Трэба заўважыць, што «афіцыйная» гістарычная навука беларускай дзяржавы на дадзены момант месцамі ўсё ж трохі адыходзіць ад такой пазіцыі, кажучы ўжо наступнае: «Дзеянні савецкага кіраўніцтва калі нельга апраўдаць, то можна правільна зразумець , зыходзячы са склаўшайся рэальнай палітычнай сітуацыі» (курсіў наш. — А. Т.). Як паказваюць закітаваныя словы, аўтар ужо дапускае магчымасць неапраўдання дзеянняў савецкага кіраўніцтва. (Неапраўдання «гістарычнай справядлівасці »?!) Аднак, спрабуючы «выкруціцца», кажа пра разуменне палітычна-гістарычнай логікі тых дзеянняў («можна правільна разумець»!). А што, усе іншыя моманты гістарычнага працэсу можна разумець і няправільна? Ці можна правільна не разумець? Ці нельга правільна разумець? Думаецца, аўтар цытаты сафістычна заганяе сябе ў тупік квазінавуковых разважанняў, яўна завужаючы магчымасці выбару правядзення палітычнага курса кіраўніцтвам Савецкага Саюза і не ўлічваючы меркаванні стасоўна развіцця тых падзей аднаго з яго кіраўнікоў — Сталіна. Ех fontibus [40], вайна адкрывае перад СССР «широкое поле деятельности для развития мировой революции. <���…> В интересах СССР — Родины трудящихся, чтобы война разразилась между Рейхом и капиталистическим блоком. Нужно сделать все, чтобы эта война длилась как можно дольше в целях изнурения двух сторон. Именно по этой причине мы должны согласиться на заключение пакта, предложенного Германией, и работать над тем, чтобы эта война, объявленная однажды, продлилась максимальное количество времени. <���…> Что плохого было бы, если в результате разгрома Польши мы распространили социалистическую систему на новые территории и население». Сам Сталін добра разумеў значэнне «мірных» дагавораў, бо сам яшчэ ў 1925 г. успамінаў прэцэдэнты заключэння падобных у Новай гісторыі, напрыклад, паміж Германіяй ды Аўстрыяй, паміж Францыяй ды Расіяй, што прывяло да развязання Першай сусветнай вайны; апошні да таго ж меў і сакрэтны пратакол (!!!), паводле якога прадугледжвалася ваенная ўзаемадапамога супраць Германіі [41].
Яшчэ адным нібыта безумоўна важкім аргументам у спробе апраўдання ўзаемадачыненняў СССР з нацысцкай Германіяй з'яўляецца той факт, што апошняй ужо быў падрыхтаваны план «Белы» — напад на Польшчу, таму ў такой сітуацыі рашэнне Масквы ісці на шчыльны кантакт з ідэйным ворагам было прагматычным і адэкватным. Аднак хто сказаў, што Германія тады абавязкова б здзейсніла агрэсію? Пазней Берлін рыхтаваў аперацыю «Марскі леў» (напад на Англію), але ж не рэалізаваў яе, павярнуўшы вектар сваёй агрэсіі на ўсход. Як сцвярджаецца ў польскай гіс тарыяграфіі, ужо вядома, што Гітлер не распачаў бы вайны ў 1939 г., калі б англа-французска-савецкая кааліцыя склалася. Але сёння даказана, што Крэмль не імкнуўся да канструктыўнага выніку тых перамоў, бо яны патрэбны былі толькі каб паскорыць паразуменне Берліна з Масквой. Да ўсяго трэба ўспомніць міжваенныя меркаванні савецкага кіраўніцтва наконт заходняга суседа, у іх яўна дамінавалі матывы змены межаў тагачаснай Польскай Рэспублікі на карысць СССР. А Гітлеру пакт Молатава-Рыбентропа, як кажуць, «развязваў рукі».
Аргументы прыхільнікаў тэзы, паводле якой СССР, нягледзячы на дагавор аб дружбе з Германіяй, нельга лічыць яе саюзнікам, тым больш стасоўна падзелу Польскай Рэспублікі, разбіваюцца словамі Сталіна пра «дружбу, скрепленную кровью» (Телеграмма И. В. Сталина министру иностранных дел Германии г. Иоахиму фон Риббентропу. Правда, 1939, 25 дек.) і Молатава пра «общую» (Германіі і СССР) перамогу над Польшчай, дзеля чаго, як ён выславіўся, «оказалось достаточно короткого удара по Польше со стороны германской армии, а затем — Красной Армии, чтобы ничего не осталось от этого уродливого детища Версальского договора» (О внешней политике Советского Союза. Известия, 1939, 1 нояб.). Да таго ж яшчэ згадаем сумесныя германа-савецкія заявы (Правда, 1939, 29 сент.), цалкам вытрыманыя ў саюзніцкай рыторыцы. Як трапна заўважае на аснове дакументаў савецка-германскіх стасункаў расійскі даследчык Сяргей Случ, існавалі нават планы сумесных баявых дзеянняў у Польшчы; у тым дакуменце аўтарства Молатава казалася аб «непосредствен ной реализации намеченного плана» адносна захопу Польшчы [42]. Дый простае садзейнічанне баявым дзеянням Германіі было — з Мінска падаваліся радыёсігналы для дапамогі пры арыентацыі нямецкай авіяцыі ў ходзе атак на польскія аб'екты, існавала таксама дамоўленасць аб агульных дзеяннях супраць польскага супраціву. З гэтай мэтай у канцы 1939 г. у Закапаным (горад у нямецкай зоне акупацыі) быў створаны сумесны вучэбны цэнтр для падрыхтоўкі афіцэраў нямецкай і савецкай спецслужбаў (СД і НКВД) для барацьбы з польскім Супраціўленнем.
Читать дальше