Маёнтак Масаляны ў 5000 га (Бераставіцкі р-н Гарадзенскай вобл.) калісьці быў маёмасцю князёў Масальскіх, ад прозвішча якіх бярэ сваю назву сучасная вёска Масаляны. У першай палове XIX ст. ён належаў Юзафу Біспінгу. Дзве яго дачкі, якія не мелі дзяцей, каля 1850 г. перадалі родавы маёнтак свайму траюраднаму пляменніку Аляксандру Біспінгу разам з капіталам у 100 000 рублёў золатам. Род Біспінгаў паходзіў з Вестфаліі, дзе меў замак «Хаўс Біспінг», спалены ў 1651 г. У Вялікім Княстве Літоўскім яны абаснаваліся ў пачатку XVII ст. Фундатарам Масалянскай ардынацыі быў Юзаф Біспінг — палкоўнік войска княства Варшаўскага, вядомы сваім разгульным ладам жыцця і хвацкімі паляваннямі, нарадзіўшымі сярод мясцовага насельніцтва прымаўку «сабакі Біспінга заелі».
Першы ўладальнік масалянскага маёнтка Аляксандар Біспінг (нар. 1844) пасля паўстання 1863 г. памёр у Пецярбургу бяздзетным. Затым ардынацыю атрымаў у спадчыну яго старэйшы брат Ян (1842–1892), а за ім яго брат Юзаф Біспінг (1845–1897), сын якога Ян (1880–1940) быў апошнім уладальнікам масалянскага маёнтка.
Палац у стылі класіцызму пабудаваны па праекту дойліда Аляксандра Градзецкага. У архітэктуры помніка прысутнічалі элементы рэтраспектыўнай готыкі, якая ўваходзіла ў моду ў 1830-ыя гг. Аднапавярховы будынак складаўся з трох частак: простакутнага ў плане галоўнага корпуса і бакавых крылаў з карынфскай каланадай. Два перпендыкулярныя крылы стваралі тыльны курданёр. Франтальны фасад галоўнага сямівосевага корпуса меў у цэнтры паўкруглую каланаду. Восем гранёных слупоў, завершаных карынфскімі капітэлямі, падтрымлівалі гірляндавы фрыз з зубчатым парапетам. Над дахам каланады ўзнімалася невысокая шматгранная вежачка-бельведэр. Галоўны ўваход у выглядзе гатычнай стральчатай аркі размяшчаўся ў паўкруглым паглыбленні, аформленым калонамі. У выніку ўзнікла своеасаблівая ратонда. Простакутныя аконныя праёмы аздаблялі буйныя ліштвы. Галоўны фасад вянчаў прафіляваны карніз. На бакавых фасадах выступалі двухкалонныя порцікі, завершаныя зубчатымі атыкамі. Плоскі дах акаймляў парапет, па краях якога стаялі дзве мураваныя вазы. На восі паркавага фасада таксама змяшчаўся двухкалонны порцік. У адрозненне ад экстэр'ера інтэр'ер дома не падпарадкоўваўся жорсткай сіметрыі, парадныя памяшканні мелі анфіладную ўзаемасувязь. Пры ўваходзе быў абшырны вестыбюль, у глыбіні якога адчыняліся дзверы ў хатнюю капліцу. Левы бок ад вестыбюля займала зала-сталовая. Справа знаходзіўся вялізны салон, падзелены аркадай на дзве часткі з вокнамі на абодва бакі дома; за ім — гасціная. У тыльным радзе ішлі тры невялікія жылыя пакоі, спальня, службовы пакой, крэдэнс і бібліятэка, якая служыла адначасова кабінетам гаспадара. Тут жа захоўваўся і архіў Біспінга. Памяшканні мелі наборны паркет са светлага і чорнага дрэва. Вялікі салон упрыгожваў беламармуровы камін з хрустальным экранам у жалезнай раме з гербам Біспінгаў. З плафонаў звісалі хрустальныя люстры. Сцены салонаў былі ўвешаны карцінамі Юзафа Брандта, Генрыка Семірадскага, Юліюша і Войцаха Косакаў, Францішка Жмуркі і інш. У сталовай віселі фамільныя партрэты, у тым ліку фундатара Масалянскай ардынацыі Аляксандры Светхін і Юзэфы Войчанскай, Аляксандра і Юзафа Біспінгаў, Яна Біспінга і яго жонкі Евы Рудамін. Аднак гэтыя выявы ўсяго толькі копіі з арыгіналаў, змешчаных у Струбніцкай сядзібе.
Палац стаяў на ўзгорку сярод парка і галоўным фасадам быў звернуты да вялізнай сажалкі. За ім у атачэнні таполяў узвышалася неагатычная капліца з мармуровай мемарыяльнай табліцай, прысвечанай памяці Наталлі Біспінг Кіцкай. Паміж домам і сажалкай пралягала шырокая дубова-кляновая ўязная алея, якая даходзіла да брамы, складзенай з дзвюх высокіх калон, завершаных вазамі. Ад акруглага порціка адыходзіла вузкая сцежка, якая перасякала вялізны газон і падводзіла да сажалкі. Перад бакавымі крыламі дома знаходзіліся два рэгулярна спланаваныя сады, абмежаваныя жалезнай агароджай і стрыжанымі кустамі. Звонку агароджы па вуглах стаялі выбітыя з вапняку сфінксы. Дом абкружалі газоны з клумбамі, рабаткамі і нізкастрыжанымі кустовымі агароджамі. Асноўная частка парку цягнулася ад тылу дома ў паўднёва-заходнім кірунку і пачыналася доўгімі, прамянёвымі грабавымі алеямі. Адну з іх закончвала мураваная скульптура першага ўладальніка Масалян Аляксандра Біспінга. На сярэдзіне алеі, накіраванай ад ганка на поўнач, знаходзіўся масток праз сажалку, а за ім скульптура святога Яна Непамука. Каля дома раслі дрэвы розных парод: бяроза, сасна, каштан, елка. На ўскраіне парку стаялі гаспадарчыя будынкі, з якіх заслугоўвае ўвагі чатырохпакаёвы флігель у духе правінцыяльнай класічнай сядзібы з калонным ганкам.
Читать дальше