У паўночнай частцы Горадні існавала таксама квадратная плошча малых памераў — так званы Нямецкі рынак, які ў другой палове XVI ст. ужо прыйшоў у заняпад. Выказваецца меркаванне, што гэта быў рынак калоніі прусаў, паколькі памежная Горадня мела разнастайны склад насельніцтва. Вядома, напрыклад, што ў 1392 г. князь Вітаўт дазволіў крыжакам пабудаваць у Занямонні замак Новая Горадня, які, аднак, ён у тым жа годзе разбурыў.
У першай палове XVI ст. на месцы руінаў Ніжняга замка пабудаваны вялікі каралеўскі палац. Сярод будынкаў на замкавым узвышшы, якія ўваходзілі ў палацавы комплекс, знаходзілася Васкрэсная царква XII–XIII стст. Пасля, у 1613 г., яна згарэла і пабудавана нанова на тэрыторыі горада.
Асноўныя культавыя будынкі займалі вяршыні прыбярэжных узгоркаў, броўкі плато, вузлавыя месцы планіровачнай структуры і служылі вышыннымі элементамі прасторавай кампазіцыі горада. Многія храмы размяшчаліся ў завяршэнні відавых перспектыў вуліц, што абумоўлівалася функцыянальнымі і эстэтычнымі патрабаваннямі і на працягу стагоддзяў з'яўлялася горадабудаўнічай традыцыяй. У XVI ст. акрамя памянёных культавых будынкаў існавалі цэрквы: Прачысценская, перабудаваная з храма XII ст., Малая Каложская на вуліцы Замкавай, Барысаглебская, Святога Крыжа на Падоле, Троіцкая (1511) на Нямецкім рынку, Мікалаеўская на паўночнай ускраіне, а таксама касцёл Святога Духа (1553) па Віленскай вуліцы і сінагога паблізу замка.
У Занёманскай, найбольш позняй частцы Горадні, фармуецца новы рынак, добра звязаны з воднай камунікацыяй. Гандлёвая плошча атрымала тыповую форму простакутніка, да вуглоў якога падыходзілі вуліцы. Паблізу, насупраць замкаў існаваў звярынец з сажалкамі, элемент дастаткова пашыраны ў гарадах і рэзідэнцыях магнатаў XV–XVI стст. Абедзве часткі горада злучаліся мостам цераз Нёман на ражавых апорах і з уезнай вежай. Развіццё планіроўкі і забудовы суправаджалася павышэннем узроўню гарадскога добраўпарадкавання. Вуліцы былі забрукаваны, у 1541 г. зроблены водаправод.
У 80-ых гг. XVI ст. пры каралю Стэфану Баторыю Стары замак карэнным чынам перабудоўваецца ў стылі рэнесансу. У XVII ст. будуюцца альбо перабудоўваюцца манументальныя культавыя комплексы, якія належалі розным ордэнам. Яны займалі важнейшыя ў горадабудаўнічых адносінах участкі, маючы як абароннае, так і кампазіцыйнае значэнне.
У 1602–1618 гг. на месцы былых каралеўскіх стайняў узведзены касцёл бернардзінцаў, а ў 1621–1651 гг. насупраць яго на суседнім узгорку — кляштар бернардзінак. Да 1630-ых гг. адносіцца будаўніцтва дамініканскага кляштара на Віленскай вуліцы (пасля жылы корпус перабудаваны ў стылі класіцызму, касцёл разбураны ў 1874 г.), да 1634–1642 гг. — узвядзенне брыгіцкага кляштара на вуліцы Азёрскай. У 1635 г. у Занёманскім прадмесці закладзены францысканскі кляштар (перабудаваны ў XVIII ст.). Да першай паловы XVII ст. адносіцца таксама будаўніцтва новай мураванай сінагогі на месцы драўлянага храма, які згарэў у 1617 г. Адным з найбольш буйных і адметных у архітэктурна-мастацкіх адносінах збудаванняў стаў касцёл езуіцкага калегіума на галоўнай плошчы (1678–1700 гг., дабудаваны ў 1750–1752 гг.), узведзены на месцы, дзе ў XVI ст. стаяла Сімяонаўская царква.
У 1673 г. на Падоле паўстаў драўляны кармеліцкі касцёл, у 1738–1765 гг. — мураваны кармеліцкі на суседнім участку (згарэў у 1904 г.). Да 1729 г. адносіцца закладка невялікага кляштара баніфратэраў. У 1720–1751 гг. па праекце архітэктара І.Фантана на месцы згарэлага Прачысцінскага манастыра пабудаваны вуніяцкі базыльянскі манастыр з царквою Раства Багародзіцы (дабудаваны ў XIX ст.).
У XVII ст. будуюцца гарадскія палацы — Радзівіла, уключаны ў ансамбль галоўнай плошчы. Сапегі — на Азёрскай, Пухальскага — на Дзям'янаўскай вуліцах, Агінскага — на беразе Нёмана. У XVIII ст. пабудаваны палац Масальскага на Замкавай вуліцы.
Планіроўку Горадні канца XVIII ст. ілюструе фіксацыйны план 1795 г. Яе фармаванне на працягу стагоддзяў характарызавалася пераемнасцю асноўных асаблівасцей, якія склаліся на больш ранніх гістарычных этапах. Уздоўж асноўнай планіровачнай восі, якая праходзіць па водападзеле, сканцэнтраваўся шэраг вышынных збудаванняў — фарны, езуіцкі, брыгіцкі касцёлы. У мінулым уздоўж гэтай восі знаходзіліся таксама Малая Каложская царква і ратуша. Другую планіровачную вось — вуліцы Маставую і Віленскую адзначалі мужчынскі і жаночы бернардзінскія, кармеліцкія, фарны, дамініканскі і Святадухаўскі касцёлы. Як упаміналася, на скрыжаванні восяў размяшчалася галоўная гарадская плошча.
Читать дальше