Тут мы вырашылі, што Няўмыка — гад, што такіх трэба душыць, і пайшлі глядзець, што робіцца ў новай школе.
Па дарозе мы крыху пастаялі каля хаты-чытальні, на якой ужо вісеў партрэт Гітлера. Пад партрэтам надпіс: «Гітлер — вызваліцель». Але мы і без надпісу здагадаліся, хто гэта такі — не раз да прыходу немцаў бачылі малюнкі ў газетах. I тут тая ж касая пасачка валасоў над ілбом, тыя ж вусікі, тыя ж калючыя злосныя вочы. Побач з партрэтам загад на нямецкай і рускай мовах: хто будзе хаваць камісараў і яўрэяў — таму расстрэл.
Я ўспомніў, як немцы зламалі Міронаву яблыню, як ішлі па агародах танкі, як лавілі Пёкліну свінню, успомніў нашага дудара з курашчупам, таго немца, што кідаўся да маці з нажом, і сказаў:
— Добры вызваліцель.
— Гад ён,— падтрымаў мяне Міцька і прапанаваў: — Давай мы яму вочы выдзерам цвіком.
Міцька дастаў з кішэні гарэлы цвік, залез на прызбу, каб можна было дастаць Гітлера. Але ў гэты момант з былога сельсавета выйшлі два немцы, і мы пусціліся наўцёкі. Вочы ў Гітлера засталіся цэлыя.
У чарапічным даху школы, якраз у тым месцы, дзе мы сядзелі з Санькам, калі лазілі глядзець на Стараселле, вялізная дзірка. Голыя рэбры крокваў абгрызлі асколкі. Адна кроквіна звісае над сцяной, калышацца ад ветру і рыпіць.
Раптам расчыніліся школьный дзверы, і адтуль высунуўся руды, успацелы твар Няўмыкі. Рэдкія, чырвоныя валасы прыліплі да мокрага лба. Ён цягне кніжную шафу. Шафа не пралазіць у праём, і Няўмыка натужна сапе, крэкча, лаецца на свайго Няўмыканёпка, які без толку блытаецца ў яго пад нагамі.
— А ну, патрымайце дзверы! — закрычаў ён са злосцю на нас.
Ніхто не паварушыўся з месца, а Міцька, дык той нават агрызнуўся:
— Няма дурных!
Няўмыка толькі коса зірнуў і вывалак шафу на ганак без нашай дапамогі. Тут ён узваліў яе на плечы і пацягнуў у свой двор. Коля пакрочыў следам. Калі ён праходзіў міма нас, Санька злаўчыўся і ўбрыкнуў яго босай нагой. Я не вельмі гучна, каб не пачуў сам Няўмыка, сказаў Колю, што ён рудая сучка, а Міцька паказаў кулак.
— А яны б'юцца і дражняцца,— паскардзіўся ён бацьку, а потым, адбегшы на бяспечную адлегласць, запусціў у нас цаглінай. Нам з Міцькам нічога, а Саньку цагліна трэснула па назе. Цяпер Санька не даруе гэтага праклятаму Рудзьку да магілы.
У школе ўсё было перавернута дагары нагамі. Новый парты, за якімі нам не давялося пасядзець і аднаго ўрока, выкінуты з класаў у калідор. Частку іх ужо хтосьці пасек, паламаў. У класы немцы, як і ў нашу хату, нацягалі саломы. Усюды валяюцца пустыя пачкі ад нямецкіх цыгарэт, шматкі газет, бляшанкі з-пад кансерваў — розныя патрэбныя нам рэчы.
Я ўзяў сабе два цыгарэтныя пачкі з прыгожымі малюнкамі, Санька знайшоў яшчэ зусім новае лязо ад брытвы, а Міцьку пашанцавала больш за ўсіх. Ён выкапаў у саломе бляшанку з-пад гуталіну. Бляшанка была незвычайная. Збоку яе прымацавана бліскучая круцёлка. Павернеш круцёлку, і вечка адчыняецца само. Міцька сказаў, што ў гэтую бляшанку ён будзе што-небудзь класці і насіць у кішэні. Мы вельмі зайздросцілі яму і шкадавалі, што немцы забылі толькі адну такую добрую рэч.
У бібліятэцы на падлозе валяюцца кніжкі. Многія з іх падраныя, запэцканыя бруднымі ботамі. Апрача немцаў тут пахадзіў і Няўмыка. Гэта ён іх павыкідаў з шафаў. Паглядзела б на ўсё гэта наша Антаніна Аляксандраўна, якая нярэдка сварылася на нас толькі за тое, што крыху замусоліш старонку пальцам!
У Санькі аж вочы заблішчалі ад сквапнасці.
— Давай дамоў занясём, — прапанаваў ён.
Ды не так проста занесці. Кніжак навалена пад самый падаконнікі. Мы выбіраем, на наш погляд, толькі самыя цікавыя: пра пагранічніка Карацупу, пра Гарыбальдзі — італьянскага змагара за свабоду, пра конніка без галавы, пра дзеда Талаша, пра Цімура і яго каманду, пра Хаджу Насрэдзіна.
Амаль да вечара мы носім кніжкі дахаты, дзесятай дарогай аббягаючы немцаў.
Я нанасіў кніжак поўную дзежку, якая цяпер усё роўна будзе пуставаць, бо агуркі і капусту вытапталі біцюгі. У Санькі на гарышчы атрымаўся цэлы штабель. Міцька напакаваў дзве скрынкі з-пад яблык. Мы не ўкралі кніжкі. Прыйдуць нашы — аддадзім у школу. А пакуль што, калі будзе час, пачытаем.
Паўлік Здор, сын камандзіра апалчэнцаў, жыве на другім канцы вёскі. Ён старэйшы за нас з Санькам гады на два, перад вайной скончыў пяць класаў. Паўлік дужы, каржакаваты, хутчэй за ўсіх бегаў, далей за ўсіх ныраў. Хлапчукі з яго вуліцы хадзілі за ім гужам.
Читать дальше