Інэса ўсё больш пераконвалася ў тым, што адукацыя для яе ня мае значэньня, тое, што выкладаецца – багна, сапраўдная беларуская рэалістычная багна, яна яшчэ ў падлеткавым узросьце спасьцігла ўсё, што ёй карцела спасьцігнуць, і рухалася ў сваім накірунку, эвалюцыянуючы не паводле праграмы, падпісанай Міністэрствам адукацыі й катэдраю ВНУ, але паводле свайго ўласнага досьведу, выкопваючы з глыбінь букіністычных пакояў кнігарняў свой непаўторны сьвет жыцьця. Інэса ўсё часьцей лічыла сваім самым блізкім чалавекам Яна, хаця бачыла, што Вітаўт спрабуе завязаць зь ёй больш шчыльныя сяброўскія стасункі, а Гэня трымаецца паасобку, прыводзячы на агульныя вечары розных маладых дзяўчат. Кампанія дзіўна глядзелася звонку: Інэса з двума дзецьмі, Вітаўт са сваімі спаленымі рэчамі, Ян, падобны да рыбы, заўсёды з кнігамі ў руках, і Гэня, які, здавалася, яшчэ крыху – і выбрыкне штосьці вар’яцкае… Часам да іх далучаліся Валя й Мікіта.
Іх кампаніі раней сапраўды не хапала жаночага пачатку, занадта шмат было мужчын, але ўсё гэта лёгка вырашаў Ян, прыводзячы часам кагосьці, альбо Вітаўтавы прыхільніцы, салодкія, заварныя дзяўчынкі, напханыя вяршкамі ведаў: першымі радкамі вядомых паэтаў, першымі сказамі зь вікіпэдыяў, і далей ані кроку, а потым “вумныя” дзяўчыны альбо гублялі інтарэс да кампаніі й гутаркі й сядзелі, пуста ўсьміхаліся – ім хапала першых хвілінаў размовы, бо потым вельмі хутка высьвятлялася, хто чаго варты.
Да Інэсы аднойчы прыехаў Юрка: чорныя боты, трэніровачныя штаны, спартовая куртка, валасы “пад машынку, толькі чубчык пакіньце”, скасабочаны твар, неахайна паголены, з рота нясе гарэлкаю.
“І вось гэтае чмо – бацька маіх сыноў?!” – Інэса спужалася, Юрка ўпершыню стаяў перад ёю як чужынец, і яна магла аб’ектыўна на яго глядзець, Ён быў быццам бязь лішняга нанаснога цыбулевага шалупіньня й рэзаў вочы. Толькі ягоная сутнасьць, толькі корань, самае істотнае, што раней хавалася ад большасьці жанчын, калі яны абіралі сабе мужчын.
Гэта была субота, вечар, якраз надышла чарга прымаць сяброў у кватэры Інэсы. Юрка не пасьпеў як мае быць зайсьці ў кватэру, павітацца, як яго заўважыў Гэня, які выходзіў з прыбіральні, абціраючы мокрыя рукі аб швэдар, лыпаючы чырвонымі, шалёнымі вачыма.
– Інэс, гэта хто?
– Гэта Юрка, Гэнь… Але ты толькі ня злуйся!
Гэня быў неспартовым чалавекам, ён за ўсё жыцьцё толькі ў сярэдніх клясах на фізкультуры напружваўся, але яму ўдалося схапіць Юрку за шыю й сьціснуць яго галаву пад пахаю. Потым Гэня двойчы з разьбегу ўдарыў паголеную пад машынку макаўку аб шафу, якая стаяла ў калідоры, пакінуўшы дзьве ўмяціны на дзьвярах. Свабоднаю рукою адчыніў наросхрыст уваходныя дзверы й штурхануў цела на лесьвіцу. Юрка шпарка паляцеў праз пралёты, беспасьпяхова спрабуючы схапіцца за парэнчы.
Наступным днём на Інэсу варожа глядзелі бабулькі, называючы яе няўдзячнай ды прастытуткай, бо яе хахалі пабілі ейнага роднага мужа, які паўночы прасядзеў каля пад’езда, плачучы й скуголячы, пакуль яго не забралі ў малпоўню.
Паветра
Гісторыя зь Юрам ня мела больш працягу. Усё скончылася праз два месяцы, калі Інэса, прыехаўшы разам зь Янам у сваю вёску, адшукала сьпітага мужа й сілаю адвяла яго ў раённы суд, дзе ім падпісалі развод: “не сышліся характарамі”. І ўсе ведаюць, што, калі вельмі, то бок настойліва, жадаеш, ніхто стандартныя тры месяцы на “паразважаць” перад разводам не дае. Так і разышліся, як сышліся – імгненна, хутка, у адначасьсе.
Сьвяткаваньне свабоды, прынамсі па пашпарце, пачалося ўжо на зваротным шляху ў Менск: Ян вёў сваю напаўзгнілую бэжавую капейку, Інэса піла шампанскае, скраем вока паглядала на Яна, сьмяялася. Дзяўчына ехала свабоднаю й закаханаю, жывою й шчасьліваю, яна цяпер марыла, каб усе прыметнікі абмежаваліся Янам…
Паветра
На пытаньне “Як пражыць адной зь двума дзецьмі” Інэса ніколі не магла даць празрыстага адказу, ёй самой здавалася, што яна жыве па нейкай містычнай інэрцыі, якую немагчыма прадказаць, немагчыма прадпісаць і сплянаваць. Яна жыве, як паветра, як сьвежы вецер, гайдае галінкі, варушыць лістоту, гуляецца ў кутах дамоў.
Інэса, здавалася, лёгка знаходзіла выйсьце, здавалася, не заўважала праблем… За тры гады ў Менску яна пасьпела зьмяніць пяць кватэр, тры працы й адно паліто, яе дзеці пабывалі ў дзьвюх ясьлях, дзякуючы маці й нянечцы навучыліся ангельскай мове, крыху чытаць і лічыць… Дзеці былі падобныя да кветачак: маленькія, яны чапляліся сваімі пялёсткамі за маці й празь яе цягнуліся вышэй, да промняў сонца.
Читать дальше