Сведкі заняпаду амерыканскага канстытуцыяналізму, пазбаўленыя гістарычнага ўсведамлення сутнасці палітыкі, могуць настойваць на вяртанні да «прынцыпаў» Канстытуцыі. Але нават найбольш пераканаўчыя аргументы на карысць прытрымлівання гэтых прынцыпаў няздольныя аднавіць этычны дух канстытуцыяналізму. Людзі забываюцца на тое, што традыцыйныя амерыканскія канстытуцыйныя палажэнні ўтрымлівалі і мелі на ўвазе значна большы змест, чым той, што адлюстраваны ў тэксце. Яны ўвасаблялі этычныя і культурныя перавагі, якія сёння паступова страчваюцца. Пры адсутнасці настойлівых і паслядоўных намаганняў дзеля аднаўлення ці ўдасканалення цывілізаванага зместу Канстытуцыі нават найбольш утрапёная абарона абстрактных прынцыпаў няздольная адрадзіць канстытуцыйную дэмакратыю.
Шмат якія падзеі ў сучасным амерыканскім грамадстве і іх аналагі ў іншых дэмакратычных дзяржавах Захаду падкрэсліваюць недаўгавечнасць той формы цывілізаванасці, якую прадстаўляе прыхільнік канстытуцыйнага ладу. Шматлікасць сацыяльных і палітычных праблем з'яўляецца сімптомам знікнення тых рысаў характару і схільнасцяў, якія складаюць падмурак канстытуцыйнай дэмакратыі. Эканамічны, тэхналагічны, медыцынскі прагрэс і поспех у іншых галінах не могуць схаваць памераў і глыбіні заняпаду дэмакратыі. Гэты сумны спіс няцяжка падоўжыць.
У вядучай дэмакратычнай дзяржаве свету закон і парадак настолькі здалі свае пазіцыі, што пачуццё небяспекі ў грамадзян лічыцца ўжо нормай жыцця. Злачыннасць набыла характар эпідэміі і нярэдка характарызуецца надзвычайным нахабствам. Шмат дзе злачынцы паспяхова аспрэчваюць у дзяржавы кантроль над грамадствам. Большасць злачынстваў застаецца без пакарання. Няздольнасць улады эфектыўна абараняць жыццё і здароўе грамадзян адлюстроўвае схільнасць да усёдазволенасці і няўпэўненасць адносна абвешчаных мэтаў грамадства. Гэтая няздольнасць з'яўляецца таксама сімптомам канцэптуальнай трансфармацыі ролі і значэння права. Тая асаблівая годнасць, якая калісьці была ўласцівая праву і стварала з яго бесстаронняга суддзю на варце агульнага дабра, цяпер страчваецца. Закон усё болей успрымаецца як сродак дасягнення эканамічнымі, этнічнымі і ідэалагічнымі групоўкамі сваіх адкрыта своекарыслівых мэтаў. У той самы час, як суды і юрысты пачынаюць абслугоўваць усё новыя і новыя сферы грамадскага жыцця, прававую сістэму разбурае непрадказальнасць і адвольнасць, шмат прыкладаў чаму можна адшукаць у рашэннях Вярхоўнага Суда, якія адкрыта супярэчаць духу Канстытуцыі. Заняпад законнасці з'яўляецца ледзь не галоўнай прычынай больш ці менш выразнага адчування грамадзянамі таго, што імі проста маніпулююць.
Выраджаюцца традыцыйныя сацыяльныя і маральныя нормы. Сям'я губляе сваю аб'яднаўчую ролю і свае функцыі асноўнай крыніцы развіцця асобы і выхавальніка ў ім чалавечых каштоўнасцяў. Усё ніжэй апускаюцца і без таго нізкія нормы асабістых паводзін. Знікненне ранейшых поглядаў на сексуальныя адносіны прыводзіць да росту распусты і эпідэмій СНІДу і венерычных захворванняў. Руціннай справай робяцца аборты, колькасць якіх сапраўды ашаламляльная. Квітнее наркаманія, сумленнасць і чысціня саступаюць месца сумніўным якасцям і прыстасаванству. Зніжаецца якасць працы. Здольнасць да самадысцыпліны і ўпартасць у намаганнях таксама знікаюць. Сучасная сфера забаў і правядзення вольнага часу выражае і заклікае да адчужэння ад сапраўднай адказнасці і праблем. Вышэйшыя навучальныя ўстановы і адукацыя ўвогуле амаль ніякай увагі не эвяртаюць на гуманістычны змест навучання, у выніку чаго інтэлектуальныя і маральныя арыенціры задаюць розныя ідэалагічныя плыні і захапленні. Нізкія акадэмічныя паказчыкі сёння адстойваюцца нават шмат кім з тых, хто працуе ў сферы адукацыі. Аўтарытэт у грамадстве гарантуецца статусам «зоркі», знаходжаннем «навідавоку» і валоданнем словам. Апантанасць навінамі падмяняе імкненне заўсёды дакапацца да ісціны сваім розумам. Правы і свабоды прэсы ўзводзяцца ў культ. Дэградацыя эстэтычнай ацэнкі ў мастацтве прывяла да прыняцця і ўхвалення трывіяльнасці, бессэнсоўнасці, глупства, вульгарнасці і злавеснасці. Царква мала або ўвогуле нічога не кажа пра грэх і неабходнасць адкуплення ці робіць з рэлігіі і этыкі сентыментальны рытуал «спачування». Крах ранейшага пачуцця прапорцый, самаабмежавання і прыярытэтаў адлюстраваны ў ашалелым камерцыялізме і спажывецтве. Нашыя продкі жахнуліся б ад таго, што цяпер лічыцца нормаю рынкавай дзейнасці і камерцыйна паспяховай поп-культуры. У спорце нават тэніс запалонены людзьмі з дрэннымі манерамі, якіх яшчэ дзесяцігоддзі таму і блізка не дапусцілі б да ўдзелу ў спаборніцтвах. Паўсюль у грамадстве бадай што неабмежаваная памяркоўнасць да ўсяго, што знішчае традыцыйнае імкненне да цывілізаванасці, крок за крокам адцясняюць яе нормы. Здаецца, дэмакратыя рухаецца да вельмі непрыгляднага трыумфу.
Читать дальше