыя пабудовы. Планіроўка раёна фармавалася з асобных рэгулярна спланаваных груп забудовы, аб'яднаных адзінай задумай. Да іх адносіліся: адміністрацыйна-гаспадарчая, якая прымыкала да плошчы перад палацам Тызенгаўза; вучэбна-навуковая з медыцынскай школай і батанічным садам; мануфактурна-вытворчая ў выглядзе кампактнага ўтварэння вакол квадратнай замкнёнай плошчы. Усе тры групы забудовы змяшчаліся ўздоўж вуліцы Раскоша, якая звязвала комплекс са старой часткай горада.
Читать дальше