васьмібітны чалавек мае роўна восем рысаў. ён размаўляе кароткімі, вельмі кароткімі сказамі, мае адзін погляд на жыцьцё, чытае толькі кнігі пра мянтоў, ходзіць толькі адной дарогай: дом – праца – крама/бутэрбродная – дом, п’е і есьць толькі тое, што звычайна, і нічога іншага альбо новага не дадае. васьмібітны чалавек глядзіць толькі адзін тэлеканал і чытае толькі адну газэту, мае адно меркаваньне пра будову сьвету, як і шануе толькі аднаго прэзыдэнта. васьмібітны чалавек жыве ў краіне, дзе канстытуцыя і законы ўсё яшчэ захаваныя на дыскеце.
старажытныя габрэі дакладна ведалі, што калі ў чалавека зьнікае цень, то жыць яму засталося ня больш за трыццаць дзён.
нас было чацьвёра, і мы зьбіраліся кожны першы дзень месяца толькі дзеля адной мэты – адмерыць цені. мы прыкручвалі да швабры ліхтарык, уключалі яго і спрабавалі зрабіць так, каб на ўсіх нас аднолькава сьвяціла, каб нашыя цені з аднаго боку падоўжыліся.
мінулым разам у аднаго з нас цень быў удвая карацейшы, той адмахваўся, казаў, што мы ня так сьвецім і кпім зь яго, але мы хутка пачалі піць і забыліся на наш сьмешны рытуал.
празь месяц мы сустрэліся ўжо ўтрох, але ніхто нават і не прапанаваў ізноў памераць цені… глупства ўсё гэта…
* * *
Міхась – самы нармальны й адэкватны чалавек на плянэце, з адной ненармальнай рысай: ён зьбірае пылавых трусочкаў. бывае, месяц не мяце падлогу, а потым зазірае пад ложак, а там яго ўжо чакаюць колькі мяккіх, пухнатых камячкоў, ён іх акуратна дастае, дае ім імёны й рассаджвае ў розныя месцы кватэры.
*** ёсьць штосьці дзікае ў тых, хто любіць разглядаць свой кал, ну сапраўды, раней па ўсім сьвеце выраблялі такія ўнітазы, на якіх спачатку зьбіралася ўсё, што выйшла з арганізму, а потым змывалася, цяпер, вядома, усё трапляе проста ў ваду, але засталіся яшчэ тыя кватэры, дзе ўнітазы прымушаюць цябе спачатку паглядзець на гэты сумнеўны цуд, а ўжо потым зь ім разьвітацца.
*** я ня думаю, што гатовы пра гэта гутарыць, я шмат пішу, але ніводнага разу не закрануў вайну між Украінай і Расеяй, і гэта таму, што я баюся даведацца, што на гэты конт думаюць мае сябры й сваякі, бо я ўпэўнены – мне давядзецца рэзаць процьму нітак, якія даўно ўжо нас усіх зьвязалі.
але каму патрэбны швэдар адносінаў зь дзіркамі й трыкалёрнымі заплаткамі?
калісьці я працаваў з тэкстамі цягам гадзінаў, плённа, безь перапынкаў, ня меў іншай працы, акрамя літаратурнай, і бачыў, што ўсё заканчваецца, яшчэ колькі месяцаў – і мне трэба будзе вяртацца да рэальнасьці, і я разважаў, што, калі б мне далі дватры гады проста спакойна пісаць, я б далёка пайшоў. аб’ектыўна: мне хапіла шасьці месяцаў, каб падрыхтаваць падмуркі адразу трох кніг, якія пазьней будуць напісаныя.
калі я вучыўся ў вну, разам зь сябрам мы марылі аб тым, каб апынуцца ў зачыненым пакоі альбо, што не істотна, аднапакаёўцы: ёсьць вялікая бібліятэка, кухня, ванны пакой, раз на тыдзень табе прыносяць ежу, няма інтэрнэту і тэлевізара, ёсьць лэптоп, каб пісаць, і калекцыя фільмаў самых каштоўных для цябе рэжысэраў. плян такі – не выходзячы з кватэры, пакоя альбо дому, на працягу года пісаць і па выніку ацаніць свае здольнасьці.
і ў мяне было шэсьць месяцаў, амаль зьдзяйсьненьне мары, і тады, за мяжою, я пабачыў, што здольны сам сябе ўражваць.
цяпер у мяне такія ж самыя задачы – маёнтак, далячынь, гарод, наліўкі, прырода, але пакуль што роўна палова мяне адсутнічае, працуе недзе далёка, ня можа проста так усё кінуць і жыць за кошт творчасьці, бо тут гэта – галодная сьмерць.
што прымушае творцу пісаць на мове, якую ведае абсалютная меншасьць?.. возьмем, да прыкладу, Шалом-Алейхема альбо Мойхер-Сфорыма, якія пісалі на ідыш, альбо нават зьвернемся да беларускай мовы, бо ў любым з выпадкаў ідыш і беларуская маюць аднолькавую прапіску… гэтае жаданьне ўзбагаціць культуру той ці іншай краіны праз стварэньне мастацкай адзінкі. гэтая шчырая ўпартасьць, якой ня знойдзеш сярод швайцарскіх літаратараў, якія жывуць у атачэньні чатырох дзяржаўных моваў і карыстаюцца толькі нямецкай, каб абхапіць як мага шырэйшую аўдыторыю чытачоў.
вось сапраўды пытаньне для творцы: ты хочаш падтрымаць сваю культуру альбо як мага хутчэй і вышэй узьляцець на алімп бэстсэлераў? ты хочаш, як некаторыя мастакі, пісаць толькі паводле сваёй задумы і, нікуды не сьпяшаючыся, гнуць сваю лінію да той пары, пакуль яна нарэшце не праб’е ўсе магчымыя і немагчымыя кардоны, альбо ўзяць сваю карціну, стаць на яе нагамі і чакаць на беразе акіяну патрэбную хвалю ангажэмэнту?
Читать дальше