Шмат падарожнічаў па Еўропе, жыў у Лейпцыгу і Альтдорфе ўраджэнец Полацкага ваяводства Саламон Рысінскі — асоба адметная і таленавітая, але, на жаль, вядомая пакуль толькі жменьцы гісторыкаў ды філолагаў. Наш зямляк — ці не першы і адзіны з той эпохі, які па-за межамі Бацькаўшчыны з гонарам мянаваў сябе не «рутэнус» — русін, не «літуанус» — ліцвін, не «палонус» — паляк, а — «леўкарусус», іначэй кажучы, беларус (грэцкае слова «леўкас» у перакладзе значыць «белы»), Сваю родную зямлю Саламон таксама называў Леўкарусіяй. Яго малой радзімай была вёска Рысін на поўначы Полацкага ваяводства недалёка ад Себежа (пазней гэтыя землі захапіла Расія).
Смуга, што ахутвае жыццё Рысінскага, трохі развейваецца каля 1600 года. Тым часам ён служыў прыдворным паэтам і выхавальнікам дзяцей у князёў Радзівілаў і ўжо набыў славу паэта, перакладчыка і філосафа.
Апраўдваючы сваё біблейнае імя, ён сабраў неверагодна багатую бібліятэку. Знаёмыя лічылі яго бедным. Ён і сапраўды амаль заўсёды жыў у нястачы, аднак бедняком ніколі сябе не прызнаваў: у яго кабінеце стаялі на паліцах творы ўсіх, бадай, антычных аўтараў — ад Гамера і Герадота да Тацыта, Авідзія і Ювенала. 3 імі суседзілі кнігі зорак еўрапейскага Адраджэння — Томаса Мора, Ульрыха фон Гутэна, Яна Каханоўскага…
Пісаў Рысінскі пераважна на лацінскай і польскай мовах, якія тады хутка пашыраліся сярод нашых асвечаных суайчыннікаў. Паэзію меў за вялікае, святое мастацтва. Пасля смерці паэта ў 1625 годзе засталася яго тысячатомная бібліятэка, выдадзены зборнік прыказак і багата вершаваных твораў. Найбольшай мастацкай дасканаласці Саламон Рысінскі дасягнуў у жанры эпітафіі. I сёння могуць расчуліць чытача развітальныя словы на смерць немаўлятаў з роду Радзівілаў. Паклапаціўся майстра эпітафій і пра сябе:
Межы заходніх краін я дарэмна крокамі мераў,
Землі германскія я абышоў і сарматаў краі.
Час непазбежнага скону для ўсіх, як заўжды, застаецца,
Смерць крыважэрная ў кожны прытулак ціха ўпаўзе.
Вось я, каго нарадзіла ля межаў Масковіі снежнай
Слаўная зверам, дрымучымі нетрамі й борамі Русь… [11] Пераклад з лацінскае мовы Анатоля Цыркунова.
Большасць беларускіх студэнтаў вярталася на радзіму, хтосьці заставаўся служыць навуцы і музам на чужыне, трапляючы ў аналы іншых краін і народаў.
Англійскія гісторыкі, напрыклад, добра ведаюць: друкарскую справу ў Лондане запачаткаваў іншаземец Джон Літоў (Jon Lettou) — Іван або Ян Літвін. У 1480 годзе ён заснаваў у лонданскім Сіді друкарню, дзе выдаў антытурэцкую індульгенцыю папы рымскага Сікста IV, потым лацінамоўны трактат «Разважанні пра 12 кніг з метафізікі Арыстоцеля», каментары да псальмаў і шэраг іншых кніг. Праз тры гады ён пакінуў Брытанскія астравы і, на думку некаторых гісторыкаў, падаўся бліжэй да радзімы, у Кракаў.
Трон у тагачаснай сталіцы Польскага каралеўства «па сумяшчальніцтве» займаў вялікі князь літоўскі Казімір Ягайлавіч, што меў славу мілосніка і апекуна «літоўскага» мастацтва. Якраз у гады яго валадарання выйшлі ў Кракаве першыя ў гісторыі славянскія кнігі, друкаваныя кірыліцай. Вельмі верагодна, што ў іх падрыхтоўцы прыдаўся досвед лонданскага першадрукара.
Такім чынам, Ян Літвін быў першым сярод нашых суайчыннікаў паслядоўнікам бацькі кнігадрукавання Ёгана Гутэнберга. Беларускі гісторык і пісьменнік Аўген Калубовіч меркаваў што загадкавым Янам Літвінам мог быць нехта з двух згаданых раней Іванаў з Полацка, што прыкладна ў той час скончылі філасофскі факультэт Пражскага універсітэта.
Не будзем на гэтым настойваць: Полацку славы хопіць і так. У эпоху Адраджэння ён даў свету чалавека, чыё імя вельмі натуральна выглядае побач з імёнамі Рафаэля або Эразма Ратэрдамскага.
Як вы здагадаліся, гэтага палачаніна звалі Францішак Скарына.
Года ад нараджэння Сына Божага 1512-га, у пятніцу, 5 лістапада ў храме святога Урбана ў горадзе Падуі, які сто гадоў таму ўвайшоў у склад Венецыянскай рэспублікі, сабралася калегія найслаўнейшых падуанскіх дактароў мастацтва і медыцыны.
Вучоныя мужы ціха перамаўляліся. Прайшла чутка, што сённяшняе пасяджэнне будзе разглядаць не зусім звычайную справу.
Слова ўзяў віцэпрыёр калегіі доктар Фадзей Мусаці:
— Вашы дастойнасці! Прычына склікання высокага сходу вымагае ад кожнага з нас паважнасці і добрае волі. Да нас прыбыў вельмі вучоны і бедны малады чалавек, доктар вольных мастацтваў родам з надзвычай далёкіх краін, што знаходзяцца, магчыма, за чатыры тысячы і болей міляў ад гэтага слаўнага места. Імем любові да Бога ён просіць дазволу здаць пры нашай калегіі экзамен па медыцыне. 3 ласкі вашых дастойнасцей адрэкамендую яго: Францыск, сын Лукі Скарыны з Полацка.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу