Віцэпрыёр зрабіў знак рукою, і ў залу ўвайшоў сам падарожнік. На ім быў убор чалавека, якога кормяць вольныя мастацтвы, — строгі каптан з квадратным выразам, але нязвычныя італьянцам вусы, валасы колеру восеньскае саломы і нетутэйшы халаднаваты блакіт вачэй выдавалі ў ім чужаземца.
Сябры калегіі глядзелі на яго трохі насцярожана і з цікавасцю. Гэты малады доктар прыйшоў з паўночнай, амаль казачнай краіны гіпербарэйцаў. Аўтары некаторых кніг сцвярджаюць, што зоркі свецяць там удзень і ўначы, а паветра замярзае і падае на дол, што золата ў той краіне нязмерна болей, чым жалеза, што па гарадскіх вуліцах гуляюць белыя мядзведзі, а людзі, не раўнуючы, як цыклопы, маюць па адным воку пасярод ілба.
Як ні дзіўна, вачэй у сына Лукі з Полацка было двое, і гаварыў ён на лаціне, якая нічым не саступала лацінскай мове прысутных. Францыск пацвердзіў свой намер здаць экзамен і, паводле звычаю, дакляраваў паўсюль спрыяць славе Падуанскага універсітэта. Калі пачалося абмеркаванне, прамоўцы пазіралі на іншаземца, ужо не хаваючы прыхільнасці.
Віцэпрыёр Мусаці прапанаваў:
— Хто не пярэчыць супроць таго, каб шаноўны пан Францыск атрымаў званне доктара медыцыны з усімі адпаведнымі перавагамі, няхай пакладзе на знак згоды свой шар у чырвоную вазу, а хто нязгодны, няхай пакладзе ў зялёную.
Адзін за адным шары сябраў калегіі падалі ў чырвоную вазу.
Па дарозе ў заезны двор — гасподу — Францішак паспеў яшчэ зайсці ў знакамітую сямікупальную царкву святога Антонія і пабачыць у капліцы пры ёй фрэскі Тыцыяна і яго вучняў. Пашанотліва спыніўся ён перад рэнесансавым будынкам Падуанскага універсітэта, заснаванага яшчэ ў 1222 годзе.
Павячэраўшы ў карчме на першым паверсе, полацкі вандроўнік падняўся да сябе ў пакой, запаліў свечку і разгарнуў адну з раскладзеных на стале кніг. Хоць першы экзамен прызначылі на заўтра, гэтым вечарам розум і сама душа не былі настроеныя на навуковыя заняткі. Перад вачыма паплылі малюнкі маленства: двор Лукаша Скарыны на Верхнім замку, бераг Палаты, адкуль у летнюю спёку так цудоўна даць нырца ў чыстую халаднаватую ваду, паездкі ў бацькаў маёнтак Тройдавічы, навучанне ў полацкіх манахаў-бернардзінаў…
На змену гэтым успамінам прыйшлі іншыя — Кракаў, універсітэт. Юнакі з Вялікага Княства, а сярод іх і палачане, ужо даўно праклалі туды шлях, атрымоўваючы там і асвету, і навуковыя званні. У канцы мінулага XV стагоддзя магістр Ян з Полацка чытаў студэнтам Кракаўскай альмаматэр «Лісты Цыцэрона», а яго калега і аднайменнік Ян з Мастоў выкладаў «Этыку» і «Метафізіку» Арыстоцеля. Францішак узгадаў лекцыі знакамітага прафесара Яна Глагоўскага, у якога на колькі гадоў раней таксама на факультэце вольных мастацтваў вучыўся Мікалай Капернік. У памяці ажывалі дыспуты і калёквіумы, заняткі паэтыкай і астралогіяй. Успаміналася святая цішыня універсітэцкае бібліятэкі, калі яго суразмоўнікамі рабіліся Платон і Сенека, Вергілій і Авідзій.
Галоўныя навучальныя дысцыпліны на факультэце — «сем вольных мастацтваў», аб’яднаных у два цыклы. Першы, трывій, уключае граматыку, рыторыку і дыялектыку; другі, квадрывій, — арыфметыку, геаметрыю, астраномію і музыку.
Францішак згадаў тых, хто грыз навуку разам з ім, — Яна і Паўла з Гародні, Станіслава з Клецка, Вінцэся са Слуцка, Міколу з Ашмянаў, Марку з Нямігі. Цяпер у Кракаве вучыцца Георгі з Забалоцця (ён стане аўтарам жамойцкага «Катэхізіса», пра які згадвае ў вядомай навеле «Локіс» Праспер Мерымэ).
Сярод землякоў з Вялікага Княства знаходзіліся, праўда, і такія, што ішлі ў люпусы. «Люпус» у перакладзе з лаціны — воўк, дый як яшчэ назваць таго, хто, часам не паспеўшы навучыцца папрасіць па-лацінску кашы ў бурсацкай сталоўцы, ужо бегаў дакладаць начальству, што таварышы парушаюць статут і гавораць, заміж лаціны, сваёй моваю. Люпусы самі напрошваліся на пакаранні — не надта каб жорсткія, аднак па-студэнцку дасціпныя. Як той бурсак, каго пасадзілі ўначы ў мех і, ніштавата натоўкшы бакі, прысудзілі ўтапіць у Вісле. Заместа ракі, вядома, кінулі ў калюжыну насупроць бурсы, але і гэтага хапіла: выбавіўшыся з меха, пачаў бядак славіць райскія сады, а суддзяў сваіх называў не іначай як паночкамі анёламі.
Францішак не стрымаў усмешкі.
Тамсама, у старажытнай польскай сталіцы, пасля факультэта вольных мастацтваў у яго жыцці быў яшчэ медыцынскі. I вось ён тут, у Падуі, універсітэт якой мае права зацвярджаць вучоныя ступені ў лекарскіх навуках.
У яго дзяржавы неблагія сувязі з Італіяй. Купцы гэтай зямлі атрымалі прывілей гандляваць у Вялікім Княстве бязмытна. Едуць у далёкую паўднёвую краіну і ліцьвіны. Вільнянін Ян Філіповіч ужо стаў у Балонні доктарам права, а сярод падуанскіх студэнтаў яшчэ ў мінулым стагоддзі быў ліцвін Станіслаў. Падуя вабіць вальнадумствам і талерантнасцю — тут, як і ў Кракаве, могуць вучыцца і католікі, і праваслаўныя. Вабіць сваімі саборамі, размаляванымі найлепшымі італьянскімі мастакамі — Джота, Мантэньі, упрыгожанымі рэльефамі і скульптурамі Данатэла.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу