Цяпер становіцца зразумелым, што так званая «рэканструкцыя» гісторыка-архітэктурнага ансамбля галоўнай плошчы Пінска, праведзеная ў 1960-ых гг., - адзін з найбольш трагічных узораў шырокамаштабнага знішчэння спадчыны. Яна служыць яскравым праяўленнем адначасова агульнадзяржаўнай палітыкі разбурэння культавых помнікаў, пагарды і раўнадушша да помнікаў археалогіі і культурных каштоўнасцей наогул дзеля будаўніцтва комплексу жылых і грамадскіх дамоў на цэнтральнай гарадской плошчы. Гэта прыклад невысокіх эстэтычных якасцей архітэктуры 1960-ых гг., неразвітасці горадабудаўнічай тэорыі і практыкі, недастатковай культурна-гістарычнай і прафесійнай адукацыі асоб, адказных за ажыццяўленне рэканструкцыі.
«Пераўладкаванне» ансамбля не абмежавалася ліквідацыяй усіх збудаванняў езуіцкага калегіума, за выключэннем трохпавярховага жылога корпуса і двух гаспадарчых будынкаў каля ракі. Дзеля расшырэння прасторы плошчы знесены карпусы гандлёвых радоў — традыцыйны і характэрны элемент ансамбля, не засталося і гістарычнай жылой і грамадскай забудовы паўночнага боку. Паблізу ансамбля замест рэстаўрацыі знесены рэшткі манументальнай сінагогі, рэдкага па сваёй тыпалогіі помніка, закладзенага яшчэ ў пачатку XVI ст.
Сур'ёзнай горадабудаўнічай памылкай стала ліквідацыя часткі гарадзішча, культурны пласт якога быў парушаны яшчэ ў 1926–1928 гг., і будаўніцтва тут па вуліцы Берасцейскай і на заходнім баку плошчы групм пяціпавярховых тыпавых жылых дамоў сумніцельных мастацкіх вартасцей, якія перасеклі ўпоперак тэрыторыю археалагічнага помніка. Дзіўна, што ўзвядзенне такіх жа спрошчаных па архітэктуры тыпавых будынкаў на паўночным баку звузіла плошчу на 30 м у параўнанні з яе шырынёй у XIX ст. Пасля на рагу плошчы і вуліцы Леніна знесены будынак другой паловы XIX — першых дзесяцігоддзяў XX ст., а на перакрыжаванні з вуліцай Першамайскай і па яе заходнім баку — некалькі гістарычных пабудоў, сярод якіх, паводле дадзеных плана горада 1856 г., знаходзілася прыходскае вучылішча.
Паводле звестак П. Ф. Лысенкі, што прыводзяцца ў кнізе «Гарады Тураўскай зямлі», яшчэ ў канцы 1950-ых гг. у рэльефе мясцовасці ў межах вуліцы Горкага прасочваліся сляды вакольнага горада. Паверхня зямлі ў яго заходняй і паўночнай частках узвышалася над акаляючай тэрыторыяй на 3–6 м. Няцяжка ўявіць, што захаванне гэтай гісторыка-ландшафтнай асаблівасці гарадскога асяроддзя не толькі садзейнічала б ахове археалагічнага помніка, але і значна ўзбагаціла б цэнтр горада ў інфармацыйна-сэнсавых і эстэтычных адносінах.
Да нашага часу страчаны існаваўшы яшчэ ў 1950-ых гг. на перакрыжаванні вуліц Горкага і Першамайскай дамініканскі касцёл (з 1857 г. — саборная Праабражэнская, пазней Феадароўская царква), які дамінаваў над большасцю збудаванняў горада. Разбураны таксама яго вялікі кляштарны корпус з унутраным дваром.
Фабрыка, размешчаная паблізу францысканскага кляштара, пагоршыла экалагічны стан цэнтра горада і ўмовы ўспрыняцця помніка. З неразуменнем гісторыка-горадабудаўнічых традыцый звязана ўзвядзенне ў 1960-ых гг. гасцініцы на набярэжнай, якая функцыянальна і прасторава аддзяліла ад ракі былы палац Бутрымовіча — помнік барока і класіцызму 1794 г. Гэты рэдкі ўзор гарадскога палаца, існуючага і зараз, паўднёвым фасадам з курданёрам быў павернуты да ракі і зарэчных тэрыторый, меў перад сабой сад і дзве рэгулярнай канфігурацыі гавані для суднаў. Гасцініца назаўсёды пазбавіла магчымасці ўзнаўлення ландшафтнага наваколля і малых архітэктурных форм сядзібнага ансамбля. Аднак неабдуманасць дадзенага рашэння яшчэ малазначная памылка ў параўнанні з наступным рэканструкцыйным крокам — прыбудовай у 1980-ых гг. да старой 3-павярховай гасцініцы новага 9-павярховага вежавага корпуса, які сваім маштабам непапраўна сказіў гарадское асяроддзе гэтага раёна. Акрамя таго, для яго будаўніцтва спатрэбілася знесці два каштоўныя старыя будынкі, якія фармавалі ўчастак забудовы вуліцы Леніна — галоўнага гісторыка-архітэктурнага ансамбля Пінска.
Трэба адзначыць, што, нягледзячы на істотныя страты, у пачатку 1970-ых гг. гісТарычны раён Пінска яшчэ захоўваў цэласнасць у адносінах свайго сілуэта, прасторавай арганізацыі шматлікіх гарадскіх вуліц, маштаба мала- і сярэднепавярховай забудовы, архітэктуры фасадаў будынкаў. Вобраз гарадскога асяроддзя вызначаўся барочнымі дамінантамі, масавай забудовай XIX — пачатку XX ст. эпохі Расейскай імперыі, помнікамі будаўнічай культуры польскага перыяду. Рэканструкцыйныя дзеянні 1970, 1980 і пачатку 1990-ых гг. моцна парушылі цэласнасць старажытнага раёна.
Читать дальше