ну, у мяне ёсьць пуза, самае сапраўднае, і зьявілася яно не раптоўна, а праз адмысловы лад жыцьця, нягледзячы на капаньне гародаў, догляд газонаў і зрэдчас спорт: ровар, баскетбол, футбол. і раней я жартаваў, што апошні месяц як гадую свайго дзіцёнка – бочку піва, хутка ў радзільню ехаць. а цяпер ужо не жартую, бо, на вялікі жаль, любое пуза мяняецца, і калі раней маё было пукатым і сьмешным ды, як любяць з гонарам і жартам казаць украінцы – «вось маё піва, вось мая баба і вось маё пуза», то цяпер пра апошняе я бяз гонару неяк… выглядае яно азызлым і сумным. што рабіць з пузам? дакладна не ад’ядаць яго яшчэ большым, яно ж расьцягваецца, але і худнець неяк ня хочацца, бо я бачыў на ўласныя вочы, як аднойчы адзін зь мясцовых рэзка схуднеў і, пакуль мы зь ім пілі гранёнымі шклянкамі занадта салодкі, але звышмоцны сідар, ён мне паказаў, што зь ім сталася, і я называю гэта – скураны фартух, бо так і ёсьць, пуза, якое хутка схуднела, ператвараецца ў вісячую скуру, акурат ніжэй чэлеса, а мужчынскія грудзі, якія вісяць, – брыдкасьць неверагодная.
і я вось стаю каля яблыні, сарваў самы сакавіты на выгляд яблык і сумна яго жую, бо на сёньня нічога, акрамя яго, надышоў час худнець, нават нягледзячы на тое, што ўсё павісьне і я буду падобны да старога шарпэя, я павінны гэта адолець хаця б нават дзеля вопыту і новых пачуцьцяў, бо кажуць, што галадаць – гэта прыемна, гэта такі своеасаблівы акт мазахізму.
гэта здарылася на трэцім курсе вну. восеньню. увечары дзесяць аднагрупнікаў і аднагрупніц вырашылі паехаць у клюб «Бабілён» выпіць, патанчыць і скарыстацца сваімі знаёмствамі з адміністратарам, каб трапіць у vip-пакой.
п’ем, жартуем, сьмяемся, танчым… недзе так а дванаццатай я наперапісваўся смскамі да сустрэчы з адной прывабнай сяброўкай і вырашыў зьехаць з агульнай п’янкі. выклікаў таксоўку і накіраваўся да выхаду.
трэці паверх, я па лесьвіцы ўніз. другі паверх, на лесьвіцы стаіць нейкі хлопец і палівае прыступкі і парэнчы мачою. я абураюся і валю яму ў твар ды ганю ўніз, да выхаду, не даючы яму скончыць сваю гнюсную справу… хлопец п’яны, хоча штосьці сказаць, але я ўжо ў таксоўцы.
на наступны дзень раніцай я, вядома, прачынаюся не ў сябе, прымаю душ, кідаю ў пусты страўнік бутэрброд зь сёмгай, і на разьвітаньне яшчэ раз – сэкс.
па дарозе на лекцыі, якія вельмі дарэчы пачынаюцца а другой, я набываю колькі бутэлек піва, сабе і падзяліцца з маімі ўчорашнімі сабутэльнікамі.
прыяжджаю і нікога не знаходжу, дзіўна! пачынаю назвоньваць, адзін не адказвае, другі скінуў, яшчэ адзін таксама скінуў уваходны званок… падняла толькі Яна, адразу паслала мяне на хуй і скінула.
я пачынаю турбавацца, штосьці тут ня так, што гэта мяне ўсе ігнаруюць?!
на лекцыі не іду, дапіваю ўсё піва і зьяжджаю з рога ўнівэра да сяброўкі па новую порцыю каханьня.
і толькі праз два дні я даведваюся, што ўсе мае аднагрупнікі, якія так файна пілі са мною ў «Бабілёне», той ноччу трапілі ў бальніцу. бо хлопец, якому я ня даў спакойна дассаць на лесьвіцы, быў зь сябрамі і прывёў іх да аднагрупнікаў – помсьціць за маё нахабства.
зьбілі ўсіх, нават дзяўчат. я ледзь пад зямлю не праваліўся, ня ведаў, як буду глядзець у вочы кожнаму, хто празь мяне так пацярпеў! але мінуў час, раны загаіліся, сінякі зьніклі, і вось мы ўжо ўсе на курылцы жартуем, што варта было б усім зьбітым сабрацца і пабіць мяне, начнога героя, ворага ўсіх сцыкуноў! я сьмяюся, але разумею, што калі мяне сапраўды зьбяруцца біць, я буду толькі рады, каб неяк аблегчыць цяжар віны на сэрцы.
кожны можа ўспомніць першую п’янку, калі табе пад – наццаць, жыцьцё толькі пачынаецца, але патрабаваньні да яго празьмерныя. у нас быў аднаклясьнік, які на ўсё пагаджаўся, асабліва на вечарынкі і гулянкі ў ягонай кватэры. бацькі займаліся фірмовай касмэтыкай і разьяжджалі па Беларусі з сэмінарамі, таму наш аднаклясьнік часта заставаўся самотным у вялікай трохпакаёўцы з новым рамонтам і цудоўным мэблевым абсталяваньнем.
можна і самому прыходзіць, і сябровак прыводзіць.
менавіта ў нашага аднаклясьніка на кватэры адбылася першая грандыёзная папойка. і перад пачаткам гісторыі застаецца толькі дадаць, што дом пяціпавярховы, аднаклясьнік жыў на пятым паверсе, а нашая аднаклясьніца-завучка – на чацьвертым.
і вось яна, кульмінацыя вечару, п’яны аднаклясьнік вось-вось пачне ванітаваць на новае паласавае пакрыцьцё, мы яму крычым, каб рабіў гэта толькі ня ў цэнтры пакоя, і ён, ледзь трымаючыся на нагах, акуратна ванітуе ў далонь, акуратна падыходзіць да расчыненай форткі ды акуратна распыляе па вакне, столі і суседняй сьценцы сваё «багацьце». потым двойчы паўтарае свае маніпуляцыі… ад такога ўбачанага мой сябра падрываецца з канапы ды імчыць двума скокамі да форткі, каб усё зрабіць вонкі, але не далятае літаральна якіх дзесяць сантымэтраў і ванітуе між дзьвюх вокнаў, робіць ваконны акварыюм са сваімі жыхарамі: кавалачкамі агурка, шампіньёнамі і квашанай капустаю.
Читать дальше