– Правільнае і вельмі своечасовае рашэнне, таварыш Пранік, – зніякавела адказаў Баян.
– З камуністычным прывітаннем, дарагія таварышы. Канец сувязі.
Дрыготкія рукі чакістага прыўзнялі скураное сядзенне. Эбанітавая скрынка рацыі заняла належнае месца ў тайніку побач з крамлёўскімі пляшкамі і ладным брыкетам буйных банкнотаў, загорнутым у газету “Звязда”.
– Што ты так расхваляваўся? – знізаў плячыма кіроўца. – Спадзяюся, твой капэзэбовец усё правільна растлумачыў таварышу Сміту-Весону: схованка пад балотнай купінай, гумовы мех і вялікі амерыканскі самохуд. Хіба ў гэтых мясцінах можа трапіцца другі амерыканскі аўтамабіль?
Магутны даўжэзны “Студэбекер” упэўнена прасаваў гасцінец. Шырокія колы калаціліся на камянях брукаванкі. Сонца крышылася ў бакавым шкле, і Хросны павярнуўся да дзвёркі спіной.
– Ой, дзядзька, я ж назвацца забыўся, – кіроўца добразычліва падаў руку, – Янка я. Янка Лабановіч. Не чуў? Пачуеш яшчэ. Мяне нават у Амерыцы кожны сабака ведае.
– Хросны, – уцякач з Бярозы-Картузскай са шчырай павагай паціснуў шырокую далонь.
Кіламетраў дзесяць ехалі моўчкі. Абапал гасцінца блішчэла збожжа ў яснай далі, сінелі міла васількі. Былы чыкагскі бутлегер асцярожна касавурыўся на маладога кіроўцу і прыкідаў ягоную вагу ў беларуска-амерыканскіх мафіёзных колах. Сам Лабановіч амаль не зважаў на позіркі пасажыра, насвістваў “Янкі дудль” і раз-пораз садзіў па рулі кулаком, нібы біў у лыч.
Нечакана ў перспектыве брукаванкі з’явіўся нейкі шляхотны легкавік. Хросны абачліва схіліў голаў, прыкрыў твар далонню і асцярожна глянуў на гасцінец скрозь пальцы. Насустрач нахабна гнаў доўгі лакіраваны “Пакард”. Сонечныя прамяні зіхотка адбіваліся ад срэбнай крылатай фігуркі на нікеляваным радыятары. За лабавым шклом прамалёўваліся нейкія нетутэйшыя пысы.
– Яшчэ адзін амерыканец, – пракаментаваў Лабановіч.
– У Амерыцы на гэткіх карах адно мудзілы і ездзяць, – пасміхнуўся Хросны, бо згадаў, што менавіта на “Пакардзе” выправіўся ў свой апошні шлях да закінутых бойняў чыкагскі шэрыф. – Ды не бачыў я ў нашай Амерыцы такога самохуда, – крыху здзівіўся Янка. – А вось мудзілы не зводзяцца.
Хросны падазрона зірнуў на кіроўцу:
– Не бачыў, дык не бачыў… Бывае. Дарэчы, а дзе ты ў Амерыцы атабарыўся?
– Як табе, дзядзька, растлумачыць? Ля самага сіняга возера. Іх там тры. Вось шкада, назву забыўся, але тое возера самае вялікае.
Уцякач з Бярозы-Картузскай скасавурыўся:
– Дзіўна, што назву згадаць не можаш.
– Я ж у той Амерыцы зрэдку бываю. Бізнес у мяне там, ну і… пара дзевак, вядома ж. “Студэбекер” праехаў мост. Халодным срэбрам ззялі хвалі між камянёў ліючайся ракі. На мастках вясковыя маладзіцы, стоячы рачкі, пралі бялізну.
– А дзе ты, дзядзька, па-ангельску намайстрачыўся гаварыць? – пацікавіўся Янка Лабановіч, разглядаючы ў аўтамабільным люстэрку вабныя жаноцкія постаці.
– Мне мудрасці кніжнай не даў лёс пазнаці, мой бацька не ведаў раскошаў такіх, – паэтычна ўхіліўся ад прамога адказу Хросны і пазяхнуў. Ён не спаў больш за суткі. Доўгая дарога, мяккае сядзенне, утульная кабіна і аднатоннае шаргаценне колаў міжволі закалыхвалі. Жахлівая Бяроза-Картузская імкліва аддалялася. Уцекача хіліла ў сон. Да таго ж беларускі мафіёзі канчаткова пераканаўся, што новы знаёмец і ёсць тым самым “янкі з Чыкага”, які мусіў яго падабраць.
– Дарэчы, а за што ты мудзілаў у Амерыцы збіў? – былы вязень спагадліва паглядзеў на перабінтаваную руку кіроўцы.
– А хіба мала таго, што яны – мудзілы? – шчыра патлумачыў Янка, – колькі можна чакаць міласцяў ад прыроды? Ніхто нам, беларусам, не дасць рады, хіба што мы самі сабе. Бярэш кій, і…. Дзядзька Хросны, ну ты мне вось шчыра скажы: ці маю я права зламіць мудзілу хаця б адну руку?
– Маеш! – не вагаючыся, азваўся беларускі мафіёзі. – …ключыцу і пяць рэбраў, – задуменна прымружыўся Лабановіч.
Хросны памаўчаў, разважаючы.
– Так, – вырак ён сур’ёзна, – безумоўна, ты маеш права зламіць мудзілу хаця б адну руку, адну ключыцу і мінімум пяць рэбраў.
– …сківіцу, лытку… – засяроджана працягваў Янка.
– М-м-м… магчыма. Што-небудзь яшчэ?
– …і адбіць копчык! – нарэшце скончыў кіроўца.
– Ды я проста ўпэўнены ў тваім праве скалечыць любому бездухоўнаму мудзілу хаця б адну руку, адну ключыцу, пяць рэбраў, сківіцу, лытку і, вядома ж, адбіць копчык!
– Я так і думаў! – шчыра ўзрадваўся Лабановіч.
– Толькі чаму ты такі брутальны? Няўжо жыццёвы досвед такім зрабіў? – пазяхнуў былы палітвязень.
Читать дальше