У сядзібе меўся цудоўны драўляны дом, пабудаваны ў стылі позняга класіцызму ў першай палове XIX ст. Будынак стаяў на высокім фундаменце ў плане падковы, звернутай у тыльны бок дома. Уваход афармляў ганак з двума крайнімі пілонамі і дзвюма сярэднімі калонамі, якія неслі антаблемент з трохкутным франтонам. Злева і справа ад ганка знаходзіліся калонныя лоджыі. Двухкалонны сціплы ганак змяшчаўся і пасярэдзіне тыльнага фасада. На натуральным фоне драўлянага зруба вылучаліся пабеленыя калоны і ліштвы вокнаў. Унутры дом налічваў больш за дзесяць прасторных пакояў і залу, з якой адкрываўся цудоўны краявід на возера і яго берагі. Памяшканні былі абсталяваны мэбляй у стылі Луі Філіпа і дэкарыраваны творамі жывапісу.
Сядзіба размяшчалася на беразе маляўнічага возера сярод прыгожага англійскага парку, праз які праходзіла працяглая ўязная алея. Дом патанаў у атачэнні дэкаратыўных дрэў і кустовых пасадак.
Анатоль Кулагін
У гісторыі матэрыяльнай культуры народа горад — з'ява асаблівая. Ён служыць асяроддзем жыццядзейнасці, у якім выразна адлюстраваны комплекс сацыяльных, эканамічных, палітычных, прыродных, ідэалагічных фактараў жыцця грамадства. Горад сінтэзуе ў сабе творы дойлідства розных гістарычных перыядаў, уключае розныя па сваёй сутнасці часткі: прыродныя элементы, злучаныя з імі прасторавую сістэму вуліц і плошчаў, культавыя, грамадскія, жылыя, вытворчыя будынкі, абарончыя ўмацаванні, малыя архітэктурныя формы. Гэтыя аб'екты знаходзяцца ў функцыянальным і мастацкім адзінстве і ствараюць новую ўласцівую пэўнаму гораду культурна-эстэтычную якасць. Страта асобных, на першы погляд нязначных элементаў заўжды істотна зніжала мастацкую каштоўнасць гарадскога комплексу ў цэлым.
Гарадскія пасяленні пераемна фармаваліся на працягу многіх стагоддзяў, убіраючы дасягненні розных культур. У гістарычных частках многіх сучасных гарадоў Беларусі відавочныя планіровачныя элементы перыядаў Полацкай Русі і Вялікага Княства Літоўскага. Захаваліся асобныя ўнікальныя збудаванні альбо іх фрагменты XI–XIII стст., гатычныя і рэнесансныя пабудовы XIV–XVI стст. Рэгулярныя кампазіцыі планаў гарадоў, магутныя ў мінулым фартыфікацыйныя сістэмы, выдатныя культавыя і грамадскія будынкі адлюстроўваюць горадабудаўнічае мастацтва рэнесансу і барока канца XVI–XVIII стст., якое атрымала распаўсюджанне ў Рэчы Паспалітай. Планіровачныя сістэмы вуліц, плошчаў і кварталаў у цэнтрах большасці гарадоў з'яўляюцца вынікам шырокамаштабнай горадабудаўнічай дзейнасці ў эпоху класіцызму пасля далучэння беларускіх земляў да Расейскай імперыі. Архітэктурныя ансамблі гэтага часу ўключылі больш раннія манументальныя збудаванні. У другой палове XIX — пачатку XX ст. у выніку інтэнсіўнага развіцця капіталістычных адносін сфармавалася асноўная забудова гістарычных раёнаў, якая захавалася да нашых дзён. У гэты час узбуйніўся маштаб комплексаў, новыя горадабудаўнічыя элементы дапоўнілі і развілі планіроўку і забудову.
Гістарычна абумоўлены працэс страты нерухомых культурных каштоўнасцей гарадоў з'яўляецца важнай сацыяльнай праблемай. Існуюць дзве групы прычын, якія вызначалі разбурэнне архітэктурнай спадчыны ва ўсе гістарычныя перыяды: ваенныя дзеянні і неадпаведнасць старых архітэктурных форм функцыянальным і ідэалагічным запатрабаванням грамадства.
У гісторыі архітэктуры Беларусі выразна выявіліся абедзве групы прычын. Многія гарады і мястэчкі неаднаразова знішчаліся: у XVI ст. падчас вайны Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства з Маскоўскай дзяржавай і набегаў крымскіх татар, у сярэдзіне XVII ст. у перыяд вайны Расеі з Рэччу Паспалітай, у Паўночную вайну пачатку XVIII ст., а таксама ў вайну 1812 г. Панесены страты ў першую сусветную вайну, а разбурэнні выдатных помнікаў дойлідства і асабліва масавай гарадской забудовы ў Другую сусветную вайну агульнавядомыя.
Другая група прычын існавала ва ўсе эпохі. Выдатныя для свайго часу творы дойлідства перабудоўваліся адпаведна новым функцыянальным, ідэалагічным і эстэтычным патрабаванням. Абнаўленне гарадскога асяроддзя заўсёды мела ўстойлівы характар. Аднак важна падкрэсліць, што асаблівасцю сучаснай эпохі з'яўляецца культуралагічны падыход да архітэктурнай творчасці і фармавання асяроддзя жыццядзейнасці, неабходнасць і магчымасць захавання, візуальнага выяўлення і выкарыстання ўсяго духоўнага і матэрыяльнага патэнцыялу, што назапашаны ў розныя гістарычныя эпохі. Да нядаўняга часу, у савецкі перыяд, на гэтую групу прычын уплываў канфлікт паміж ідэалагічнымі запатрабаваннямі грамадства і мэтамі развіцця гарадоў, з аднаго боку, і існуючымі архітэктурнымі каштоўнасцямі, з другога, які ў шматлікіх выпадках не знаходзіў аб'ектыўнага і абгрунтаванага вырашэння.
Читать дальше