— Табе, цётка, маркі дадуць,— абяцае ён Пёкле. Свіння вялікая і дужая. Немцы ўчапіліся ў яе, як кляшчы, хто за вушы, хто за ногі, хто за хвост. А свіння хрукнула, крутанулася — і на вуліцу. Двое кінуліся пераймаць, а трэці бяжыць следам, трымае за хвост. На мурагу ён паслізнуўся, наступіўшы на каровін блін, але хваста не выпусціў, павалокся жыватом па траве. I ўсё ж яны падужалі свінню. Наваліліся гуртам, звязалі.
Неўзабаве заглянуў немец і ў нашу хату. Малады, гладкі, у шэрым, ладна падагнаным мундзіры. Бабуля была на агародзе, а маці стаяла ў двары на лаўцы і ўстаўляла замест выбітай шыбы фанерку.
— Матка, яйкі!
— Няма яек! — не вельмі ветліва адказала маці, не пакідаючы ляпаць малатком па цвічку. Тут ён аж збялеў ад злосці, крычыць, кулакамі пагражае. А маці быццам і не чуе яго, робіць сваю справу, з лаўкі не злазіць. Я не думаў, што яна такая смелая. Гэта зусім вывела фашыста з раўнавагі. Ён ударыў ботам па лаўцы, і маці паляцела на зямлю. Немец выхапіў з ножнаў цясак і сунуў ёй пад нос.
— Рэж, гад, рэж,— крычыць яна, а сама аж калоціцца. Шчокі расчырванеліся, вочы гараць. Я не вытрымаў і з плачам кінуўся да яе. А тут і бабуля падаспела.
— Пан! Паночку! — начала яна прасіць, і ў голасе было столькі лагоднасці, што аж слухаць мутарна.— Дзеткі во, пан. Малыя.— I паказала на нас з Глыжкам.
Ці яго кранула бабульчына лагоднасць, ці падзейнічала наша з Глыжкам прысутнасць, але немец схаваў нож, абышоў распластаную на зямлі маці і шмыгнуў у сенцы. Чуем, лесвіца заскрыпела — палез яйкі шукаць. А потым зазвінела шкло. Там стаяць рамы, якія ўстаўляюцца ў вокны на зіму. Слухае бабуля, што робіцца на гарышчы, і прыгаварвае:
— Бі, бі, каб цябе маланка біла. Шукай, шукай — хваробу ты там знойдзеш пасля мяне.
Фашыст трапіўся настойлівы. Наверсе нічога не знайшоў — палез у хаце на паліцу. Заглянуў у адзін гладыш, у другі, бразнуў іх аб падлогу і пайшоў. Дзверы так і засталіся расчыненыя.
Маці зрабілася дрэнна. Яна лягла ў пасцель. Глыжка зашыўся на печ, грызе сухар і спалохана выглядае з-за коміна. А бабуля збірае чарапкі і не супакойваецца.
— Каб ты касцей сваіх не сабраў, сабака шалудзівы. Што немец кідаўся да маці з нажом, што нарабіў нам шкоды — з гэтага я ўжо не дзівіўся. Чаго я ад іх хачу? Немцы! Мяне больш уразіла тое, што бабуля сказала «пан» і нават «паночку». Я чуў, што калісьці і ў нашай ізёсцы быў пан. Я ведаў, што за мяжой іх і зараз як сабак нярэзаных. I ў кніжках пра гэта ёсць, і Антаніна Аляксандраўна ў школе расказвала. А тут на табе — жывы пан!
Мяне разабрала на бабулю злосць, быццам яна ва ўсім гэтым была вінавата.
— Пан! Пан! Распанкалася тут! — накінуўся я на яе.
Бабуля спакойна выпрасталася і, трымаючы ў прыпале чарапкі, са здзіўленнем спытала ў мяне:
— Ты не чамярыцы аб'еўся?
— А ты панкала б паменш,— не сціхаў я. Яна адказала мне ўжо на парозе:
— Дурны ты са сваей маткай разам. Каб разумный былі, не лезлі б дарма на ражон.
I ляпнула дзвярыма.
Але і бабульчынай вытрымкі хапіла ненадоўга. На гэты раз зайшлі ў двор двое. Не сказаўшы ні слова, яны пачалі расчыняць вароты. Пара шырачэзных біцюгоў ледзь праціснулася паміж шуламі, а калёсы зачапіліся за плот. Падгніўшае каля зямлі шула затрашчала і пахілілася.
Немцы не сталі асаджваць коней, каб заехаць у двор па-людску, а пагналі іх наперад. Ад гэтага з трэскам звалілася ўся пераплёціна. Бабуля маўчала. Яна стаяла на ганку і толькі з дакорам ківала галавой: няма ў людзей розуму, свой не ўставіш.
У двары немцам не спадабалася. Відаць, ім тут было цесна. Таму яны развалілі і той плот, які адгароджваў двор ад агарода. Бабуля памкнулася была паказаць, што на агарод ёсць варотцы, але яе адпіхнулі. Потым на градах немцы пачалі забіваць у зямлю калы. I гэта на агурках і памідорах, куды бабуля і курыцы не давала ступіць, куды мяне не падпускала і блізка, каб не пацёр націну! Калі я быў меншы, мяне палохалі русалкай, якая нібыта сядзіць у траве і толькі чакае каго-небудзь з малых, каб заказытаць. А як падрос, мне проста далі зразумець, што будуць бедныя вушы. А тут біцюгі! Ды ў іх капыты, як рэшаты!
Бабуля зноў падбегла да немцаў і запанкала:
— Пан! Паночку! Так не гут...
«Во,— думаю,— па-нямецку бабуля рэжа...»
Яна раіць ім паставіць коней на аўсянішчы. Няхай яго топчуць, шкоды такой не будзе. А «пан» ужо адарваў жардзіну ад паваленага плота, выцягнуў на агарод і прымярае да калоў. Канавязь думае зрабіць. Быццам незнарок, ён павярнуў жардзіну вакол сябе і пляснуў яе канцом бабулі па натыліцы. Старая звалілася ў мяжу, а немец заржаў, як жарабец. Вясёлы, чорт.
Читать дальше