Не стаў рваць ніткак, развязаў, няспешна разгарнуў тканіну.
Пацямнелы ад часу ланцужок (можа, срэбны) і на ім – з таго ж металу шасціканцовая кветка, пялёсткі якой загіналіся ў адзін бок так, што востры канчарык аднаго злучаўся з сярэдзінай наступнага, быццам круцілася колца.
Затахкала сэрца, ад хвалявання задрыжэла рука. Уладзімір нечакана для самога сябе хутка разгледзеўся, пацікаваў на бакі – ці не бачыць хто? Чаму ён так устрывожыўся, што было незвычайнага ў знойдзеным – Уладзімір не разумеў. Але як збоку нехта нашаптаў, аднекуль з’явілася веданне, што срэбная кветка на ланцужку – зусім няпростая.
А можа, яму карцела знайсці тут, у сваім колішнім доме, хоць у апошні момант нешта такое, што б падказала, параіла, памагло адшукаць адказ на такое простае і няпростае пытанне: што рабіць далей, як жыць і навошта?
Ён вагаўся толькі момант – не ў кішэню ж класці знаходку, калі яна з’явілася на белы свет. У кішэні – смецця і пацярухі поўна, яшчэ згубіш, а тут такое ўсё чыстае, хоць пралежала… колькі гадоў? Пяцьдзясят, здаецца, казаў стары Мірон.
Цераз галаву надзеў на шыю ланцужок, адчуў, як халодны метал кветкі дакрануўся да гарачага цела.
І нешта адбылося.
Раптам стала зразумела, што яму няма чаго рабіць на сваім папялішчы. Апошняе, што абавязаны быў зрабіць тут Уладзімір – гэта адшукаць срэбную кветку на ланцужку. І што трэба не расцягваць на невядомы час свой пабыт у вёсцы, а ехаць. Ехаць і шукаць адказы… бо тут ён нічога не знойдзе.
Бліжэй да вечара каротка пікнуў тэлефон – прыйшла СМС-ка. Думаў, звычайная рэклама ад аператара, але паведамленне было ад Алены. Прачытаў прадбачанае: “Цябе чакаць?”.
“Патэлефанаваць не магла? – нечакана разабрала прыкрасць на жанчыну. – Зараз яшчэ пачнецца гульня ў цыдулкі…”
Націснуў выклік, пачакаў. Калі Алена адказала, упікнуў:
– Што, сучасныя тэхналогіі вядуць рэй? Тэлефанаваць складаней, чым літаркі набіраць?
Ён і сам не чакаў, што ў ім з’явіцца вось такі паблажліва-павучальны тон. Збіраўся ж казаць іншае – што сёння будзе да самай цемры, бо трэба кончыць да заўтра, каб ехаць… Яму трэба ехаць.
– Не, я баялася, што голас задрыжыць, – ціха і вінавата адказала Алена – куды толькі падзелася яе ўчорашняя бестурботнасць і смеласць?
– З чаго яму дрыжаць? – здзівіўся Уладзімір.
– Потым скажу… як прыедзеш.
– Я тут доўга збіраюся быць… працы шмат.
– Ты еў што? – клопат умомант прагнаў Аленіну няёмкасць.
– Палуднаваў, што ты збірала…
– Што там было есці… Я прынясу зараз. І Алена адлучылася.
Уладзімір сеў. Закурыў. Металічная (усё ж срэбра, падумаў Уладзімір) кветка на грудзях, як жывая, казытала цела сваім халадком. Ён асцярожна прыціснуў яе да грудзей і здзівіўся яшчэ болей: яна заставалася халоднай, нібы во зараз дасталі аднекуль з пограба.
“Значыць, так трэба”.
Алена прыйшла за хвілін дваццаць, з клуначкам, задыханая.
– Навошта ты? – мякка ўпікнуў яе Уладзімір. – Не надта ж галодны.
– Да цёмнага яшчэ чатыры гадзіны, – адмахнулася Алена, пачала даставаць прынесенае, стаўляць проста на траву.
Уладзімір, пачуваючыся трохі ніякавата, апусціўся побач, нават прылёг на бок, з задавальненнем выцягнуў ногі.
– Ну вось, зараз будзе на вёсцы размоў… І чаго ў цябе голас мог дрыжаць? – запытаў, няўклюдна жартуючы.
Алена прыпынілася, ціха сказала:
– Еш…
Памаўчала, счакала, пакуль Уладзімір не пачаў даставаць з літровіка смажаную бульбу, і яшчэ цішэй стала казаць са штучнай жартаўлівасцю:
– Не думала ніяк… А тут узяла слухаўку табе патэлефанаваць і уявіла, як ты мне скажаш: “Пайшла нахер, трахайся з кім хочаш”. І зразумела, што калі пачую нешта такое, то не вытрымаю – загалашу, завыю сучкай. Ведаеш, я не плакала вельмі даўно. Вось уначы ўчора плакала, сама здзівілася, падушка ўся мокрая была, гэтулькі слёзаў сабралася. Ды во не ўсе, мабыць. Так мне страшна стала… адной у хаце. Сумна-сумна…
Уладзімір адчуў, як скура на грудзях датыкаецца да нечага цёплага, зірнуў долу – можа, з відэльца ўпаў кавалак бульбіны… Не было ніякага кавалка, і было дзіўна, бо цяпло нібыта ад самога позірку толькі ўзмацнілася, амаль пякло ўжо, хоць трымаць можна.
– Хто цябе зацугляў? – спытала Алена, вачыма паказала Уладзіміру на грудзі, і ён, перавёўшы свае вочы за яе позіркам, зразумеў, што цеплыня ідзе якраз ад дзіўнай кветкі ў яго на грудзях.
– Сам зацугляўся, – памарудзіўшы, адказаў Уладзімір, дакрануўся да кветкі і ўпэўніўся, што яна сапраўды цёплая, бадай што гарачая. З чаго яна так угрэлася? Дзіўна… – Гэта маё… – дадаў ён, – ну, накшталт спадчыны. Знайшлося.
Читать дальше