У XIV–XVI стст. развіццё рамесніцкай вытворчасці і гандлю спрыяла росту гарадскіх паселішчаў. На мяжы XVII ст. налічвалася каля 40 гарадоў з колькасцю насельніцтва больш за 5 тысяч жыхароў. Гарады падзяляліся на вольныя (каронныя) і прыватнаўласніцкія. Іншым тыпам гарадскіх паселішчаў былі мястэчкі, якія фармаваліся каля замкаў, манастыроў, феадальных двароў. Як і ў гарадах, жыхары былі рамеснікамі і гандлярамі, аднак іх асноўным заняткам заставалася сельская гаспадарка. У XV–XVI стст. многія гарады і мястэчкі атрымалі самакіраванне (магдэбургскае права).
У гарадах, што ўзніклі ў XI–XIII стст., планіровачная структура атрымала далейшае развіццё. Трасы вуліц мелі адвольныя абрысы і складаліся адпаведна рэльефу. Асноўныя вуліцы — працяг міжгарадскіх трактаў — сыходзіліся да замка, узведзенага на месцы старажытнага дзядзінца, і гандлёвай плошчы, якія былі грамадскім асяродкам паселішча. Гарадскія кварталы і плошчы мелі няправільную ў плане канфігурацыю, у цэнтральнай частцы кварталы былі дробныя, на ўскраіне — больш буйныя.
Па характары вулічнай сеткі вызначаліся тыпы планіровак, працэс фармавання якіх быў абумоўлены пэўным комплексам фактараў: радыяльная, з перавагай накірункаў, што сыходзіліся да цэнтра; радыяльна-дугавая, дзе радыусы дапаўняліся вуліцамі ў выглядзе паўкальца ці частак акружнасці; галіністая, у якой ад месцаў перакрыжаванняў радыусаў з дугамі разыходзіліся да перыферыі пучкі вуліц. Пры наяўнасці не аднаго, а двух ці больш цэнтраў канцэнтрацыі радыяльных напрамкаў узнікала веерная сістэма.
У вялікай колькасці існавалі планіроўкі нецэнтрычнага тыпу: лінейная, у асноўным уласцівая для мястэчак уздоўж дарог; радавая, прадстаўленая сістэмай амаль паралельных асноўных напрамкаў; простакутна-прамалінейная, блізкая да геаметрычна правільнай простакутнай; перакрыжаваная — рады напрамкаў, якія перасякаліся. Пашырана было таксама спалучэнне розных тыпаў планіроўкі на тэрыторыі аднаго горада.
У XV–XVI стст. фармаваліся і рэгулярныя структуры, што належалі да гатычнай горадабудаўнічай культуры. Для іх тыпова простакутная рыначная плошча, ад кутоў якой адыходзілі па дзве вуліцы — працягі бакоў плошчы.
У забудову плошчы ўваходзілі ратуша, гандлёвыя рады, культавыя будынкі, дамы заможных гараджан. У групе гарадоў плошча размяшчалася перад замкам, што сведчыла аб устойлівасці старажытнарускай горадабудаўнічай традыцыі (Крычаў, Магілеў, Пінск і інш.). У гарадах другой групы старажытная плошча каля замка прыйшла ў заняпад ці захавалася, аднак у XV–XVI стст. сфармавалася новая гандлёвая плошча — грамадскі цэнтр горада, на некаторым аддаленні ад замка, у чым праявіўся ўплыў заходнеэўрапейскага горадабудаўніцтва (Горадня, Менск, Наваградак, Полацак і інш.). Замак і плошча злучаліся характэрным планіровачным элементам — кароткай, часта крывалінейнай вуліцай. У шэрагу прыватнаўласніцкіх гарадоў гандлёвы цэнтр горада і замак склаліся на значным аддаленні адзін ад аднаго (Мір, Нясвіж, Ружаны і інш.).
На планіровачную структуру гарадоў зрабілі ўплыў абарончыя збудаванні, якія складаліся з равоў і земляных валоў з крапаснымі сценамі і вежамі. У гарадах без вонкавых ліній абарончых збудаванняў умацаваны былі толькі феадальныя замкі (Кобрын, Наваградак, Ружаны, Слонім). Сістэма абароны горада ўзмацнялася манастырамі. Гарады з вонкавымі лініямі ўмацаванняў, акрамя замка на месцы старажытнага дзядзінца, мелі 1–2 паясы абарончых збудаванняў, якія ахоплівалі вялікія тэрыторыі (Віцебск, Магілеў, Пінск, Полацак). На перакрыжаванні асноўных вуліц з лініямі ўмацаванняў ставіліся абарончыя вежы-брамы. Культавыя збудаванні размяшчаліся ў вузлавых месцах планіровачнай структуры на важных у горадабудаўнічых адносінах участках. У XVII–XVIII стст. большасць храмаў з'явілася на месцах больш старажытных культавых будынкаў, знішчаных войнамі альбо пажарамі, што сведчыла пра стабільнасць размяшчэння дамінант прасторавай кампазіцыі горада.
У канцы XVI — першай палове XVII ст. ажыццяўлялася шырокамаштабнае будаўніцтва прыватнаўласніцкіх гарадоў (Быхаў, Любча, Нясвіж, Слуцак). Пад уплывам заходнэўрапейскай архітэктуры рэнесанса сфармавалася рэгулярная прасторава-планіровачная кампазіцыя гэтых гарадоў, якія былі абнесены сістэмай земляных умацаванняў геаметрычна правільных абрысаў. Напрыклад, план асноўнай часткі Нясвіжа быў блізкі да квадрата з простакутнымі кварталамі і плошчай у цэнтры. План Быхава ўяўляў сабою паўкруг, падзелены на дзве часткі вялікай выцягнутай плошчай. План Слуцка набліжаўся да круга, які перасякаўся па дыяметры ракой.
Читать дальше