Па інвентары 1773 г. у сядзібу ўваходзіў вялізны лямус — трохпавярховы «на мураваным склепе» будынак з кругавой галерэяй. На першым паверсе мелася дзесяць памяшканняў: восем жылых, а ў цэнтры два свірны, куды ссыпалася збожжа; другі займала вялізная зала; трэцім з'яўлялася вежа.
Ад комплексу сядзібных пабудоў захавалася капліца, размешчаная ў паўднёва-ўсходнім баку ад былога палаца. Васьміграннасць архітэктурнага аб'ёму, вуглавыя пілястры, складанасць абломаў, шлемападобнае фігурнае заверша з гранёным ліхтаром надаюць капліцы барочную пластычнасць. Купал над уваходным тамбурам, вытанчаная прафіліроўка шматслаёвага карніза, а таксама вітражы і фрэскавы роспіс узмацняюць багацце аздаблення ацалелага будынка.
Мястэчка і маёнтак Дукора (Пухавіцкі р-н Менскай вобл.) з даўніх часоў уваходзілі ў склад велізарных уладанняў Сапегаў. Ад іх перайшлі да Завішаў і Агінскіх. Апошні ўладальнік гетман Міхал Казімір Агінскі (1730–1800), трапіўшы ў цяжкае фінансавае становішча, прыцягнуў да абсталявання сядзібы адміністратара суседняга Смілавіцкага ключа Францішка Ашторпа і яго сваяка Станіслава Манюшку (пам. 1807), дзеда вядомага кампазітара. Менавіта гэтая фінансавая залежнасць вымушала гетмана прадаць апошнім дукорскі маёнтак. У 1791 г. па жэрабі Манюшка атрымаў Смілавічы, а Дукора дасталася Ашторпу. Францішак Ашторп ці яго сын Лявон (1786–1851) у атрыманым такім чынам маёнтку пабудаваў на мяжы XVIII–XIX стст. палац у стылі класіцызму. Мясцовае паданне захавала звесткі пра пышныя ўрачыстасці, якія арганізоўваў у палацы Лявон Ашторп, якога мясцовая шляхта выбірала сваім маршалкам з 1823 па 1846 г. Для забавы гасцей служыў прыватны цырк Ашторпа з трупай з чужаземцаў і хатняга аркестра. Сучаснікі сведчаць, што раскоша і багацце жыцця ў Дукоры ні з чым непараўнальныя. Зато для сялян Ашторпы былі жорсткімі эксплуататарамі; сялянская доля стала лягчэй пасля таго, як іх гаспадар утапіўся ў Свіслачы, упаў у раку з моста, які абваліўся. У наступныя 20 гадоў маёнтак, верагодна, з'яўляўся ўладаннем яго трох дачок. У 1874 г. ад адной з іх Леакадзіі сядзібу набыў барон Канстанцін Харцінг (пам. 1891). Яго жонка Юзэфа Несялоўская, выкарыстоўваючы свой грамадскі ўплыў, захавала маёнтак ад канфіскацыі за ўдзел мужа ў паўстанні 1863 г. Пасля іх смерці Дукора спачатку перайшла да сына Антона Харцінга, затым да роднага брата Станіслава (пам. 1913).
Уяўленне аб тым, як выглядаў палац у Дукоры, дае акварэль Н. Орды 1876 г. У плане выцягнутага простакутніка на нізкім фундаменце будынак меў трынаццацівосевы двухпавярховы аб'ём з чатырохкалонным порцікам вялікага маштаба на галоўным фасадзе. На палове яго вышыні памяшчаўся балкон з балюстрадай. Калоны са стылізаванымі капітэлямі неслі гладкі антаблемент і акантаваны карнізам з сухарыкамі трохкутны франтон. Поле франтона запаўняў ляпны герб Харцінгаў у выглядзе падтрымліваемага грыфонамі картуша, завершанага баронскай каронай. Пад картушам вылучаўся надпіс родавага дэвіза «Semper Linea recta in nomine semper». Фасады гладка атынкаваны, падзелены міжпаверхавым поясам, дэкарыраваны ліштвамі дзвярэй і вокнаў, аб'яднаных гарызантальным карнізам. Фасады ажыўляў завяршальны карніз з сухарыкамі. Палац накрываў гонтавы двухсхільны дах. Праз нейкі час пасля ўзвядзення палаца да яго пяцівосевых бакавых фасадаў былі дабудаваны вузкія ашклёныя крылы, прызначаныя для аранжарэі, зімовага сада, хатняй капліцы.
Палац меў двухрадную калідорную планіроўку з параднай залай у цэнтры (потым прыстасаваны для двухмаршавай лесвічнай клеткі). У час Харцінгаў на першым паверсе размяшчалася больш за дзесяць жылых пакояў. Сціпла аздобленыя памяшканні ацяпляліся вуглавымі кафлянымі печамі. Вялізная квадратная зала з ляпным сафітам, так званая «цэсарская», знаходзілася на другім паверсе па цэнтру левага боку франтальнага рада памяшканняў. У ёй віселі дзве карціны, адна з выявай Паўла I, які вызваляе са зняволення Касцюшку, другая — Аляксандра I, які падпісвае ў Вільні ў 1812 г. амністыю. Абедзве карціны і яшчэ дванаццаць палоцен належалі пэндзлю Яна Дамеля, блізкага сябра Лявона Ашторпа, частага госця Дукоры. З правага боку паркавага рада памяшканняў пры лесвічнай клетцы змяшчалася вялікая зала сталовай. Палацавая бібліятэка налічвала некалькі тысяч тамоў і архіў.
Палац стаяў сярод старога парка, які разам з садам і гаспадарчымі будынкамі займаў плошчу каля 40 га. Яго абкружаў роў, які верагодна, застаўся ад абарончых умацаванняў старажытнай сядзібы ці замка. Парк перасякала шырокая дарога ўздоўж дома, якая адным канцом выходзіла да Ігумена, другім — да Смілавіч. З боку ад Смілавіч узведзена арачная мураваная арыгінальная па кампазіцыі ўязная брама, завершаная высокай чатырохграннай вежай са шпілем, на якім развявалася гербавая харугва. Каля гэтай брамы палацавы аркестр звычайна сустракаў вяртанне Лявона Ашторпа. Па абодва бакі дарогі стаяў шэраг гаспадарчых будынкаў: стайні, кухня, карэтная, жыллё дваровых. Перад палацам цягнулася адкрытая прастора з некалькімі елкамі. З тыльнага боку дома ліпавыя і кляновыя алеі абмяжоўвалі ўчастак фруктовага сада. Невялікая частка парка, вытрыманая ў пейзажным стылі, з сажалкай цягнулася перад палацам. Парк упрыгожвала дэкаратыўная скульптура. У 1912 г. сярод парка пастаўлена новая капліца, задуманая як пантэон для ўсіх веравызнанняў рода Харцінгаў: пратэстанцкага, каталіцкага і праваслаўнага.
Читать дальше