Акрамя ружанскай рэзідэнцыі, канцлер Вялікага Княства Літоўскага Аляксандар Сапега меў буйны мураваны палац у мястэчку Дзярэчын (Зэльвенскі р-н Гарадзенскай вобл.), якое раней належала Капачэвічам і Палубіцкім. Першапачаткова будынак прызначаўся для навучальнай установы («Акадэміі»). Пасля смерці ў 1780 г. жонкі Магдалены Агнешкі Аляксандар Сапега пакінуў свае беларускія ўладанні і асеў у Варшаве, дзе і памёр у 1792 г. Маёмасць засталася адзінаму сыну Францішку. Ён прыстасаваў «Акадэмію» ў 1793 г. пад палац, у якім і пасяліўся пасля шлюбу з маладой жонкай. Новы ўладальнік упрыгожыў палац карціннай галерэяй, а перавезеныя сюды з Ружан бібліятэку і археалагічны кабінет узбагаціў мноствам новых паступленняў. Маёнтак быў секвестраваны ў 1831 г., і ўсе каштоўныя рэчы вывезены ў Пецярбург. У 1906 г. палац пераабсталяваны пад казарму. Разбураны паміж 1930 і 1933 гг.
Будаўніцтва палаца пачалося ў 1786 г. паводле праекта прыдворнага архітэктара Сапегаў Я. С. Бекера і дойліда Л. С. Гуцэвіча ў стылі класіцызму. Ён уяўляў сабой працяглы простакутны ў плане аднапавярховы корпус, сіметрыю якога падкрэсліваў магутны дарычны порцік з чатырох пар калон і франтонам у павышанай цэнтральнай частцы галоўнага фасада. Гэты выразны архітэктурны акцэнт будынка яскрава вылучаўся на фоне рытмічна расчлянёнага простакутнымі вокнамі ў панельным акаймленні фасада, завершанага глухім філёнгавым парапетам. Трохкутны франтон порціка запаўняў скульптурны герб уладальніка. Агульную сіметрыю будынка парушала аднапавярховая прыбудова да правага тарца. Адасоблена стаяў драўляны тэатральны будынак. Спецыяльна размаляваная мастаком К. Отэльсанам заслона на сюжэт купання Дыяны-паляўнічай у далейшым аддзяляла сцэну новага тэатра ў Вільні. Пасля 1795 г. будынак тэатра быў разабраны. Пры палацы меліся два бакавыя флігелі.
Палац акаймляў прыгожы тэрасны парк плошчай 18 га. Яго рэгулярную планіровачную структуру складалі прамыя каштанавыя і таполевыя шырокія алеі, сажалкі. Парк меў шэраг павільёнаў, аранжарэю, стайню, капліцу, свіран.
Дубай (Пінскі р-н Берасцейскай вобл.) у XVII ст. з'яўляўся ўладаннем магната Альбрэхта Радзівіла, які ў 1635 г. падарыў яго пінскім езуітам пад летнюю рэзідэнцыю. Ад іх у канцы XVIII ст. маёнтак перайшоў да памешчыкаў Кужанецкіх, якія валодалі ім каля стагоддзя. У канцы XIX ст. яго выкупіў Карл Іленкер. Перад 1939 г. Марыя Выджына аддала сядзібу пад сельскагаспадарчую школу імя сваёй першай дачкі Яніны. Тут прайшлі дзіцячыя гады вядомага паэта Адама Нарушэвіча. Пасля разбурэнняў другой сусветнай вайны захаваліся сядзібны парк і капліца.
Да 1939 г. на паўднёва-заходняй ускраіне вёскі існаваў раскошны сядзібна-паркавы ансамбль, сфармаваны яшчэ езуітамі ў першай палове XVIII ст. Выгляд сядзібы дайшоў да нас на акварэлі Н. Орды XIX ст. Мураваны палац — цэнтр агульнай кампазіцыі ансамбля, абкружалі флігелі, аранжарэя, цяпліца, справа стаяла капліца. Дом уяўляў сабой працяглы па папярочнай восі аднапавярховы будынак. Плоскасны галоўны фасад чляніўся чатырнаццаццю вялікімі простакутнымі вокнамі. У цэнтры над вальмавым гонтавым дахам узвышаўся мансардны паверх, завершаны трохкутным франтонам. Перад мансардай на чатырох слупах выступала тэраса. Будынак фланкіравалі дзве чатырохгранныя двух ярусныя вежы-алькежы. З боку парка дом меў гранёны рызаліт параднай залы, да якога далучаўся чатырохкалонны ганак пад аднасхільным дахам. У доме налічвалася шаснаццаць пакояў. Высокі падмурак з'яўляўся магутным скляпеністым падвалам.
Тэрыторыя парка, спланаваная на квадратным участку плошчай каля 11 га, абмяжоўвалася каналамі і сажалкамі. Першапачатковая планіроўка парка рэгулярнага сіметрычна-восевага характара ў XIX ст. пашырылася ў паўночным кірунку пейзажнай зонай. Прынцыну рэгулярнасці падпарадкоўвалася размяшчэнне палаца, флігеляў, капліцы, фантанаў, кветнікаў, баскетаў. Паркавы ландшафт уключаў аранжарэю, цяпліцы, масткі і інш. Цэнтральны ўезд у сядзібу фармавалі два руставаныя пілоны, якія падкрэслівалі падоўжную вось ансамбля. Два бакавыя пад'езды праходзілі па елкавых алеях. Асноўны зялёны масіў парка разам з ліпавымі пасадкамі з'яўляўся фонам для сядзібнага архітэктурнага ансамбля. Па абодва бакі параднага двара знаходзіліся простакутныя баскеты з пладовым садам. Прасторавая кампазіцыя парка засноўвалася на чаргаванні адкрытай прасторы палян і вадаёмаў з цяністымі алеямі. Прагулачныя маршруты пралягалі па алеях уздоўж каналаў і дамб. У парку раслі ў асноўным мясцовыя пароды дрэў: елка, ліпа, таполя, бяроза, сасна, ясень, а таксама піхта, лістоўніца, тсуга канадская, каштан, арэх грэцкі. Прынцыпу рэгулярнасці падпарадкоўвалася і арганізацыя воднай сістэмы парка: па восі за домам знаходзіўся круглы (дыяметр 30 м) стаў і шэраг простакутных сажалак, аб'яднаных каналамі з перакінутымі выгнутымі масткамі. Рыбныя садкі, выкапаныя на паўднёва-заходняй ускраіне сядзібы, пры дапамозе дамб забяспечвалі перапад вады і напаўнялі сажалкі і фантаны.
Читать дальше