У XVIII ст. у горадзе з'явілася шмат новых культавых будынкаў. На краях узгоркаў, што падступаюць да левага берага Палаты, узніклі новыя храмы, якія адзначалі ў гарадской прасторы даліну ракі: драўляныя езуіцкія касцёлы ў Верхнім замку і паблізу моста, ад якога пачынаецца дарога на Рыгу. Група вышынных культавых будынкаў уздоўж Дзвіны ўключыла Сафійскую і Богаяўленскую цэрквы, сінагогу і францысканскі кляштар. Такім чынам, дамінуючыя збудаванні выяўлялі ў горадабудаўнічай кампазіцыі асаблівасці рэльефа і размяшчэння водных камунікацый. Пры гэтым прасторавае значэнне храмаў узмацнілася ў сувязі з ліквідацыяй крапасных сцен і вежаў і стварэннем тыповых для таго перыяду больш нізкіх земляных умацаванняў.
У канцы XVIII ст. асноўная частка гарадской забудовы канцэнтравалася паміж Дзвіной і Палатай, дзе і цяпер сгрупаваны гістарычна каштоўныя будынкі. Умацаванні Верхняга і Ніжняга замкаў прыйшлі ў заняпад, аднак земляныя валы захаваліся. З усходу горад абмяжоўвалі рэшткі крапаснога рова. Для простакутнай сеткі вуліц, закладзеных на плоскім рэльефе, арганізуючае значэнне мела Дзвіна. Паралельна ёй праходзілі асноўныя вуліцы, перпендыкулярныя напрамкі звязвалі раёны горада з ракой. У забудове простакутнай гандлёвай плошчы дамінаваў мураваны езуіцкі касцёл святога Стэфана, да якога прымыкалі карпусы калегіума. Таксама тут размяшчаўся і дамініканскі кляштар.
Полацкі гісторык В.П.Вікенцеў у выдадзенай у 1910 г. працы выказаў меркаванне, што простакутную канфігурацыю плоінча набыла падчас будаўніцтва мураванага езуіцкага касцёла. У той жа час езуітамі была пракладзена галоўная Віцебская вуліца, якая арыентавалася на яго фасад. Савецкі даследнік гісторыі горадабудаўніцтва Ю. А. Ягораў адносіў стварэнне простакутнай структуры цэнтральнай часткі Полацка да сярэдзіны XVII ст., перыяду будаўніцтва гарадскіх умацаванняў у час вайны Расеі з Рэччу Паспалітай, калі горад захапілі расейскія войскі. У выніку шырокамаштабных будаўнічых работ магла з'явіцца правільная планіровачная сетка, што было тыповым для ўнутранай тэрыторыі новаствораных крэпасцей XVI–XVIII стст.
У другой палове XVIII ст. сілуэт горада ўзбагаціўся за кошт павелічэння вышыні культавых збудаванняў, ускладнення пластыкі іх архітэктурных аб'ёмаў і павелічэння колькасці вежаў, якія вызначылі «вертыкалізм» сілуэта. Характэрна наяўнасць галоўнага вышыннага збудавання, якім раней служыў Сафійскі сабор (пасля — вуніяцкая базыльянская царква). Перароблены ў формах позняга барока будынак узмацніў сваю кампазіцыйную ролю. Аднак галоўнай дамінантай горада ў гэты перыяд становіцца езуіцкі касцёл, што адлюстравала ідэалагічныя памкненні каталіцкай царквы.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай Полацак увайшоў у склад Расейскай імперыі і на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў з'яўляўся цэнтрам губерні. Праект яго рэгулярнай перапланіроўкі зацверджаны ў 1778 г. На першапачатковай стадыі ажыццяўлення ў 1793 г. ён адкарэктаваны губернскім архітэктарам Іванам Зігфрыданам, які распрацаваў «План городу Полоцку как ныне выстроено и выстраивается».
У агульных рысах простакутная планіроўка, якая існавала ў XVII–XVIII стст., служыла асновай для новага плана. Вуліцы атрымалі строгія прамалінейныя абрысы, павялічылася іх шырыня, кварталы набылі правільную канфігурацыю. Гарадскі цэнтр быў падзелены на адміністрацыйную і гандлёвую часткі, адпаведна чаму ўтварылася сіметрычная сістэма трох плошчаў, аб'яднаных трыма параднымі магістралямі. Плошча перад езуіцкім касцёлам, якая стала адміністрацыйнай, захавала галоўную ролю; яе забудова набыла ансамблевы характар за кошт узвядзення групы адміністрацыйных і жылых будынкаў. Дзве іншыя плошчы насілі гандлёвае прызначэнне.
Паводле звестак, што прыводзіць беларускі і расейскі археолаг і краязнавец XIX ст. А. М. Семянтоўскі і іншых крыніц, можна ўстанавіць назвы вуліц. Гэта Пецярбургская альбо Рыжская (сучасная вуліца Фрунзе), Прабойная (Л. Талстога), Спаская (Савецкая), Віцебская, пазней Аляксандраўская (К. Маркса), Ільінская, ці Верхне-Пакроўская (частка вуліцы К. Маркса), Наддзвінская (Энгельса), Вялікая, ці Ніжа-Пакроўская (Леніна).
У канцы XVIII ст. большасць манастырскіх збудаванняў былі ўжо мураваныя, у тым ліку карпусы вуніяцкага базыльянскага манастыра ў Верхнім замку, пабудаваныя з дрэва ў 1668 г., а з цэглы — паміж 1780 і 1793 гг.; дамініканскі касцёл з манастырскім будынкам, якія паўсталі на месцы драўляных, што згарэлі ў 1785 г.; францысканскі кляштар — раней таксама драўляны. У 1782–1785 гг. па праекце выдатнага расейскага дойліда Д. Кварэнгі ў стылі класіцызму перабудаваны Богаяўленскі манастыр, які ўключыў, акрамя галоўнага храма, будынак келляў з цёплымі цэрквамі святых Кацярыны і Ефрасінні і дапаможны корпус, пазней будынак семінарыі.
Читать дальше