Еrgо [54]: для Беларусі аб'яднанне 1939 г. з'яўляецца цалкам адэкватным дыялектыцы гісторыі. Таму можна адказаць на запытальныя словы Ю. Туронка — «ці ў выніку ўсіх міжваенных і пасьляваенных выпрабаваньняў існавала б сёньня беларуская нацыя, калі б не адбылося яе ўзьяднаньне, калі б Заходняя Беларусь працягвала заставацца ў межах Польшчы?» — наступнае: згодна з дыялектыкай гісторыі, Беларусь павінна была аб'яднацца, а вось акалічнасці гэ тага аб'яднання склаліся такія, што з гэтага самі беларусы пацярпелі больш, чым які іншы народ Еўропы ў Другой сусветнай вайне. І яшчэ: аб'яднанне адбылося, бо адбылося раз'яднанне ў 1921 г. Гісторыя толькі ўстанавіла status quo сваіх законаў. І ў абодвух выпадках (і ў 1921, і ў 1939 гг.) да падзей наўпрост спрычыніўся савецка-расійскі імперыялізм, спярша ў хаўрусе з тагачаснай Польскай Рэспублікай, затым — з III Райхам.
Дарэчна таксама будзе згадаць, што 17 верасня 1939 г. з'яўляецца толькі датай вызвалення, паводле савецкай тэрміналогіі, але ні ў якім разе не аб'яднання, бо кіраўніцтва Савецкага Саюза на той час само яшчэ не ведала, ці будуць «крэсы паўночна-ўсходнія» ў адной рэспубліцы. De iure паварот да варыянта, праз які Беларусь урэшце аб'ядналася, пачаўся 28 верасня 1939 г., калі паміж СССР і Германіяй быў падпісаны чарговы дагавор аб дружбе і мяжы, які прадугледжваў новую лінію размежавання на польскай тэрыторыі і сферы ўплыву адносна літоўскай, пакуль тады яшчэ суверэннай, дзяржавы. 29 кастрычніка Народны сход Заходняй Беларусі прыняў дэкларацыю аб далучэнні яе да БССР. 2 лістапада 1939 г. Крэмль афіцыйна задаволіў тую «просьбу», што толькі потым (!), 14 лістапада, прадубліраваў Вярхоўны Савет БССР. Нелігітымнасць, недэмакратычнасць таго сходу, пра што сведчаць многія сёння лёгка даступныя матэрыялы [55] , як і потым выбары у саветы розных ўзроўняў, выклікаюць сумненні сёння хіба адно ў тых беларускіх гісторыкаў, што засталіся ў палоне савецкіх ідэалагічных установак. Дзіўна слухаць такіх навукоўцаў, якія з аднаго боку сцвярджаюць пра мала ні 100-адсоткавую актыўнасць электарату, а з іншага (жадаючы паказаць катастрафічна нізкі ўзровень адукацыі «заходнікаў») — кажуць (у дадзеным выпадку цалкам слушна), што непісьменнасць пры панскай Польшчы даходзіла да 70 % (прынамсі на Палессі). Якім жа чынам, хочацца запытаць у тых даследчыкаў, змаглі прайсці працэдуру выбараў людзі, што й чытаць не ўмеюць? Адказ навідавоку: іх рукою ўпэўнена вадзіла ўлада.
У свой час У. Ленін таму і задумваў палітыку ліквідацыі непісьменнасці, бо разумеў, што іначай масы не ахапіць бальшавіцкім уплывам і тым больш не дабіцца татальнай падтрымкі. Але ён жа і папярэджваў, што «скачками здесь завоевать можно меньше всего, особенно среди масс, стоящих на низком культурном уровне», «мы ни в коем случае не должны спешно нести коммунистические идеи напрямую в деревню», «поспешность и размашистость наиболее вредны». Такім чынам, нават логіка савецка га правадыра абвяргае магчымасць створаных на паперы паказчыкаў падтрымкі савецкай улады на выбарах у Заходняй Беларусі. Відавочнасць гэтага пачынаюць ужо прызнаваць і некаторыя афіцыёзныя гісторыкі Беларусі. Адзначаецца, напрыклад, што каля 400 тысяч чалавек выказаліся супраць дэпутатаў або не прынялі ўдзел у галасаванні ў Народны сход. Але само па сабе выказванне супраць або няўдзел у галасаванні не становіцца сведчаннем адсутнасці дэмакратыі. Можа варта, сказаўшы «А», мовіць і «Б» — прызнаць адсутнасць дэмакратыі на тых савецкіх выбарах?
Карацей кажучы, фармальна аб'яднанне Беларусі адбылося лічы праз два месяцы пасля «вызвалення», post actum [56]. А фактычна sic! [57] яшчэ пазней, можна сказаць, толькі пасля вайны, бо праз старую мяжу не зрабілі вольнага перамяшчэння. «На старой границе имелись свои погранотряды. Это была большая сила». Атрымліваецца, што паспаліты люд займеў большую магчымасць перасякаць былую савецка-польскую мяжу адно пры германскай акупацыі, да якой захоўваўся даваенны стан з жорсткім кантролем той мяжы. Летам 1941 г., ужо пасля нападу Германіі на СССР, мясцовае насельніцтва, якое рушыла на ўцёкі, не прапускалася савецкімі памежнікамі! Нельга стрымацца, каб не працытаваць у гэтай сувязі дзённік аднаго габрэя, які, відаць, разумеючы эвентуальнасць развіцця падзей стасоўна сваёй долі, пісаў: «Как велико было горе тех, кто все же достиг советской границы! Тут по всей линии границы стояли пограничные войска НКВД и угрожали застрелить каждого, кто намеревался пересечь границу. Пропускали только тех, кто имел специальный пропуск или билет коммунистической партии. А так как пропусков нигде нельзя было получить — в воскресенье все учрежденья были закрыты, а в понедельник всюду уже была суматоха, — то число тех, кому удалось пройти дальше на восток, было крайне незначительным. Огромная масса людей должна была вернуться обратно. Их положение было ужасно. Идти обратно означало наверняка попасть в руки немцев, захвативших уже оставшееся пространство, а идти дальше почему-то не позволяли советские пограничные войска…» І яшчэ адно сведчанне: «Пока была Советская власть, Западная Беларусь была изолирована от всего мира. Даже граница между Восточной и Западной Белоруссией была закрыта и местным жителям запрещалось пересекать ее. <���…> Только после захвата Белоруссии немцы открыли границы и мы могли навестить родственников — как на востоке, так и на западе». Ад такой інфармацыі ствараецца ўражанне, што былая савецка-польская мяжа ахоўвалася нашмат больш пільна за «першымі Саветамі», чым да іх прыходу, калі яна перасякалася адносна немалой (як для мяжы паміж дзяржавамі-антаганістамі) колькасцю цікаўных паглядзець на «светлую будучыню», якая нерэдка абарочвалася для іх турмой ці нечым яшчэ горшым. (NВ, ахоўвалі былую мяжу, калі верыць крыніцам, менавіта памежныя войскі. Дык хто ж нас, беларусаў, насамрэч аб'яднаў пасля Рыгі?!)
Читать дальше