10 студзеня . Мікіту Гузака доктар пасадзіў на дыету: забараніў піць і загадаў тры разы на дзень есьці толькі рэдкую страву. Бо ў Мікіты, як казаў доктар, ад ненармальнага ўжываньня алкагольнага пітва зусім пераблыталіся сэрца й печанцы, і цяпер ніяк не намацаеце — дзе адно, а дзе другое.
Мікіта паслухаўся, пабіў усе шклянкі й сеў на дыету. Мы з Сымонам знарок хадзілі глядзець, як Гузак гэную дыету глытае. Прыйшлі сьнеданьнем. Жонка сядзіць, скварны булён сёрбае, а Мікіта выцадзіў у міску паўлітра, накрышыў хлеба й цыбулі ды чэрпае лыжкай быццам зацірку.
— Ліха яго матары, — кажа, — з гэтым пітвом. Калі доктар загадаў — нельга, знацца, нельга. Я магу й ня піць, бо я ня вораг свайму здароўю.
Мы спыталіся, ці дапамагаюць яму гэтыя лекі.
— Ці дасьцё веры, — кажа, — лягчэй стала. Як высербаеш міску гэтае дыеты, дык адразу ад сэрца й адлягло. Адцягвае. Доктар таксама казаў, што я ўжо палепшаў. Надоечы хадзіў да яго на кантролю.
— Ну, як, — пытае, — кінулі піць?
— Ані кроплі, кажу.
— Ну, то й добра.
Выстукаў гэта ён мяне малаточкам, праз трубку паслухаў ды кажа:
— Ну, вось цяпер чуваць, што ў вас і сэрца ёсьць. І ведаеце, шаноўны пацыента, навет большае, чымсь трэба.
Вось што значаць навуковыя лекі.
Толькі жонка Мікітава бедавала, што надта ўжо дарагія цяпер лекі пайшлі:
— Жартачкі, - кажа, — тры паўлітроўкі на дзень. Вельмі дарагія лекі.
— А ты чаго хочаш, — крычыць Мікіта, — каб у мяне ўсе ворганы зблыталіся ў кучу? Мне здароўе даражэй. Чула-ж, што доктар казаў. А супроць навукі ня пойдзеш, бо доктар ведае, каму якія кроплі загадаць.
Не такі чалавек Мікіта, каб яго доктар ашукаў.
12 студзеня . Апанас Дзюрка аднекуль прывалок піяніну. Кажа, што ягоны прыяцель Мімікрыйскі спрэзэнтаваў. Брэша! Дзе гэта ёсьць цяпер такія прыяцелі, каб піянінамі кідаліся? Недзе зблатаваў. А ў хаце цэлы гармідар. Апанасавы дзеці праз увесь дзень на гэтай музыцы дубасяць, а жонка лаецца:
— Заняў, - кажа, — усю хату гэтай гаргарынай — няма дзе й сьвінчаці замяшаць.
— Дармо, баба, — суцішае Апанас, — хутка й ты будзеш на гэтай штуковіне выцілінгваць.
— А каб цябе немач цілінгала, — злуецца Апанасіха. — Мне дзяцей няма калі дагледзець, а ён з музыкаю.
Такія тэатры ў Апанаса цяпер цялюткі дзень.
15 студзеня . Піліп Дручок апынуўся на казённых харчох. А з-за чаго? З-за свае дурноты. Ад нейкае пары на яго пачала насядаць жонка. Пілуе й пілуе штодня.
— Усе людзі, як людзі, а ты нейкая недарэка — ні сабе, ні жане. Або ты, — кажа, — будзь запраўдны муж і сутрымвай жану, або кіну ўсё да ліхай матары. Бо я такіх, — кажа, — як ты, хоць дзесяць знайду, калі падамся па вайсковай лініі.
Праўда, пэнсія Дручка як бухгальтара на сяньня нічога ня вартая, можна сказаць, адзін міт, і на яе, ведама, жыць нельга. Але Піліп ня ўлічыў ваеннае сытуацыі ды ўважаў, што калі ён сяньня працуе, знацца, павінен і жыць.
— Ты, — казаў ён жонцы, — не агітуй. Мне ўжо й самому гэтае жыцьцё падпёрла пад самыя рэбры. Але дзе мне выйсьце?
— А мне, — крычыць баба, — якая да гэтага справа? Ты, — кажа, — галава, ты й думай. А ня можаш — дык злазь з даху й ня псуй гонтаў.
Каб на іншага чалавека, то пасьля такіх слоў ён-бы так усыпаў бабе й па даху й па фундаманту, што век-бы памятала. Але Дручок — чалавек просты, і яго нарэшце дапілавала баба да таго, што мусіў ужыць дадатковую прафэсію — пайшоў красьці сьвіней.
Першыя дзьве апэрацыі правёў удала. Збалянсаваў на Пярэсьпе двух кабаноў на пудоў сем. Але на трэйцяй — балянс ня сышоўся — злавілі Дручка на самай гарачай справе. Цяпер сядзіць і плача, а суседзі сьмяюцца: не за сваю справу, браток, не бярыся: сьвіней красьці — не паперай шастаць, тут навука патрэбна!
А Сымон казаў, што і ў гэтай справе, як і ў кажнай, апрача навукі, патрэбен спрыт:
— Быў, - кажа, — у нас у трэсьце адзін бухгальтар. Той, здаецца, і чалавек быў зусім нікудышны. Калі звонку глянуць, дык толькі назоў той, што чалавек. Але, каб вы ведалі, якія ўнутры гэтага недарэкі сядзелі спрыт і розум. Ён праз чатыры гады скрабаў нажом бухгальтарскую кнігу, і ў яго заўсёды, як казаў, балянсаваліся ўсе капейкі, а лішнія рублі, што ён адтуль выскрэбваў, клаў сабе ў кішэню. Так і не злавілі, а касіў тышчамі. Вось гэта быў бухгальтар! А Піліп — дрэнь! Такі й кнігу праскрабаў-бы, і ніводнага рубля сабе не наскрабаў-бы. Спрыту ў руках няма.
17 студзеня . Бачыў, як упяцёх білі аднаго. Відовішча было надта цікавае. Я вельмі рагатаў, як яны яго з усіх бакоў абкладалі. Але, шчыра кажучы, я-б не хацеў быць на месцы гэтага аднаго.
Читать дальше