У час першай сусветнай вайны палацава-паркавы ансамбль у Шчорсах панёс вялікія страты з-за праходзячай праз гэтыя мясціны лініі фронта. Асабліва пацярпеў палац. У час грамадзянскай вайны пры савецкай уладзе ўся маёмасць Храптовічаў была нацыяналізавана, каштоўная калекцыя старажытнасцей і твораў мастацтва вывезена ў Маскву, а архіў — у Пецярбург. Пасля 1920 г. А. Храптовіч-Буцянёў упарадкоўвае гаспадарку маёнтка. Ён рамантуе для пражывання шматлікай сям'і флігель упраўляючага маёнтка. Пасля другой сусветнай вайны маёнтак Шчорсы стаў часткай мясцовага калгаса. Асноўныя збудаванні комплексу прышлі ў канчатковы заняпад, парк запушчаны і забалочаны.
З часам драўляныя будынкі галоўнага фальварка і невялікі драўляны палац ужо не маглі выконваць функцыі адміністрацыйна-гаспадарчага цэнтра вялізных угоддзяў маёнтка. Іаахім Літавор Храптовіч засноўвае ў 1770-ых гг. палацава-паркавы ансамбль. Праект быў заказаны італьянскаму дойліду Дж. Сака, інтэр'еры выконваў Карла Спампані, будаўнічымі работамі кіраваў Я. Габрыэль. Фактычна менавіта І.Храптовіч «адкрыў» Дж. Сака, хаця той працаваў у Рэчы Паспалітай ужо з 1735 г., але да гэтага часу буйных заказаў не атрымліваў. Француз Я. Габрыэль — аўтар унікальнай царквы ў Шчорсах. З італьянскім архітэктарам К. Спампані — кіраўніком перабудовы езуіцкага калегіума ў Вільні ў 1772–1773 гг. І.Храптовіч знаёміцца ў ходзе работы Адукацыйнай камісіі, дзе прымае ўдзел. Такім чынам у перыяд 1770–1776 гг. у Шчорсах для Храптовіча працавала адна з самых моцных па творчаму патэнцыялу эўрапейскага ўзроўню архітэктурных садружнасцей у Рэчы Паспалітай.
Галоўны корпус палаца ўяўляў сабой простакутнае ў плане аднапавярховае збудаванне, узнятае на невысокі падмурак. На трох цэнтральных восях стаяў двухпавярховы папярочны корпус, накрыты авальным усечаным зверху купалам і з галоўнага фасада расчлянёны пілястрамі карынфскага ордэра з трохкутным франтонам у завершы. У парк аб'ём выступаў моцным паўкруглым рызалітам. Па перыметры купальнай часткі ішлі авальныя люкарны. З боку ўезда гэта частка будынка была выканана ў выглядзе несапраўднага рызаліта з дзвярамі галоўнага ўвахода, высокімі арачнымі вокнамі на першым і простакутнымі на другім паверхах. У другой палове XIX ст. да дома далучыўся ганак-тэраса. Відаць, у гэты ж час на плоскасці франтона з'явіўся рэльефны надпіс на лацінскай мове «Мір і Свабода». Фасады чляніліся пілястрамі і высокімі арачнымі вокнамі ў простых ляпных ліштвах з замковым каменнем. Высокі трохсхільны, крыты чарапіцай дах аднапавярховых крылаў прарэзвалі барочныя дахавыя вокны.
З галоўным корпусам межавалі два перпендыкулярна размешчаныя аднапавярхрвыя флігелі, накрытыя высокімі чатырохсхільнымі дахамі з чарапічным пакрыццём і барочнымі мансарднымі вокнамі. Сцены будынкаў пакрыты рустам, простакутныя вокны дэкарыраваны паўкалонамі, трохкутнымі сандрыкамі.
Аб характары ўнутранай арганізацыі палаца сведчанняў вельмі мала. На першым і на другім паверхах папярочнага аб'ёма з боку парка меліся дзве залы-ратонды, з галоўнага фасада — квадратныя вестыбюль і кулуар параднай залы. Залы-ратонды аформлены ў тэхніцы стука, расчлянёны парамі пілястраў іанічнага ордэра. Паміж пілястрамі знаходзіліся арачныя рамы, завершаныя гарызантальна падвешанымі ляпнымі гірляндамі з выкарыстаннем матываў барока і ракако. Верхні паверх папярочнага купальнага корпуса занмала бібліятэка і карцінная галерэя ў 100 палоцен.
Пасада канцлера Вялікага Княства Літоўскага, шырокія сувязі пры двары караля, удзел у арганізацыі касацыі ордэна езуітаў і пераразмеркаванні іх маёмасці, доступ да асноўных дакументаў Кароннага і Літоўскага архіваў — стварылі рэальныя магчымасці для збора ўнікальных кніг, копій з дакументаў, набыцця арыгіналаў, карцін, прадметаў даўніны. Разнастайнымі шляхамі фармавалася бібліятэка І.Храптовіча. Частка кніг, сярод якіх асабліва каштоўныя кірылічныя выданні, ён набыў за бясцэнак у час касацыі езуіцкіх кляштараў у 1773 г. у Галіцыі. Храптовічу таксама ўдалося «пазычыць» частку кніг са славутай бібліятэкі вядомага бібліяфіла Ю. Залускага, калі яе перавозілі з Варшавы ў С. -Пецярбург праз Горадню ў 1768 г. Многія рэдкія выданні І.Храптовіч атрымаў у падарунак ад прыватных асоб. Нейкім чынам Храптовічу ўдалося выкупіць частку вельмі каштоўнага кнігазбору кардынала Джузепе Імперыалі, які таксама збіраў сучасныя яму выданні на польскай, французскай і іншых мовах. Храптовіч скамплектаваў большасць існуючых на той час энцыклапедычных выданняў, шматлікую перыёдыку Рэчы Паспалітай, Расейскай імперыі, некаторых эўрапейскіх краін. Асабліва трэба адзначыць каштоўнасць рукапіснага аддзела. Выкарыстоўваючы свае магчымасці канцлера, Іаахім Храптовіч арганізаваў капіраванне важнейшых дакументаў і каштоўных кніг. Пасля смерці канцлера ў маёнтак Шчорсы з Варшавы было перавезена 8000 тамоў. Сынам І.Храптовіча Юзафу і Адаму ўдалося ў першай чвэрці XIX ст. павялічыць збор да 15 000 тамоў. У славутай Шчорсаўскай бібліятэцы працавалі астраном М. Пачобут-Адляніцкі, гісторыкі І.Лялевель, Ф. Малеўскі, Я. і А. Снядэцкія, Ю. Ярашэвіч, паэты А.Міцкевіч, Я. Чачот і інш.
Читать дальше