Цікава прасачыць рэакцыю насельніцтва на вераснёўскія падзеі 1939 г. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, беларусы чакалі перамен да лепшага і чырвонаармейцаў называлі не інакш як «нашымі». Бадай, толькі польская частка насельніцтва была па азначэнні настроена варожа да савецкай улады, што праяўлялася як у актыўным супраціве (падпольная барацьба), так і ў пасіўным (так званая ўнутраная эміграцыя). Але ў хуткім часе і беларусы разгледзе лі сутнасць вызваліцеляў і бальшавікі ў іх вуснах не без іроніі трансфармаваліся ў «башлыкоў» [58] . Дый пасляваеннае перасяленне беларусаў у Беларусь (ізноў перадзеленую бальшавікамі), а палякаў у Польшчу паказала сапраўдныя адносіны насельніцтва да савецкай улады. Яе ўжо не прызнавалі сваёй, хоць да 1939 г. многія і чакалі Саветаў. Пры магчымасці сяляне імкнуліся застацца па заходні бок мяжы, нягледзячы, што і там існавалі праблемы экзістэнцыйнага характару (напрыклад, нацыянальная нецярпімасць, бандытызм). І наадварот, значная частка кансерватыўных па ладзе жыцця сялян, якія лічыліся палякамі і апынуліся на тэрыторыі, што далучалася да БССР, старалася ўцячы ад калгасаў, непамерных падаткаў, хамскай улады, што неслі нэндзу, паўсядзённы неспакой ды рэпрэсіі.
Такім чынам, ні з прававога, ні з нейкага маральнага, а таксама гістарычнага гледзішча падзеі вакол 17 верасня 1939 г. нельга назваць справядлівымі. Акт 17 верасня — 14 ліста пада 1939 г. неабходна прызнаць фармальна аб'яднаўчым для Беларусі (калі не браць пад увагу беларускія этнаграфічныя ўскрайкі на поўначы і на ўсходзе). Таму варта скарэктаваць канатацыю [59]дэфініцыі [60]«аб'яднанне», што паводле савецкай інтэрпрэтацыі атрымала безапеляцыйна станоўчую афарбоўку.
Па-першае, аб'яднанне было далёкім ад дэмакратычнага, яно планавалася ў звышсакрэтных варунках і вузкім колам прадстаўнікоў ІІІ Рыма і ІІІ Райха.
Па-другое, яго праводзілі зусім не тыя, хто аб'ядноўваўся: іх аб'ядналі, не пытаючыся, і толькі потым post factum правялі інсцэніроўку «Народнага» схода.
Як і ў 1921 г. пры падзеле Беларусі, яе прадстаўнікі былі не проста праігнараваныя пры рэалізацыі нібыта аб'яднаўчага працэсу (а насамрэч каланіяльнага захопу) — яны нават не ведалі пра яго падрыхтоўку і маглі толькі меркаваць пра далейшае развіццё лёсу Заходняй Беларусі пасля 17 верасня 1939 г., бо ў Крамля было некалькі варыянтаў (многія інтэлектуалы-«заходнікі», хто б мог стацца тымі прадстаўнікамі, неўзабаве апынуліся за кратамі, а нацыянальная эліта ўсходняй часткі Беларусі практычна ўжо была элімінавана бальшавікамі). Такім чынам, акт, здзейснены кіраўніцтвам Савецкага Саюза ў 1939 г., па форме можна маркіраваць тэрмінам «аб'яднанне», аднак нельга забываць пра яго зместавую напоўненасць: інтэграцыя адбылася шляхам далучэння заходняй часткі беларускіх зямель, аншлюсам на капыл «перад- і ваколмюнхенскіх» дзеянняў фашысцкай Нямеччыны 1937–1938 гг. Думаецца, што менавіта выкарыстанне ў дадзеным выпадку тэрміна «далучэнне» дазваляе канкрэтызаваць гістарычную сутнасць гэтай шматграннай і неадназначнай падзеі як для беларускага народа, так і яго суседзяў. 17 верасня яшчэ не было аб'яднання. Яно такім сталася праз шэраг самых розных падзей, разгорнутых у часе.
Дарэчна будзе давесці, што сучасныя ўкраінскія гісторыкі, кажучы пра «насильницькі методи» «приэднання західноі частини украінських земель до Великоі Украіни в рамках Радянського Союзу», пры гэтым слушна заўважаюць, што аб'яднанне «було найважливішим кроком у формуванні украінськоі соборності». «Однак ця подія, — цытуем іншага ўкраінскага гісторыка, — принесла украінцям не менші страждання, ніж полякам». Карэктна бачыць такое ж (і нават большае) значэнне тых падзей і для распалавіненай перад 1939 г. Беларусі. Яе тагачасная драма заключалася яшчэ і ў тым, што на далучанай частцы адразу пачалася рэалізацыя сцэнара, апрабаванага амаль за два дзясяткі гадоў у БССР. Канечне, са сваёй спецыфікай, самай галоўнай рысай якой з'яўлялася аператыўнасць, а вынік тоесны — саветызацыя і русіфікацыя.
Прызнаючы аб'яднаўчы для Беларусі момант у падзеях 1939 г., недапушчальна казаць пра «вызваленне Чырвонай Арміяй» і тым больш пра нейкую справядлівасць таго акта, тым самым прызнаючы справядлівасць агрэсіі. Падзеі 1939 г. былі справядлівымі гэтак жа, як і дзяльба Беларусі ў 1918–1921 гг. І падзеі 1939 г. не дадалі ў гісторыі справядлівасці, бо зло нельга выкараніць злом. Ад гэтага яго толькі пабольшае. А наданне тым і іншым сацыльна-палітычным з'явам ацэнак (што так любяць рабіць многія даследчыкі-грамадазнаўцы) павінна быць адэкватным сістэме каштоўнасцей сучаснай цывілізацыі і імкнуцца не трапляць у цянёты кан'юнктуры і залежнасці ад палітычных сілаў ці асабістых перакананняў даследчыка. Расійскім філосафам Аляксандрам Дзьякавым заўважана, што «науки о человеке, какими мы их знаем сегодня, постарались «забыть» о своем происхождении. <���…> Гуманитарные науки «забывают» о том, что в их основании лежит рационалистическая метафизика субъекта » (курсіў наш. — А. Т.), якім з'яўляецца менавіта чалавек, homo. Англійскі мыс ляр Н. Дэвіс заўважыў, што гісторыкі расказваюць «абстрактную» гісторыю — мінулае дзяржаў, народаў, у якой мала месца індывіду. Перафразаваўшы вядомы выраз палітычнай культуры сацыялізму, ён стварыў свой тэзіс, які лаканічна і ясна выказвае сутнасць жаданага падыходу да гістарычных канструкцый: «historia z ludzka twarza».
Читать дальше