Інфлянцкая (Лівонская) вайна была чарговым крывавым эпізодам у шматвяковым змаганні нашых продкаў на ўсходніх рубяжах.
Пасля смерці ў 1586 годзе Сцяпана Батуры вялікім князем нашага гаспадарства і адначасова польскім каралём быў выбраны Жыгімонт Ваза з шведскай каралеўскай дынастыі. Па маці ён паходзіў з роду Ягайлавічаў. Выбар быў не самы ўдалы. Новы гаспадар уцягнуў краіну ў доўгія і крывавыя войны з Швецыяй, Масквой, Турэччынай, а затым і ўкраінскім казацтвам. Парушылася таксама традыцыя верацярпімасці, якая здаўна існавала ў дзяржаве.
Стаўшы валадаром у Кракаве і Вільні, Жыгімонт захацеў захаваць за сабой і пасад у Стакгольме. А гэта выклікала збройнае сутыкненне з нашай заморскай суседкай. У 1600 годзе шведскія войскі з паўночнай Эстоніі накіраваліся ў бок Дзвіны і захапілі амаль усе Інфлянты.
Так пачалася зацятая вайна з шведамі за паўднёва-ўсходнюю Прыбалтыку, якая з перапынкамі доўжылася каля паўстагоддзя. Асноўны цяжар гэтага змагання лёг на плечы нашага народа — бо наш край быў зусім побач.
Валоданне Падзвіннем адкрывала водны шлях у Еўропу. Тут знаходзіліся і зямельныя інтарэсы беларускага магнацтва і шляхты. Менавіта нашы матэрыяльныя рэсурсы перадусім ішлі на гэтую вайну. Сыны нашага краю папаўнялі конныя і пяхотныя харугвы. 3 Беларусі ў асноўным паходзілі і военачальнікі. I менавіта ў Прыбалтыцы беларуская зброя пакрыла сябе несмяротнай славай. Асабліва калі гетманамі былі Крыштоп Радзівіл Пярун і Ян Кароль Хадкевіч.
Неаднойчы церпячы паразы, шведы зноў збіраліся з сіламі і ўзнаўлялі наступ. Гэта адбывалася найчасцей тады, калі ў нашых гетманаў канчаліся грошы на аплату войска і тое пачынала разыходзіцца.
Улетку 1605 года шведскі кароль Карл IX пераправіў марскім шляхам у Інфлянты тры карпусы агульнай колькасцю да 13 тысяч жаўнераў. Ён планаваў захапіць не толькі Падзвінне, але і самую Рыгу, якая была ключом да выхаду на прасторы Балтыкі. Жыгімонт Ваза ўстрывожыўся сур'ёзнай небяспекай. I хоць славіўся сваёй скупасцю, пераслаў вялікаму гетману Яну Каралю Хадкевічу 100 тысяч залатых на ўтрыманне войска. Сума была дастатковай, і наш военачальнік пачаў рыхтавацца, каб даць адпор шведам.
Уранку 25 верасня беларускія войскі рушылі з-пад латвійскага горада Цэсіса да Дзвіны ў ваколіцы Рыгі, якую ўжо аблажылі шведскіяпалкі. Прайшоўшы хуткім тэмпам за два дні 80 кіламетраў, войскі занялі пазіцыі каля вёскі Кірхгольм (цяпер Саласпілс).
Калі шведскі кароль даведаўся пра невялікую колькасць беларускага войска — менш за чатыры тысячы жаўнераў, ён хацеў кінуць супраць іх толькі частку сваіх сілаў. Але ягоныя военачальнікі, якія ў ранейшых бітвах спазналі моц гусарскіх харугваў Хадкевіча, настоялі на больш сур'ёзным стаўленні да праціўніка.
«Інакш, — тлумачылі яны свайму валадару, — хутчэй Дзвіна паверне назад, чым каралеўская міласць убачыць уцёкі ліцьвіноў».
Цёмнай хмарнай ноччу з-пад Рыгі на чале з самым каралём выйшла каля 11 тысяч шведскага войска, якое складала пераважна пяхота з ручной агняпальнай зброяй, падмацаваная пікінерамі. Было пры каралі і некалькі тысяч цяжкай конніцы — райтараў, а таксама пэўная колькасць артылерыі.
Нечаканы праліўны дождж крыху астудзіў шведаў. Але на світанку 27 верасня яны ўжо набліжаліся да пагоркаў Кірхгольма, гатовыя атакаваць стомленае доўгім пераходам беларускае войска. Ян Хадкевіч разумеў, што перавага шведаў была ў моцы агняпальнай зброі і ў шчыльных чатырохкутніках мушкецёраў. Ім трэба было супроцьпаставіць імпэт гусарыі, узброенай пікамі і шаблямі. Тым болын у прапорцыі — адзін супраць трох…
Гетман паставіў сваё войска ў тры лініі. Цэнтр пазіцыі занялі 300 гусараў самога Хадкевіча на чале з вядомым ротмістрам Вінцэнтам Войнам. Правей стаў гусарскі полк яшчэ аднаго выпрабаванага ваяра — Яна Сапегі. Наперадзе палка было 350 вершнікаў брата гетмана Аляксандра Хадкевіча, а таксама Шчаснага Невяроўскага. У другой лініі стаялі гусары самога Сапегі і Вілямоўскага. Заплечча ж занялі коннікі Змітра Барухоўскага і будучага амсціслаўскага ваяводы Марціна Гедройца. Цэнтральная групоўка была ўзмоцненая вершнікамі Тодара Ляцкага.
Читать дальше