У другой палове XIX — пачатку XX ст. у сувязі з інтэнсіўным развіццём капіталістычных адносін у гарадах, асабліва буйных, бурна расла прамысловасць. Істотным горадаўтваральным фактарам становіцца чыгуначны транспарт. Павялічваецца тэрыторыя і насельніцтва гарадоў. Змяняюцца функцыі паселішчаў, якія набываюць ролю не толькі гандлёвых і адміністрацыйных цэнтраў, але цэнтраў прамысловасці, культуры, фінансавай дзейнасці, што было прычынай з'яўлення новых тыпаў будынкаў.
Прынцыпы рэгулярнай планіроўкі адбіліся на далейшым фармаванні населеных месцаў. На значных тэрыторыях сфармавалася новая капітальная забудова, якая захавалася да нашага часу. Знізілася роля плошчаў як адміністрацыйных і гандлёвых цэнтраў, часткова яны адводзіліся пад гарадскія скверы. Пры гэтым зоны канцэнтрацыі грамадскага жыцця перамясціліся на галоўныя вуліцы. У цэлым структуры гарадскіх цэнтраў атрымалі значнае тэрытарыяльнае развіццё, трансфармаваліся з плошчы ў сістэму плошчаў і асноўных магістраляў. Працягвалі будавацца культавыя збудаванні, аднак іх значэнне ў прасторавай кампазіцыі горада было меншае, чым у папярэднія перыяды.
Пяройдзем да падрабязнага разгляду асаблівасцей гарадоў, што дазволіць ахарактарызаваць высокую ў мінулым і цяпер страчаную горадабудаўнічую культуру, знікшыя ўнікальныя архітэктурна-мастацкія якасці. Адзначым факты фізічнага разбурэння помнікаў альбо маральнага іх знішчэння ў наш час шляхам узвядзення паблізу рэзка дысгармануючай забудовы, якія прывялі да цяперашняга вельмі збедненага стану гістарычных раёнаў гарадоў.
Зробім аналіз гарадоў паслядоўна, паводле геаграфічнай прыметы, «рухаючыся» з усходу на захад. Выбар прыкладаў і падрабязнасць асвятлення тых ці іншых пытанняў вызначаюцца памерамі страт горадабудаўнічых помнікаў і неабходнасцю разгледзець гарады рознай велічыні, якія мелі ў мінулым і цяпер маюць найбольш каштоўную спадчыну, з асабліва канфліктным супрацьпастаўленнем старога і новага.
Гістарычнае развіццё паселішчаў характарызуецца па этапах, аднак найбольшая ўвага ўдзелена другой палове XVIII — першай палове XIX ст. На гэты час прыпадае найвышэйшае развіццё, «росквіт» горадабудаўнічай кампазіцыі большасці беларускіх гарадоў і мястэчак. У параўнанні з папярэднімі этапамі ў другой палове XVIII і першай палове XIX ст. гарады мелі большыя тэрыторыі, колькасць і маштаб вышынных культавых збудаванняў, больш высокі ўзровень капітальнасці масавай забудовы. У гэты перыяд праявілася найвышэйшае развіццё сістэмы прасторавых дамінантаў, дасканаласць кампазіцыйных сувязей паміж імі, гарманічнае адзінства планіроўкі і забудовы з навакольным прыродным ландшафтам, выразныя суадносіны вышыннай і радавой забудовы, іншыя якасці. Найбольш каштоўнымі эстэтычнымі ўласцівасцямі валодаў як горад у цэлым, так і яго асноўныя ансамблі, напрыклад, галоўныя плошчы.
У далейшым, пачынаючы з сярэдзіны XIX ст., назіраецца паступовы працэс парушэння ўсталяванай сістэмы дамінантаў, страты важнейшых збудаванняў альбо іх скажэнне шляхам карэннай перабудовы. У многім факты зносу і перабудовы абумоўлены мікалаеўскай рэакцыяй, што наступіла пасля выступлення дзекабрыстаў і нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830–1831 гг. у Польшчы, Беларусі і Летуве. У наступныя дзесяцігоддзі працэс перабудовы каталіцкіх храмаў працягваўся. Вялікія страты гарадскому асяроддзю нанесены першай сусветнай вайной. У другой палове XIX — пачатку XX ст. натуральнае назапашванне новых архітэктурна-мастацкіх каштоўнасцей — буйнамаштабнай грамадскай і жылой капітальнай забудовы, рознай па стылістычных напрамках, аб'ектаў культавай і прамысловай архітэктуры, тым не менш, не ўзняло дасягненні гэтага часу да эстэтычнага ўзроўню перыяду найвышэйшага развіцця горадабудаўнічай кампазіцыі.
Самы старажытны беларускі горад, цэнтр буйнейшага і багатага княства, межы якога ў канцы XI ст. дасягалі Рыжскага заліва, мае і найбольш даўнюю архітэктурную спадчыну. Полацак склаўся пры ўпадзенні ракі Палаты ў Заходнюю Дзвіну і ў XI–XIII стст. меў характэрную для таго часу забудову: размешчаныя на ўзвышшах Верхні замак (дзядзінец), Ніжні замак (навакольны горад), а таксама Вялікі пасад уздоўж Дзвіны. У Верхнім замку знаходзіліся Сафійскі сабор (1044–1066), княжацкі палац, жылыя пабудовы. Відавочна, на плоскім участку ля сцен Верхняга замка сфармавалася гандлёвая плошча — усходнім славянам было ўласціва размяшчаць рынак каля дзядзінца. У забудову плошчы ўваходзіў манастыр Багародзіцы (канец XI — пачатак XII ст.).
Читать дальше