У сярэдневякоўі няма аналагаў гэтаму будынку, але «полымя» готыкі тут настолькі выразнае, што цяжка верыцца ў яго адносна нядаўняе паходжанне. Фасады насычаны крапоўкамі, расчлянёны слаістымі стральчатымі і трохлапаснымі аркамі-нішамі. Шырокі стральчаты ўваходны партал дэкарыраваны зверху круглымі гербамі рода Ажэшкаў (мастацкае чыгуннае ліццё). Крохкая архітэктурная дэкарацыя, мноства выцягнутых па вертыкалі ніш надаюць дзівосную лёгкасць будынку, а гульня святлаценевых эфектаў на яе паверхні выклікае адчуванне вібрацыі архітэктурных форм. Каларыстычнае бачанне будынка ствараецца высакаякаснай адкрытай цаглянай муроўкай, меднымі лістамі даху, белізной элементаў дэкору.
Уражанне ад храма яшчэ больш узмацняецца пры наведванні залы, перакрытай нервюрным скляпеннем. Яно настолькі лёгкае і ажурнае, што здаецца, быццам над залай не цаглянае збудаванне, а карункавая вуаль-павуціна са спляценнем тонкіх нітак-нервюр. У вуглавых стральчатых нішах змяшчаліся скульптуры евангелістаў (не захаваліся). Стральчатыя вокны і люкарны запаўнялі каляровыя вітражы ў ажурных пераплётах чыста гатычнага маскверкавага малюнка. Вітражы з'яўляліся адным з асноўных кампанентаў мастацкага ўздзеяння гатычнага інтэр'ера на чалавека, утвараючы асаблівую атмасферу прасветленасці, рэдкі па сваёй цэласнасці, чысціні і моцы настрой духоўнай узнёсласці. Квадратны праём у падлозе залы са знікаючай у падполлі лесвіцай сімвалізуе ўстанаўленне глыбіннай сувязі паміж мінулым і будучыняй, небам і зямлёй, раем і пеклам.
З гаспадарчых будынкаў вылучаецца архітэктурай мураваная стайня, збудаваная ўладальніцай Бабрынскай. Класіцыстычнай архітэктурнай трактоўкай надзелены мураваны бровар, абкружаны па перыметры каланадай.
Буйнейшы прамысловец граф Вандалін Пуслоўскі сцвярджаў сябе не толькі ва ўдалым прадпрымальніцтве, але і ў рэпрэзентацыйнай пабудове ў 1838 г. палацавай рэзідэнцыі, якая больш паходзіла на велічны замак, у адным са сваіх шматлікіх уладанняў — Косаве (Івацэвіцкі р-н Берасцейскай вобл.). Аднак лёс палаца даволі цьмяны: пасля паўстання 1863 г. ён пераходзіць у рукі маскоўскай арыстакратыі — да князёў Трубяцкіх і Алдэнбургскіх; у час першай сусветнай вайны палац разбураецца, пасля чаго прыстасоўваецца пад староства Косаўскага павета; пасля Другой сусветнай вайны зламаны цяжкасцю выпрабаванняў ліхалецця і зараз існуе ў руінах. Але і рэшткі будынка, у якіх лунаюць цені далёкага мінулага і духі яго гаспадароў, яшчэ больш уражваюць сваёй таямнічасцю і загадкавасцю. «Замак» быў удала ўпісаны ў панарамны паркавы краявід. Але здаецца, што, узводзячы сваю рэзідэнцыю на плоскасным рэльефе мясцовасці, Пуслоўскі больш звязваў будаўніцтва з суседняй гістарычнай сядзібай Касцюшкаў пад назвай Мерачоўшчына. Менавіта ў гэтай «садружнасці» будынкаў розных гістарычных эпох намаляваў палац мастак Н. Орда ў 1860-ыя гг. Гэта была спрыяльная магчымасць задаволіць не толькі натуральнае эстэтычнае пачуццё сродкамі архітэктуры, але і далучыцца да сапраўднай гісторыі, а значыць, і надзяліць сваё збудаванне гістарычнай аўрай, водарам славутай мінуўшчыны.
Варшаўскі архітэктар Францішак Яшчалд у архітэктуры манументальнага будынка спыняе «вялікі пост» палацава-сядзібнага класіцызму і «гурманствуе» гатычнай старажытнасцю. Шэраг даследнікаў падкрэсліваюць яго аналогію з замкам Гогенцолернаў у Камянцы-Зембавецкім (польская Сілезія) у Польшчы. У стылі сярэдневяковай готыкі інтэр'еры палаца апрацоўваюць архітэктар В. Марконі і дэкаратар Францішак Жмурка.
Гісторык архітэктуры У. Чантурыя ахарактарызаваў палац як твор дойлідства «ў духу гатычнай старыны», і гэта відавочна. Аб'ёмна-прасторавая архітэктурная кампазіцыя з пульсуючым сілуэтам яшчэ захоўвае строга класіцыстычную ўраўнаважаную сіметрыю, уласцівую адышоўшаму класіцызму — франтальна выцягнуты будынак складаецца з цэнтральнага двухпавярховага корпуса і злучаных з ім галерэямі, высунутых наперад бакавых павільёнаў. Цэнтральная ўзвышаная частка акцэнтавана ступеньчатым атыкам. Зубчасты парапет па перыметры будынка і вузкія шчыліны-байніцы на васьмігранных вежах, як вартаўнікі, ствараюць уражанне велічнай фартэцыі. Струны вуглавых вежаў узносяцца быццам азіяцкія мінарэты. Увядзенне зубчастых завершаў, шматгранных «вартаўнічых» вежаў, вокнаў стральчатага малюнку, аркатурных фрызаў, невялікіх контрфорсаў у прасценках з'явілася вяртаннем да архітэктурных форм замкавага гатычнага сярэднявечча. Арыгінальнае выкарыстанне насценных фіялаў, зубчастых перамычак вокнаў — гатычныя матывы ў стылёвай трактоўцы архітэктуры. Гатычную інтэрпрэтацыю мела і ўязная брама. Інтэр'еры «замка» былі аформлены фрэскавым роспісам і стукавым дэкорам Ф. Жмуркам, насычаны творамі мастацтва. З высокіх вокан верхніх залаў і вежаў погляд прасціраецца на велічны, некалі ўзбагачаны паркам краявід і губляецца за далёкім гарызонтам.
Читать дальше