У гэты час Вялікае Княства Літоўскае перажывала ўздым ня толькі ў духоўным жыцьці, але таксама ў эканоміцы і культуры. І менавіта Рэфармацыя стала прычынай гэтага ўздыму. Вучэньне Кальвіна, якое вялікую ўвагу надавала характару чалавека і рэалізацыі кожным свайго прызначэньня, асабліва падкрэсьлівала важнасьць якаснага выкананьня кожным сваіх абавязкаў, пры гэтым ніколі не задавальняючыся дасягнутым. Такі біблійны падыход да працы стварыў у Эўропе перадумовы ўзьнікненьня рынкавай гаспадаркі. Падобныя працэсы адбываліся і ў Беларусі.
Асабліва спрыяла гэтаму аграрная рэформа, літаральна зьмяніўшая аблічча Беларусі на працягу XVI стагодзьдзя. Ідэя рэформы, якая б дазволіла кожнаму селяніну быць непасрэдна адказным за сваю зямлю, належала каралеве Боне Сфорцы, жонцы вялікага князя Жыгімонта Старога. Актыўна падтрымліваў каралеву ў яе пачынаньнях ейны духоўнік Лісманіні, адзін з прапаведнікаў Рэфармацыі ў Вялікім Княстве, які лічыў, што прызначэньне чалавека найбольш поўна рэалізуецца тады, калі ён мае сваю справу. Аднак рэформы каралевы Боны абмежаваліся толькі ейнымі ўладаньнямі ў Гарадзенскім і Кобрынскім староствах. На пачатку 1550-ых гадоў Мікалай Радзівіл Чорны, які лічыў Лісманіні адным са сваіх настаўнікаў, зацікавіўся пераўтварэньнямі на землях Боны Сфорцы і ўбачыў эфэктыўнасьць праведзеных рэформаў, якія разьвівалі ініцыятыву і актыўнсьць сялянства і рабілі сельскую гаспадарку больш прадукцыйнай. У 1556 годзе пачала працаваць спэцыяльная камісія па падрыхтоўцы падобнай рэформы ў дзяржаўным маштабе на чале зь віленскім ваяводам. Разам зь ім працавалі пісар Вялікага Княства Астафей Валовіч і адзін зь непасрэдных выканаўцаў пераўтварэньняў ва ўладаньнях каралевы Боны Пётар Хвальчэўскі. Камісія падрыхтавала так званую «Уставу на валокі», абвешчаную Жыгімонтам Аўгустам восеньню 1557 году, якая на доўгія гады вызначыла гаспадараваньне зямлёй ў Вялікім Княстве. Сутнасьцю гэтай рэформы было мераньне зямлі і яе клясыфікацыя паводле вартасьці, апрацаванасьці і ўраджайнасьці. Абмераныя землі падзяляліся на стандартныя часткі - валокі (21,37 гектара). Зямля ў карыстаньні сялянаў пераразьмяркоўвалася так, каб кожная сям'я атрымала адну валоку, такім чынам ліквідуючы церазпалосіцу і спрашчаючы падаткаабкладаньне сялянскай гаспадаркі. Такая арганізацыя землекарыстаньня дазваляла асвойваць новыя землі і павялічыць таварнасьць паасобных гаспадарак, дзякуючы вялікім памерам участка і магчымасьці выкарыстоўваць новую, трохпольную сыстэму земляробства. Адначасова ствараліся фальваркі - вялікія панскія гаспадаркі, якія павінны былі апрацоўвацца цяглымі сялянамі (так званая паншчына). Зямельная рэформа, або, як яе называюць, валочная памера, пачалася спачатку ў землях, што належалі вялікаму князю, але пасьля яе падхапіла шляхта, праводзячы памеру ў сваіх маёнтках.
Валочная памера зьмяніла нават зьнешні выгляд вёсак па ўсёй Беларусі. Яны сталі больш буйнымі, з характэрнай забудовай у адну вуліцу. І гэты іх выгляд прынцыпова не зьмяніўся да сёньняшняга дня. Яшчэ больш важным вынікам рэформы сталася павелічэньне грашовага абарачэньня, бо большасьць сялянаў была пераведзена з натуральнага падатку на грашовы - чынш, і таму мусіла зьвязвацца з рынкам. Акрамя таго была ліквідаваная сялянская абшчына, бо сяляне атрымлівалі ў спадчыну ў сваё карыстаньне валокі і выконвалі грашовыя і іншыя павіннасьці паасобку, а ня ўсёй вёскаю. Дарэчы, падобныя рэформы былі праведзеныя ў Расейскай імпэрыі толькі на пачатку XX стагодзьдзя прэм'ер-міністрам Пятром Сталыпіным, які меў маёнтак каля Горадні і на ўласныя вочы бачыў вынікі рэалізацыі «Уставы на валокі». Сама валока аказалася настолькі трывалай гаспадарчай адзінкай, што нават у XX стагодзьдзі беларускія сяляне, набываючы зямлю, вымяралі яе валокамі.
Новая сыстэма гаспадараньня дала магчымасьць павялічыць ураджаі збожжа, так што жыта і ячмень пачалі вывозіць на продаж за мяжу. Ліквідацыя сялянскай абшчыны дазволіла разьвіваць разнастайную вытворчасьць, асабліва зьвязаную зь перапрацоўкай драўніны, бо частка сялянаў замест працы на зямлі пачала займацца рамяством. Зьявіліся цэлыя паселішчы смаляроў, катляроў, грабароў, шаўцоў, кавалёў. Усё гэта спрыяла росту мясцовага рынку і эканамічнаму разьвіцьцю краіны. Адной з прыкметаў гэтага стала стварэньне ў Вялікім Княстве аднароднай грашовай сыстэмы. На пачатку XVI стагодзьдзя на Полаччыне ў абарачэньні былі галоўным чынам рыскія шылінгі, у Панямоньні - праскія грошы, а на Палесьсі - залатаардынскія дзірхемы. Але ў сярэдзіне XVI стагодзьдя асноўнай манэтай ва ўсім Княстве становіцца літоўскі паўгрош віленскай вытворчасьці.
Читать дальше