Каля сядзібы існаваў мураваны прыходскі касцёл, пабудаваны пры Станіславу Манюшку. Пасля паўстання 1863 г. храм пераасвячоны пад праваслаўную царкву. У яе склепах пахаваны прадстаўнікі рода Ашторпаў.
Былы фальварак Завоссе, што за 4 км на поўнач ад вёскі Мядзеневічы (Баранавіцкі р-н Берасцейскай вобл.), лічыцца месцам нараджэння славутага пісьменніка Адама Міцкевіча (1798–1855). У 1799 г. яго бацькі атрымалі ў спадчыну частку фальварка Завоссе і пражылі там да 1801 г. Тут паэт правёў два гады дзяцінства, пазней неаднаразова наведваў родны кут. Бытуе легенда, што на адным з каменняў Адам Міцкевіч выбіў крыж у гонар свайго безадказнага кахання да Марылі Верашчакі, які і зараз ляжыць ля хутара. У 1927 г. на месцы фальварка Завоссе пастаўлены абеліск. Славутая для беларускай культуры мясціна знайшла адлюстраванне ў творах мастакоў (Н. Орда, Т. Абміньскі, Е. Паўловіч).
Невялікі панскі двор, які існаваў тут да першай сусветнай вайны, нельга аднесці да манументальных архітэктурных твораў. Гэта была звычайная дробнапамесная сядзіба з традыцыйным наборам драўляных, абкружаных жардзінным плотам пабудоў: дом гаспадароў, свіран, лямус. Дом уладароў уяўляў сабой працяглы па фронту неашаляваны зруб, накрыты вальмавым саламяным дахам і вылучаны па цэнтры двухслуповым ганкам. Дом быў на дзве паловы з сенцамі пасярэдзіне. Лямус — традыцыйная сялянская гаспадарчая пабудова ў выглядзе звычайнага двух'яруснага зруба пад вальмавым дахам, які накрываў трохслуповую галерэю з франтальнага боку. Тут схоўвалі гаспадарчыя прылады, збожжа, харчовыя прыпасы. Другі ярус нярэдка служыў летнім мезанінам, у якім у час летніх вакацый любіў адпачываць паэт.
За 6 км ад Драгічына ў вёсцы Закозель (Драгічынскі р-н Берасцейскай вобл.) размешчана маляўнічая панская сядзіба ў атачэнні вялізнага пейзажнага парка. У 1863 г. уладальнікі маёнтка Ажэшкі страцілі яго. Але хутка секвестраваную маёмасць адкупіла ў расейскіх уладаў графіня Бабрынская. Пасля першай сусветнай вайны, якая не закранула сядзібы, на кароткі час яе набыў Весялоўскі. Пасля яго сядзіба перайшла ў рукі Караля Талочкі, які валодаў ёй да 1939 г. Мураваны сядзібны дом, зруйнаваны ў гады Другой сусветнай вайны, зараз непазнавальна перабудаваны і прыстасаваны пад жыллё, але страціў цалкам рысы помніка архітэктуры класіцызму. Першапачатковы выгляд дома вядомы па акварэлі Н. Орды 1863 г. Аднапавярховы будынак на нізкім падмурку складаўся з трох частак: сярэдняй пяцівосевай з ампірным чатырохкалонным атыкавым порцікам і трохвосевых бакавых крылаў, ніжэйшых, магчыма, дабудаваных пазней. Накрываў будынак адносна высокі вальмавы дах з малымі паўкруглымі слыхавымі вокнамі. Надзвычай вялізныя вокны з аканіцамі амаль ад падлогі да столі ў бакавых крылах фланкіравалі пары калон у прасценках. Пасля першай сусветнай вайны Весялоўскі надбудаваў над сярэдняй часткай фасада мансардны паверх, падняўшы на яго вышыню калонны порцік і дадаўшы балкончык. З тыльнага боку памешчык дабудаваў два пакоі, стварыўшы над імі тэрасу. Па прыгажосці афармлення вылучалася цэнтральная калонная зала-ратонда, раскрытая ў парк ашклёнымі дзвярамі. Ва ўсіх пакоях меліся масіўныя цёмныя дубовыя дзверы з бронзавай дэкаратыўнай акоўкай, паркетная падлога.
Дарога з суседніх Перкавіч пераходзіла ў цяністую ліпавую алею парка, у канцы якой бялеў панскі дом. За ім яна працягвала свой бег далей. Ля дарогі на ўскраіне парку пастаўлена мемарыяльная калона, прысвечаная падзеям 1863 г.
Сапраўдным упрыгожаннем парка з'яўляецца манументальная капліца-пахавальня ўладальнікаў маёнтка на вяршыні пакатага ўзгорка, выкананая ў рэтраспектыўна-гатычным стылі ў 1839 г. Па паданні, у невялікім патаемным памяшканні высокага шпіля капліцы хаваўся адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гг. генерал Р. Траўгут. Помнік і сёння ўражвае гармоніяй форм і дэкору, выразнай дынамічнай кампазіцыяй. Цэнтральнае квадратнае ў плане збудаванне накрыта востраканечнымі двухсхільнымі дахамі, перакрыжаванне якіх адзначана ўзлётам высокай чатырохграннай сігнатуркі з востраканечным гранёным шпілем і строгім гатычным крыжам у завершы. Гэтая накіраванасць увышыню падтрымана вуглавымі спаранымі контрфорсамі з вежамі-фіяламі, паміж якімі па вуглах карніза размешчаны чатыры статуі евангелістаў, апраўленыя металічнымі гатычнымі парталамі. Скульптура складае своеасаблівае пластычнае ўбранне капліцы, актыўна ўдзельнічае ў стварэнні яе маляўнічай паверхні, якая фармуецца таксама востраканечнымі нішамі і цягамі.
Читать дальше