Распрацаваны маім сябрам, закаханым у гістарычную спадчыну, архітэктарам Г. Босакам, праект рэстаўрацыі палаца — надзея, што архітэктурны манумент адродзіцца ў сваёй першапачатковай велічы.
Найбольш імпазантным помнікам сядзібна-паркавай архітэктуры Ўздзеншчыны (Менская вобл.) з'яўлялася сядзіба Кухцічы (сучасны пасёлак Першамайскі). Зараз на тэрыторыі сядзібы знаходзіцца Ўздзенская СПТВ-10 механізатараў. У свой час гэта панская рэзідэнцыя адносілася да адной з самых вядомых на Міншчыне. Уяўленне аб першапачатковым выглядзе сядзібы дае малюнак Н. Орды. Першыя звесткі аб маёнтку Кухцічы адносяцца да 1590 г., пад якім ён упамінаецца ў «Актах, издаваемых Виленской комиссией для разбора древнейших актов». Гэта ўпамінанне звязана з судовай цяжбай «Об избиении слугами пана Гладкого подданных из села Бервище по дороге в пущу Низовскую». Ужо тады вялася міжусобіца за валоданне ляснымі і зямельнымі ўгоддзямі паміж гаспадаром маёнтка Янохам Кавячынскім і суседнімі сялянамі. Вялізныя кухціцкія ўладанні ў 1690 г. ад Барбары Хорскай перайшлі да Апалоніі Завішы, браслаўскай старосціны. З таго часу на працягу двух наступных стагоддзяў сядзіба заставалася ва ўладанні роду герба «Лебедзь». Першай вядомай гістарычнай асобай гэтага роду з'яўляўся Ян Завіша — дваранін караля Казіміра Ягелончыка. Яго нашчадак на мяжы XVIII–XIX стст. Казімір Завіша, камергер яго каралеўскай вялікасці, генерал каралеўскіх войскаў, стаў стваральнікам цудоўнай рэзідэнцыі ў Кухцічах. Адзіны сын генерала ад першага шлюбу Тадэвуш памёр у маладыя гады, і Кухцічы перайшлі да дачкі Валерыі, якая выйшла замуж за свайго дваюраднага брата, маршалка менскага Тадэвуша Завішу (пам. 1838). Іх сын Ян Казімір Завіша (пам. 1877) — вядомы ўладальнік археалагічнай калекцыі і збору разнастайных старажытнасцей. Ян Казімір Завіша акрамя Кухціч меў шматлікія іншыя маёнткі ў Беларусі і Летуве, а таксама ўласны палац у Варшаве. Потым яго ўладанні былі падзелены паміж дзвюма дочкамі. Кухцічы атрымала малодшая дачка Магдалена, якая ў 1882 г. узяла шлюб з Людвікам Красінскім (1833–1895), а пасля яго смерці выйшла замуж за князя Мікалая Радзівіла. Яна з'яўлялася апошняй ўладальніцай Кухціцкай сядзібы.
Вядомы біёграф Станіслаў Лоза называе дойліда-італьянца Карла Спампані будаўніком і праекціроўшчыкам прысядзібнай капліцы. Але ёсць усе падставы меркаваць, што ён і аўтар самога сядзібнага дома, пабудаванага ў пачатку XIX ст. у стылі класіцызму. Дом складаўся з трох частак: галоўнага корпуса і двух бакавых флігеляў, аб'яднаных па фронту калоннымі галерэямі. Некалькі ўзвышаная цэнтральная частка галоўнага корпуса вылучалася дарычным чатырохкалонным порцікам з трохкутным франтонам, пад якім шырокія мураваныя прыступкі і бакавыя пандусы вялі да ўваходных дзвярэй. Аналагічныя, але меншыя па памерах порцікі флігеляў складалі з цэнтральным строга сіметрычна-восевую кампазіцыю. З тыльнага боку сядзібы па двух крайніх восях выступалі бакавыя крылы, якія надавалі ўсёй пабудове форму кароткай падковы, а па цэнтру — простакутны рызаліт бальнай залы з высокімі гатычнымі вокнамі (прыбудаваны пазней). Ад тарцоў галоўнага будынка да бакавых флігеляў адыходзілі калонныя галерэі. У афармленні будынка выкарыстаны абмежаваны арсенал класічнай архітэктурнай пластыкі: трыгліфны фрыз, пілястры ў прасценках, руставаныя лапаткі. Па апісанню краязнаўца Антона Ўрбанскага, унутры дом уключаў шэраг салонаў з цудоўным стукавым дэкорам, дубовымі панелямі, антыкварнай мэбляй, а таксама каштоўнымі архівамі і старажытнымі рэчамі.
Ад сядзібы захаваўся левы флігель. Гэты будынак уяўляе сабой аднапавярховы, простакутны ў плане аб'ём, накрыты пакатым вальмавым дахам. Сцены будынка выкладзены з мясцовага бутавага каменю і атынкаваны. Іх вуглы раскрапаваны руставанымі цаглянымі лапаткамі, пад карнізам даха праходзіць пояс сухарыкаў. Ядром сіметрычнай кампазіцыі галоўнага фасада з'яўляецца масіўны чатырохкалонны порцік дарычнага ордэра, завершаны трохкутным франтонам з круглай люкарнай у тымпане. Уздоўж галоўнага фасада працягнуты фрыз, утвораны трыгліфамі. Паверхня сцен расчлянёна пілястрамі, паміж якімі высечаны простакутныя вокны з руставанымі ліштвамі. Тры ўваходы ў будынак — цэнтральны і два тарцовыя — вылучаны высокімі ганкамі. Унутраная планіроўка флігеля, строга сіметрычная адносна падоўжнай восі, мае анфіладную ўзаемасувязь памяшканняў. Пад будынкам скляпеністыя (цыліндрычныя і крыжавыя) падвалы, у якіх знаходзяцца топкі грубак жылых памяшканняў.
Читать дальше