З чатырох Данілавых сыноў двое загінулі ў 1399 годзе на Ворскле, трэці пайшоў у манахі, а на бацькоўскай зямлі ў Астрозе застаўся толькі чацверты — Хведар. Ягоныя правы на валоданне гэтым горадам і паветам пры ўмове адданае службы каралю былі пацверджаны прывілеем Ягайлы ў 1390 годзе і Ядзвігі ў 1393 годзе. Ваяр па духу, Хведар і выявіў сябе перадусім у справах вайсковых ды палітычных: быў з валынцамі пад Грунвальдам, хадзіў у 1422 годзе з Жыгімонтам Карыбутавічам на дапамогу чэхам у іх барацьбе з нямецкім імператарам, затым ізноў памагаў гусітам ды шукаў з чэхамі шчыльных кантактаў. Не баючыся гневу Вітаўта, Хведар Данілавіч уступаўся за князя праваслаўных Свідрыгайлу, які трапіў у няміласць да манарха, а ў 1420 годзе нават вызваліў яго з вязніцы Крамянецкага замка ды запатрабаваў ад Вітаўта даць Свідрыгайлу зямлі. Гэта не сапсавала добрых дачыненняў з вялікім князем. У 1427 годзе Вітаўт таксама даў Хведару Данілавічу прывілей на ранейшыя ўладанні ды асабіста наведаў яго ў Астрозе.
Калі ж вялікі князь Вітаўт памёр і ў дзяржаве дайшло да нутраной вайны, Хведар Астрожскі па-ранейшаму аддана падтрымліваў Свідрыгайлу і ў 1432 годзе на яго даручэнне ачысціў ад палякаў усё Падолле, завалодаў Валынню. Нават кінуты Свідрыгайлам у вязніцу як ненадзейны, Астрожскі ўцёк з няволі і зноў стаў на бок Свідрыгайлы. На схіле веку бунтоўны князь пайшоў у Пячорскі манастыр. Там зацяты змагар супраць польскіх уплываў старанна служыў Богу, пакуль у 1435 годзе не скончыў свае дні. Сыны ягоныя Андрэй і Дашко памерлі зусім маладыя і бяздзетныя. Астрог застаўся трэцяму сыну — Васілю, званаму Прыгожым.
Як і ягоны дзед ды бацька, князь Васіль Хведаравіч браў чынны ўдзел у палітычным жыцці дзяржавы. У сваім часе з'яўляўся намеснікам тураўскім, быў у групоўцы князёў і баяраў, што выступалі за адасабленне Вялікага Княства Літоўскага [2] Вялікае Княства Літоўскае — моцная феадальная дзяржава з поліэтнічным насельніцтвам, у склад якой у часы К. Астрожскага ўваходзілі акрамя Беларусі Жамойць, большая частка Ўкраіны і некаторыя іншыя землі. Першапачатковай сталіцай быў Навагародак, а з 1323 года — Вільня. Дзяржаўнаю мовай у Княстве была старабеларуская. У пісьмовых дакументах сярэднявечча часцей ужываліся кароткія формы назову гаспадарства — Вялікае Княства або Літва, а ягоных жыхароў называлі ліцьвінамі.
ад Польшчы, у 1430-х гадах таксама цвёрда стаў на бок Свідрыгайлы, змагаўся супраць Жыгімонта Кейстутавіча, за што трапіў у няволю і адседзеў да самай смерці Жыгімонта. У 1446 годзе ён жа настойваў, каб новы вялікі князь Казімір Ягайлавіч не прымаў польскай кароны, а калі той усё ж стаў і каралём польскім, Астрожскі запатрабаваў аддзяліць ад Польшчы Валынь і Падолле… Па смерці Васіля Хведаравіча засталіся двое сыноў і дзве дачкі, з якіх Астрогам валодаў маладзейшы, Іван.
Князь Іван Астрожскі пераняў ад продкаў іх найлепшыя якасці: быў слаўны ратнымі справамі, вызначаўся цвёрдасцю, адданасцю старой веры, патрыятызмам. Найбольш вядомай сталася яго перамога над крымскімі татарамі ў 1454 годзе пад Церабоўляй, калі з татарскай няволі было ўратавана 9 тысяч чалавек. Праўдападобна, у гонар тае падзеі жонка Івана Астрожскага княгіня Настася Глінская збудавала манастыр у Калодзежным, але яго неўзабаве спалілі татары.
Ад Глінскай у князя Івана Астрожскага было пяць дачок і два сыны — Міхаіл і Канстанцін. Пра дзяцінства Кастуся, народжанага ў 1460 годзе, вядома няшмат. У няпоўныя сем гадоў Кастусь страціў бацькоў, і выхаваннем князевіча мусілі займацца баяры ды ягоны старэйшы брат. У 1486 годзе абодва браты трапілі ў Вільню, да двара вялікага князя Казіміра. Канстанцін стаўся бакалаўрам троцкага ваяводы Марціна Гаштаўта — аднаго з найбольш уплывовых людзей дзяржавы. Праз два гады маладыя Астрожскія апынуліся ў сябе ў Астрозе, дзе нейкі час займаліся фінансамі, гаспадаркай, а з 1489 года — ізноў былі ў Вільні, суправаджалі Казіміра Ягайлавіча ў часе пераездаў.
Пакінутае ў спадчыну багацце, шырокія сваяцкія сувязі і, безумоўна ж, асабістыя здольнасці братоў Астрожскіх спрыялі іх хуткаму ўзвышэнню на дзяржаўнай службе. Яны мелі сваяцтва з першымі людзьмі Княства — Гаштаўтамі, Радзівіламі, Сапегамі, Гальшанскімі, Глінскімі, Сангушкамі ды шмат якімі іншымі магутнымі родамі. Асабліва добрыя дачыненні былі ў Канстанціна Астрожскага з маршалкам Валынскае зямлі Пётрам Белым, які стаў пасля і гетманам найвышэйшым [3] Гетман (ад ням. Hauptman) — галоўны начальнік над войскам. У Вялікім Княстве Літоўскім быў гетман найвышэйшы, у Польскім Каралеўстве — гетман вялікі.
.
Читать дальше