Пачуўшы крокi Геракла, ён прачнуўся, усхапiўся, сярдзiта загыркаў, i дракон на канцы хваста грозна разявiў пашчу.
Геракл хуценька наблiзiўся да Кербера i, выставiўшы ўперад сваю левую руку, абгорнутую ў iльвiную шкуру, правай рукой схапiў сабаку за шыю. Сабака завыў; жудаснае выццё яго разнеслася па ўсiм падземным царстве. Ён ухапiўся зубамi ўсiх трох галоў за левую руку героя, лiзаў яе вогненнымi языкамi, усе змеi на яго спiне ўпiлiся ў iльвiную шкуру, але яе нельга было пракусiць, i Геракл не адчуваў болю. Моцна сцiскаў ён шыю сабакi i цягнуў яго за сабою, на бераг ракi, да перавозу. Нарэшце напаўзадушаны Кербер захiстаўся, аслабеў i лёг перад Гераклам. Герой надзеў яму ланцуг на шыю i павалок за сабою, i страшны сабака падземнага царства паслухмяна паплёўся за пераможцам.
Харон жахнуўся, убачыўшы Геракла з Керберам, але не адважыўся затрымаць iх i перавёз на другi бок.
Калi яны наблiзiлiся да выхада на зямлю, Кербер жаласна заскуголiў i амаль поўз за Гераклам. А калi яны выйшлi са змроку на зямны вольны прастор, сонечнае святло асляпiла падземнага вартаўнiка; ён задрыжаў, закалацiўся, жоўтая пена закапала з яго пашчаў, i ўсюды, дзе яна падала на зямлю, вырастала ядавiтая трава.
Геракл прывёў Кербера ў Мiкены i прымусiў Еўрысфея зiрнуць на яго. Але Еўрысфей затулiў твар рукамi i ад страху пачаў прасiць Геракла найхутчэй завесцi страшнага сабаку назад.
- Ну, бяжы, вяртайся назад i чакай цара каля варот, - сказаў Геракл i зняў з Кербера ланцуг.
I сабака як згледзець вокам памчаўся ў царства мёртвых.
Так закончылася служба Геракла Еўрысфею, i цар адпусцiў героя.
Геракл у палоне
Закончыўшы сваю службу ў цара Еўрысфея, здзейснiўшы дванаццаць подзвiгаў, Геракл вярнуўся дадому. Тут яго чакалi новыя выпрабаваннi.
Даверлiвы i добры, Геракл часта бываў нецярплiвы, запальчывы i ў гневе не памятаў сябе.
Аднойчы хлопчык-слуга падаў яму напiцца вады, якая прызначалася, каб умывацца. Геракл зазлаваў, стукнуў яго i забiў незнарок. Тады, каб навучыць героя цярплiвасцi, Зеўс наслаў на яго доўгую пакутлiвую хваробу. Адважны герой, якi не баяўся нi дзiкiх звяроў, нi страшыдлаў, нi варожага войска, не мог цярплiва пераносiць боль. Ён не вытрымаў, звярнуўся да Апалона i запатрабаваў, каб бог святла, якi ведае будучае людзей, сказаў яму, калi ён паправiцца i скончацца яго пакуты. Апалон не захацеў адкрыць герою гэтую тайну. Геракл раз'юшыўся i ўзняў руку на бога святла. Грамавержац разгневаўся, паслаў хмару, каб яна разняла задзiр, i загадаў Гермесу пакараць непакорнага героя.
Хiтры бог гандлю прадаў Геракла лiдзiйскай царыцы Амфале за тры медныя манеты на тры гады ў рабства.
Вясёлая царыца Амфала не пасылала Геракла ў далёкiя паходы i не патрабавала ад яго геройскiх спраў i перамог. Яна адабрала ў героя зброю - яго меч i лук са стрэламi, зняла з плеч iльвiную шкуру, апранула Геракла ў жаночае адзенне i дзеля пацехi прымушала яго, нiбы служанку, прыслужваць ёй.
Яна садзiла яго за праснiцу разам з жанчынамi i весялiлася, слухаючы, як казкi, яго расказы пра далёкiя вандроўкi, цяжкiя паходы i жорсткiя бiтвы.
Гэты палон у Амфалы быў для героя цяжэйшы за самыя мудрагелiстыя даручэннi Еўрысфея. I часта Геракл так сумаваў i нудзiўся, што царыцы надакучваў яго змрочны выгляд, яна аддавала яму лук i стрэлы i дазваляла пагуляць па ваколiцах.
Аднойчы Геракл зайшоў вельмi далёка, у суседнюю з Лiдзiяй краiну, стомлены лёг пад дрэва i заснуў. Праз сон ён адчуў нейкую мiтусню вакол сябе, быццам маленькiя звяркi бегалi па яго целе. Ён прачнуўся, працягнуў руку, злавiў аднаго.
Гэта быў не звярок, а смешны карлiк - кекроп.
Шмат iх варушылася каля героя на зямлi - iм спадабаўся лук Геракла, i яны збiралiся сцягнуць яго. Геракл пачаў лавiць iх, звязваць за рукi, за ногi; потым начапiў iх на доўгую палку i панёс у Лiдзiю.
Кекропы не спалохалiся: яны скакалi па палцы, спрабуючы вызвалiцца, гучна пiшчалi i так пагражалi Гераклу i сварылiся на яго, што Геракл смяяўся ўсю дарогу.
Гледзячы на гэты маленькi смелы народ, Геракл развесялiўся.
Ён дайшоў да мяжы iх царства, развязаў сваiх маленькiх палонных i адпусцiў на волю, а сам вярнуўся да Амфалы i пачаў патрабаваць i сабе волi. I Амфала ўрэшце адпусцiла яго.
Геракл вызваляе Праметэя
Шмат яшчэ подзвiгаў здзейснiў Геракл, i iмя яго праславiлася па ўсёй Грэцыi.
Калi Язон пабудаваў быстраходны карабель "Арго" i паклiкаў герояў Грэцыi, каб плыць за тры моры, у Калхiду, здабываць залатое руно, магутны Геракл выправiўся ў паход разам з адважнымi арганаўтамi.
Читать дальше