сэкс, мастурбацыя, увогуле ўсё цялеснае і датычнае чалавечага задавальненьня займае спрэчнае месца ў творчасьці. гэта як натхніцца жаночым абліччам ды напісаць верш і адначасова быць няздольным накрэмзаць нават сваё імя пасьля мінэту.
няма нічога больш бессэнсоўнага, чым чалавечае стаўленьне да сэнсу жыцьця і сьмерці, бо жыцьцю нельга надаваць шмат сэнсу, а сьмерць ня трэба ўводзіць у стан сакральнага, паколькі жыцьцё ўжо само па сабе – дзіўны стан існаваньня на мяжы з абсурднаю «барацьбою» між тым, як знайсьці сябе і сваё месца, і новымі батончыкамі «сьнікерс»: «забі на голад: еш, глядзі футбол, пі піва».
калі сапраўды на гэтае жыцьцё паглядзець аб’ектыўна – мы існуем выпадкова, і нашыя сьмерці ня мусяць быць для нас чымсьці высокім і пампэзным. сёньня, напрыклад, жанчына памерла, бо карова, якую яна вяла дадому (дарэчы, незразумела, дзе яна яе вяла!) спужалася аўтамабільнай сыгналізацыі і штурханула сваю спадарыню, а тая ўпала і галавою ўдарылася аб машыну, якая была запаркаваная побач.
добра, а цяпер уявіце – нашыя дзяды вадзілі кароваў з пашы ў кардынальна іншых умовах: не было ніякіх сыгналізацый і дакладна немагчыма было ўпасьці ад таго, што цябе штурханула карова, калі ты яе вёў з лугу, дзе тая ела канюшынку, праз запаркаваныя машыны. і галавою акурат аб «фольксваген»…
а як людзі камэнтуюць такую сьмерць! – «тупая сьмерць», «сьмешна»… можна падумаць, яны тут усе на гэтай плянэце памруць пад фанфары ды з гонарам, і пры гэтым будуць выглядаць як валадары і анёлы.
усё падаецца сьмешным і зусім не патрэбным, калі спрабуеш паглядзець, як і што адбываецца навокал, напрыклад, вачыма майго сабакі Карнэля, для якога сусьвет – дасканала зразумелы, лягічны і прыўкрасны. і, калі я спрабую спасьцігнуць яго разам з Карнэлем, я адразу ўспамінаю словы аднаго выбітнага і амбітнага амэрыканскага стэндап-актора Джорджа Карліна аб тым, што, можа быць, сэнс існаваньня людзей у тым, што Богу быў патрэбны плястык? людзей ня стане, як бы яны ні паміралі – ад каровак, альбо ўпаўшы з ложка, з гонарам, аточаныя сваімі дзецьмі, альбо прыгожа праз каханьне, альбо зусім ніяк, бо іх заб’юць блізкія сябры, якім пра забойства казалі шэптам на вуха коткі або нарэзаны тонкімі скрылькамі сыр.
пасьля нас застанецца толькі плястык, які зямля ня здолее перастрававаць, а ўсё іншае – згарыць і згніе на гэтай сьвятой і трывушчай Зямлі.
раніца, стаю каля кухоннага стала, усе вокны і дзьверы наросхрыст, раблю ў задушлівым доме скразьняк, пакутую на алергію – пух паўсюль, і ад яго я нікуды не падзенуся, можна, вядома, падпаліць купку белай ваты, назапашанай у куце, але ёсьць вялікая верагоднасьць, што і сам сябе спалю. я на кухні, чакаю кавы й мажу чорны хлеб цёмным паштэтам, і выгляд гэтага паштэту выклікае ў маёй памяці мае асабістыя жыцьцёвыя няёмкасьці, якія я стараюся ніколі не забываць і не паўтараць, але, вядома, калі аб чымсьці рупліва дбаеш, не прыкмячаеш, як гэтае нешта і парушаеш.
у школьнай сталоўцы нам заўсёды давалі катлеты, чорны хлеб і кампот, дзяўчаты гэта ня елі, а хлопцы ўміналі порцыі за іх. пякотка – самае лепшае, што з намі здаралася пасьля сьняданку ў школе.
вось я ў школе каля стала, перада мною паднос са школьным «пайком», я бяру адну катлету, кладу яе на хлеб і адпраўляю ў рот… і… трэба ж было гэтаму здарыцца, акурат у гэты момант я чыхаю, і з майго носа на самаробны бутэрброд, вылятае густая, тугая, празрыстая сапля і падае на катлету, і я, аўтаматычна яшчэ, зьбіраюся есьці і кусаю ўвесь гэты выбуховы складнік у руцэ.
аднаклясьнікі ня проста сьмяяліся – яны рагаталі… дзяўчаты адварочваліся й прыкрывалі свае вусны далонькамі, адсоўвалі свае кампоты… і, каб удакладніць, як мне было няёмка, дадам толькі, што гэта была старэйшая кляса.
Вацлаў пачаў блытаць цёплае зь мяккім. дакранецца да імбрыка, а той – мяккі, паднясе да твару падушку, а тая – цёплая. здавалася б, гэта ніяк не магло паўплываць на яго жыцьцё, але справа ў тым, што праз гэтую дробязь, праз гэтую сьмешную акалічнасьць ён стаў непадобным да іншых – у яго зьявілася па шэсьць пальцаў на нагах і скура страціла валасы, стала абсалютна чыстая і гладкая, як у дзіцяці. і калі ён кідаў лёд у кубачак з гарбатаю, ён хацеў, каб тая стала цяплейшай, і піў ён кіпень з-пад крану, і таму твар у яго быў чырвоны-чырвоны… Вацлаў больш не карыстаўся мяккай туалетнай паперай, бо тая для яго была зусім ня мяккаю, і еў ён толькі халодную ежу, бо тая падавалася цёплаю, і спаў ён днём, і пачаў жыць далёка ад людзей.
Читать дальше