Аналіз абедзвюх груп прычын можа быць тэмай асабістага сацыяльна-палітычнага і архітэктуразнаўчага даследавання. Мэтай дадзенага раздзела з'яўляецца выяўленне і аналіз багатай горадабудаўнічай спадчыны, што па розных абставінах не дайшла да нашага часу і можа служыць прадметам пераважна тэарэтычных рэканструкцый. Не ставяцца задачы ахарактарызаваць нерухомую культурную спадчыну, якая захавалася, метадалогію альбо немалы станоўчы вопыт рэалізацыі рэканструкцыі гістарычных раёнаў гарадоў, чаму прысвечана вялікае кола іншых крыніц.
Пры гэтым адзначым некаторыя найбольш важныя прычыны, якія абумовілі знішчэнне ці скажэнне гістарычнай планіровачнай структуры, забудовы і кампазіцыі гарадоў у 1950-1970-ых гг. і пазней. Да іх адносяцца: нізкі ўзровень развіцця тэорыі рэканструкцыі гарадоў; шкодныя для нацыянальнай культуры ідэалагічныя прынцыпы, галоўным чынам у адносінах да культавага дойлідства; слабая даследаванасць спадчыны многіх населеных месцаў; недахопы горадабудаўнічых і архітэктурных праектаў; нізкі ўзровень развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы рэстаўрацыі і рэканструкцыі забудовы; недастатковае фінансаванне работ па ахове спадчыны; арыентацыя будаўнічай базы рэспублікі пераважна на зборнае домабудаванне з абмежаванай тыпалогіяй шматпавярховай забудовы, не адпаведнай гістарычным раёнам; суб'ектывізм прыняцця горадабудаўнічых рашэнняў, паводле якіх ажыццяўляўся неабгрунтаваны знос гістарычнай забудовы пры размяшчэнні новых комплексаў.
Усё гэта вызначала ў цэлым нігілістычнае стаўленне да помнікаў культуры, адсутнасць у прафесійнай і масавай свядомасці адэкватнай шкалы духоўных каштоўнасцей у адносінах да гарадскога асяроддзя, недаацэнку значэння спадчыны ў практыцы забудовы населеных месцаў. Разам з матэрыяльнай структурай гістарычных аб'ектаў знішчаліся іх эстэтычныя ўласцівасці, што з'яўляліся нацыянальным багаццем. Яны прамяняліся на ідэалічныя догмы, сёння страціўшыя ўсякі сэнс, альбо на задавальненне ўтылітарных патрабаванняў у жыллі, грамадскім абслугоўванні ці месцах прыкладання працы, ажыццявіць якія можна было на многіх іншых участках горада. Немалое значэнне ў гэтай сітуацыі мелі і маюць прафесійныя догмы — горадабудаўнічыя і архітэктурныя.
З пункту гледжання страты культурнай спадчыны неабходна закрануць праблему тапанімікі. Элементы гарадскога асяроддзя — раёны забудовы цэнтра, прадмесці, вуліцы, плошчы — фармаваліся на працягу стагоддзяў і мелі традыцыйныя старажытныя назвы, якія неслі пэўны змест, выклікалі асацыяцыі з гісторыяй краю, яго культурай, з'яўленнем горада і ўсёй сістэмы рассялення, функцыянальнымі і ландшафтнымі асаблівасцямі тэрыторыі, святынямі, што існавалі ў мінулым. Ідэалагізацыя грамадства ў савецкі перыяд выявілася ў парадаксальным факце — паслядоўным імкненні знішчыць у масавай свядомасці гэтую тапанімічную спадчыну.
З аднаго боку, вуліцы і плошчы ў цэнтральных частках усіх гарадоў набылі зусім стандартны набор назваў, што само па сабе праява ідэалагічнай вузкасці мыслення. З другога боку, у шматлікіх выпадках незразумелы мацівы, якія падахвоцілі назваць вуліцу ў гонар грамадскага дзеяча альбо героя, нічым не звязанага з дадзеным краем, горадам і ягонымі людзьмі, што з'яўлялася свайго роду беззмястоўнай літаратурнай формай.
Разгляд страчанай у розныя часы спадчыны мы пачнем з агульнай характарыстыкі асноўных этапаў развіцця горадабудаўніцтва да пачатку XX ст. Большасць беларускіх гарадоў узнікла ў старажытнарускі перыяд. У IX–XI стст. адпаведна летапісам узніклі Полацак (862), Тураў (980), Заслаўе (канец X ст.), Берасце (1019), Віцебск (1021), Менск і Ворша (1067), Друцак (1092), Пінск (1097). Археалагічныя даследаванні сведчаць, што ўжо ў XI ст. існавалі Браслаў, Ваўкавыск, Горадня, Крычаў, Наваградак. У пісьмовых крыніцах XII–XIII стст. упамінаюцца Копысь і Слуцак (1116), Барысаў і Клецак (1127), Гомель і Рагачоў (1142), Мазыр (1155), Мсціслаў (1156), Камянец (1196), Рэчыца (1213), Нясвіж (1223), Капыль (1224), Слонім (1251), Кобрын (1287).
Асновай горада з'яўляўся ўмацаваны дзядзінец (замак), які размяшчаўся, дзеля лепшай абароны, на ўзвышшы, звычайна ў сутоках дзвюх рэк. Іншы раз дзядзінец быў у нізіне, і прыроднай перашкодай з'яўлялася балоцістая мясцовасць. На дзядзінцы знаходзіліся княжацкі палац, сабор і іншыя культавыя будынкі, жыллё феадалаў і дружыны, заможных рамеснікаў. Да дзядзінца прылягаў навакольны горад, звычайна ўмацаваны валам са сцяной і абарончым ровам. Каля сцен дзядзінца традыцыйна размяшчалася гандлёвая плошча, да якой радыяльна сыходзіліся вуліцы. Трэцяй структурнай часткай гарадской тэрыторыі з'яўляўся пасад, які далучаўся да навакольнага горада. Такім чынам, у разглядаемы перыяд і ў наступныя стагоддзі найбольш буйныя гарады мелі трохчасткавую структуру. Уздоўж шляхоў на акраінах гарадоў узнікалі неўмацаваныя слабоды.
Читать дальше