– Ваша вялікасць, уся розніца паміж аптымістам і песімістам палягае ў прапанаванай імі даце канца свету.
– Няблага сказана. Зрэшты, гэта не мяняе сутнасці справы. Калі твае рукапісы сапраўды за мяжой, значыць, у цябе з’явіўся замежны чытач. Тым лепей. Выдатнае пацверджанне поспехаў айчыннай літаратуры. Я падпішу ўказ пра тваё узнагароджанне сёння ж.
Пісьменнік па-ранейшаму выглядаў спакойным. Хваляванне выдавалі толькі крыху больш звычайнага падціснутыя вусны. Ён, відаць, зразумеў, што час для жартаў вычарпаны.
– Але я магу не з’явіцца на цырымонію ганаравання. Будзе скандал.
– А мне да фені. Ды ніякага скандалу і не будзе. Наша газета надрукуе ўказ і паведамленне, што ордэн уручаны непасрэдна ў палацы. У цёплай, амаль сямейнай абстаноўцы. Ты сказаў спіч з падзякаю ўраду і асабіста каралю за клопат пра нацыянальную літаратуру. Mundus vult decіpі, ergo decіpіatur. Свет хоча быць падманутым, дык няхай падманваецца. Пра тое, што не паспеў я выйсці адліць, як тыпачаў не без узаемнасьці клеіць маю жанчыну, я загадаю не пісаць…
Келіх у руках у жаравалосай затрымцеў, і колькі кропляў праліліся на белы настольнік, стварыўшы на ім мудрагелісты відарыс, што нагадваў нейкае знаёмае сузор’е.
– Вось яна, удзячнасць падданых! – з удаванай скрухаю прамовіў кароль. – Я лічыў яе найлепшым доказам таго, што жанчыны маёй краіны – найпрыгажэйшыя ў свеце. Яе вейкі былі для мяне крыламі вачэй, а вусны – сцежкаю ў Эдэм. Я называў яе ўвасабленнем жаноцкасці і вернасці. Аказалася ж, што па сумяшчальніцтве – гэта ўвасабленне здрады. Падыдзі сюды…
Жаравалосая прыгажуня наблізілася да манарха, аднак спынілася за плячыма ў пісьменніка.
Але кароль як быццам ужо забыўся пра яе існаванне. Ён пакалупаўся срэбнай лыжачкай у вазачцы з вяршкамі і загаварыў пра іншае:
– Ты не ўлічыў аднаго, пісьменнік. Калі я казаў пра вашае падабенства з каралямі, я ані не крывіў душой. Але мы, каралі, маем справу з рэальнымі людзьмі. А вы, пісьменнікі, – з народжанымі вашай фантазіяй фантомамі. А нейкі ёлуп яшчэ назваў вас інжынерамі чалавечых душаў. Гэта мы – інжынеры чалавечых душаў. Было забаўна назіраць, як ты намагаешся выслізнуць… Але я высакародны і літасцівы манарх. Апрача ордэна я ўзнагароджваю цябе яшчэ і гэтай жанчынаю. Забярэш яе з сабой. У жылах у яе продкаў не было блакітнае крыві, але трахаецца яна як каралева. А калі згадаць нашу нябожчыцу каралеву, – кароль тэатральна ўзвёў вочы ўгору, – то непараўнальна лепей…
Пісьменнік падняўся.
– Я не дазволю казаць пра жанчыну ў такім тоне!
– Спакойна, пісьменнік, – стомлена прамовіў кароль. – Ты ж не хочаш, каб заўтра ў сталічнай каналізацыі знайшлі свежанькі труп маладой прыгажуні. Пагатоў калі яна трахаецца як каралева, – з відочным задавальненнем паўтарыў ён. – Вось бачыш, не хочаш. І я цябе разумею. Такія экземпляры – наш нацыянальны скарб.
Жанчына прыціснулася да пісьменніка. Той абняў яе за дрыготкія адкрытыя плечы.
– Мне няма чаго сказаць вам, ваша вялікасць. Апрача таго, што… Вы ведаеце, кнігі, як і дзеці, нараджаюцца ў пісьменнікаў ад жанчын. Мы можам ісці?
– Ідзі і памятай, што ты як адзіны наш пісьменнік і адзіны кавалер ордэна Белай Мышы, – заўсёды пад маёй апекаю і абаронай.
– А яна? – пісьменнік узяў жанчыну за руку.
– А яна – пад тваёй. Ты ж моцны. У нечым ты амаль роўны каралю. Але ёсць і розніца. Кароль можа паклапаціцца пра пісьменніка лепей, чым пісьменнік пра караля. Ты памятаеш, што адказаў гішпанскі кароль на пытанне французскага калегі пра тое, як маецца Сервантэс?.. Ідзіце з Богам.
Застаўшыся адзін, манарх з хвіліну пасядзеў у задуменні, потым са смакам з’еў персік і выклікаў да сябе шэфа службы бяспекі.
Чалавек з абліччам сямейнага доктара-эпікурэйца ўжо чакаў за дзвярыма. Ён паставіў каля каміна дзве скураныя валізкі, выцягнуў нататнік і падрыхтаваўся да нечарговага даклада, ды кароль рухам рукі спыніў яго.
– Пісьменнік жыве адзін?
– Але.
– Гэта добра. Калі чалавек пазбаўлены сямейнае мітусні, ён засяроджваецца на вечных праблемах. Між іншым, цырымонія ўзнагароджання ўжо адбылася. Заўтра ў газеце з’явіцца паведамленне. пісьменнік выступіў з узнёслай прамоваю.
– Не зрабіць гэтага было б вяршыняю няўдзячнасці, – імгненна знайшоў патрэбны тон шэф бяспекі.
– Пагатоў атрымаўшы да ордэна дадатак ў выглядзе былой каралеўскай наложніцы. Зрэшты, табе ўжо далажылі. Сядай.
Кароль наліў суразмоўніку віна і падсунуў талерку.
Читать дальше