– Ваша вялікасць… – загаварыў пісьменнік, нічым не выяўляючы згоды.
Кароль папераджальна падняў руку.
– Больш ні слова! З твайго дазволу я на хвілінку адлучуся. Улічы яшчэ тую акалічнасць, што найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода дасць табе магчымасць выдаць свае кнігі.
Калі дзверы за манархам зачыніліся, пісьменнік цераз стол паслаў жанчыне красамоўны позірк, у якім адбівалася цэлая гама эмоцыяў – ад непрыхаванага захаплення да спадзявання на параду.
Жаравалосая неяк няпэўна пахітала галавою, што можна было трактаваць і як засцярогу, і як заахвочванне. Пасля гэтага маўклівага дыялога пісьменнік падняўся і, зрабіўшы некалькі крокаў, працягнуў ёй сваю візітоўку.
– Як вас завуць?
Ён хацеў сказаць штосьці яшчэ, але жанчына прыклала палец да вуснаў і, хутка схаваўшы візітоўку, паказала пісьменніку вачыма на ягонае крэсла. Той ледзьве паспеў сесці і ўзяць у рукі келіх, як у дзвярах з’явіўся гаспадар.
– А вось і я! – весела абвясціў ён, памахваючы мабільным тэлефонам. – Вы тут не сумавалі? Як справядліва казалі ў часы Тамаша Аквінскага, а таксама і значна пазней, solus cum sola non cogіtabuntur orare «Pater noster» ( Застаўшыся сам-насам, ён і яна не будуць чытаць «Ойча наш» ). Хоць вы мяне зарэжце, люблю лаціну. Яснасць думкі, чаканнасць фразы… А дзе, дарэчы, наш дэсерт?
Расчырванелы пахолак, намагаючыся не сустрэцца вачыма з гаспадаром, паставіў на стол садавіну і высокія крышталёвыя вазачкі з узбітымі вяршкамі.
– Пайшоў прэч! – загадаў кароль. – На кухню!
Ён уладкаваўся ў крэсле, зрабіў добры глыток віна і працягваў, нібыта і не пакідаў залі:
– Той філосаф, з якім мы абмяркоўвалі праблемы жыцця і смерці, чамусьці лічыў, што смерць – субстанцыя сіняга колеру. А бывала, ён наогул пачынаў гаварыць гатовымі афарызмамі. Як гэта?.. Нават перапраўляючыся цераз Стыкс, людзі баяцца патануць. Нядрэнна, га? А ты, пісьменнік, не баяўся б, праўда?
– Што вы хочаце гэтым сказаць, ваша вялікасць?
Пісьменнік не мог не бачыць, што ўсё аблічча жаравалосай выяўляла трывогу.
– Ды так, успомнілася… Аднойчы ён пайшоў з сябрам у лазню… Цікава, да чаго гэта на ноч успамінаюцца філосафы…
Кароль яшчэ раз адпіў з келіха і без прыкметнай сувязі з папярэднім прамовіў:
– Часам трэба стаць Кантам дзеля бюста якой-небудзь бландзінкі. Альбо Гегелем дзеля дупці якой-небудзь брунеткі.
Наступныя словы таксама сведчылі, што думка манарха рухалася пакручастым і цяжка-вытлумачальным шляхам.
– Скажы, пісьменнік, у цябе ёсць жонка?
– На жаль…
– На жаль, ёсць ці, на жаль, няма?
– Мне ўзгадваецца старая сентэнцыя. Дрэнная жонка – не прычына філасофіі. Дрэнная жонка – яе вынік. У мяне жонкі ніколі не было. Магчыма, таму, што я не філосаф.
– А як наконт дзяцей? Дзеці ў цябе ёсць?
– Напэўна, ёсць.
– Ах ты, стары сатыр! – ухвальна зарагатаў кароль. – Як гэта пісаў хтосьці з вашае братыі: ведае дам і верыць у іх прызначэнне. – І адразу, зноў парушаючы логіку размовы, пацікавіўся: – А ты выпадкова не заходзіў па дарозе сюды ў WC?
– Як мне памятаецца, не, – адказаў пісьменнік. Ён кінуў позірк на жанчыну і, заўважыўшы ў яе вачах вясёлыя агеньчыкі, заахвочана прадоўжыў:
– А што, ваша вялікасць, там захоўваюцца нейкія дзяржаўныя таямніцы?
– Там з’явілася налепка. Уяві, што ты сеў на ачко, узняў вочы, а насупраць – твой партрэт з ідыёцкім надпісам: «Рукі прэч ад нашых дзяцей!» Пляваць я хацеў на іхніх дзяцей!
Кароль асушыў келіх, не прапаноўваючы зрабіць гэта і пісьменніку, але той самахоць узяў гаспадара за прыклад. Пасля пэўнай расслабленасці з жартоўнаю, як здавалася, пікіроўкаю атмасфера за сталом відочна змянілася, што пацвердзіў і голас караля, які, не ўважаючы на выпітае, загучаў зусім цвяроза – цвёрда і нават жорстка.
– Значыцца, так. Рады паведаміць, што ў цябе з’явіўся чытач. Я папрасіў шэфа бяспекі зірнуць, што ты там папісваў у стол. З гэтага вынікае, прынамсі, адно: фармальную прычыну тваіх сумневаў мы ліквідавалі. Прапаную тост за твайго чытача і твой ордэн!
Жанчына цалкам ператварылася ў слых.
Тым часам пісьменнік ані не сумеўся, а, наадварот, выглядаў нават чымсьці задаволеным.
– Магу прыняць прапанову толькі часткова.
Кароль ускінуў вочы і затрымаў келіх каля вуснаў.
– Я прадбачыў такое развіццё падзеяў, ваша вялікасць. У гэты момант маe рукапісы ўжо за мяжой. пісьменнік можа не мець чытача, але мець адданага сябра.
– О! Адданы сябар – гэта бясцэнны капітал, – іранічна прамовіў манарх. – А ты, бачу, непапраўны аптыміст.
Читать дальше