Вялікі князь Аляксандар аніяк не чакаў разрыву «вечнага міру» з Масквою і не хацеў гэтае вайны. Ён накіроўваў да Івана ІІІ паслоў са скаргамі і прапановамі — адно каб спыніць экспансію. У 1494 годзе паслы Вільні Пётра Белы і Станіслаў Гаштаўт не толькі абмяркоўвалі ўмовы мірнага пагаднення з Масквой, але і ўрачыста папрасілі рукі Іванавай дачкі Алены для Аляксандра. Такі шлюб, думалася, зменіць узаемадачыненні дзяржаваў да лепшага, стрымае агрэсію Івана ІІІ.
Пасля заручынаў адразу было падпісанае замірэнне. Вялікае Княства Літоўскае мусіла саступіць Маскве вялізныя тэрыторыі. Хоць Мцэнск, Сярпейск і Бранск вярталіся, да Івана ІІІ адыходзіла Вязьма, і ягоныя ўладанні цяпер вострым клінам уразаліся ўглыбкі Княства.
Аднак у Вільні радаваліся й такому міру. Шэраг удзельнікаў вайны і перамоў атрымалі ўзнагароды. Сярод іх быў і Канстанцін Астрожскі з братам, узнагароджаны Аляксандрам за асабістую ваенную чыннасць. Для Астрожскага — вопытнага змагара з татарамі — баі з маскоўскімі войскамі тады былі першыя.
У студзені 1495 года княгіня Алена пакінула Маскву ды з вялікаю світаю князёў выехала да Вільні. Па дарозе іх урачыста віталі гарматнымі стрэламі ў Смаленску, Віцебску, Полацку, а ў мястэчку Маркаў (цяпер вёска ў Маладэчанскім раёне) нявесту сустракалі 60 давераных асобаў Аляксандра на чале са Станіславам Кішкам, Канстанцінам Астрожскім і Васілём Глінскім. Яны падалі Алене шыкоўны, абцягнуты аксамітам вазок, у які было ўпрэжана 8 белых коней з пазалочанай збруяй…
На жаль, дынастычны шлюб не прынёс жаданага спакою. Іван ІІІ хоць і не вёў цяпер супраць зяця адкрытае вайны, затое актывізаваў Менглі-Гірэя. Наезды татараў на Вялікае Княства Літоўскае сталі зноў штогадовыя: 1494, 1495, 1496, 1497, 1498… Яны дзейнічалі вялікімі сіламі і ў 1494 годзе, напрыклад, разбілі пад Вішняўцом высланыя супраць іх войскі Кароны [9] Карона — кароткая форма афіцыйнага назову Карона Каралеўства Польскага; гэтак з сярэдзіны ХІV стагоддзя звалася польская дзяржава.
і Княства. Да барацьбы з небяспечным ворагам неўзабаве актыўна далучыўся і князь К. Астрожскі. А ў 1496 годзе татараў прыйшло яшчэ болей. Імкліва пранесліся яны аж да Луцка, спалілі Жыдзічынскі манастыр і маглі беспакарана вяртацца: нешматлікія аддзелы К. Астрожскага, С. Гальшанскага і В. Храптовіча самі схаваліся ў мурох замка горада Роўна. Ворагі спрабавалі выбіць іх з замка ці змардаваць аблогаю. І каб выйсці жывымі з Роўна, князі мусілі аддаць татарам вялізны выкуп.
Затое налета К. Астрожскі квітам паквітаўся з татарамі. Ажно тройчы наляталі тыя на землі Ўкраіны і Беларусі. І ўсе тры разы князь Канстанцін пераможна разганяў іхныя загоны [10] Загон — аддзел конніцы, галоўным чынам татарскай; тактычная адзінка для дзеянняў на чужой тэрыторыі.
— пад Мазыром, каля Палоннага на рацэ Ўша і пад Ачакавам, дзе супольная экспедыцыя Аляксандра граміла войскі Махмет-Гірэя, а князь Астрожскі нават захапіў на які час у палон самога хана.
Пасля гэтага стары гетман Вялікага Княства Пётра Белы, адчуваючы хуткую смерць, раіў Аляксандру Казіміравічу аддаць гетманства менавіта Канстанціну Астрожскаму. «Князь Астрожскі, Канстанцін, можа замяніць мяне для Айчыны, маючы рэдкія вартасці», — сказаў ён гаспадару. І ў верасні 1497 года К. Астрожскі атрымаў чын галоўнага начальніка над войскамі дзяржавы — гетмана найвышэйшага, а праз год — пасаду намесніка брацлаўскага, звенігародскага і вінніцкага. Ніхто яшчэ не атрымліваў гэтакага чыну і дзяржаўнай пасады ва ўзросце 37 гадоў!
Шлюб вялікага князя Аляксандра з Іванавай дачкою мала паўплываў на ўзаемадачыненні дзвюх дзяржаваў. На ўсходзе Княства было не да спакою. Ужо адразу пасля падпісання мірнае дамовы Мцэнская воласць пацярпела ад рабаўніцкага нападу маскоўскіх служылых людзей. У 1496 годзе такі ж наезд быў зроблены на Тарапецкую воласць. Праз тры гады клубы шэрага дыму віліся над усёй Тарапецкай зямлёй і гэтак далей.
Вялікі князь Аляксандар усё ж не спадзяваўся, што ягоны «брат і цесць» гэтак хутка распачне новую вайну. Таму і замкаў памежных як след не рыхтаваў, і войска належнага не набіраў.
Затое Іван ІІІ увесь 1499 год актыўна займаўся дыпламатычнай падрыхтоўкай вайны. Вяліся перамовы з Даніяй, хадзілі паслы ў «італійскія гарады», вяртаючыся адтуль з мноствам гарматнікаў, майстроў фартыфікацыі…
Читать дальше